Вы тут

Дзед і махляр


Дзед і махляр

Кітайская народная казка

Шмат гадоў таму жыў у адной правінцыі хітры махляр. Ён займаўся тым, што хадзіў па вёсках і варажыў сялянам на картах, і тыя давалі яму за гэта то кукурузу, то рыс. Але махляру гэтага было мала, і ён вырашыў прыкінуцца сляпым, каб усе яго шкадавалі і дарма кармілі.

Так і зрабіў. І ніхто б, напэўна, не здагадаўся, што сляпы зусім не сляпы, а відушчы махляр, але здарылася аднойчы наступнае.

Ішоў неяк махляр цераз незнаёмае поле, і раптам грымнула навальніца. Парасона ў яго не было, а струмені дажджавой вады так і хвасталі махляра па твары.

Убачыў ён пасярод поля будан і закрычаў:

— Дапамажыце сляпому! Дайце прытулак ад непагадзі!

А ў будане жыў вартаўнік, які ахоўваў кукурузнае поле. Пачуў вартаўнік просьбу мінака, выглянуў з будана і паклікаў:

— Ідзіце сюды, шаноўны! Перачакайце дождж у маім будане!

Дабраўся махляр да будана, прысеў бліжэй да жароўні з вуголлем і хутка абсушыўся, але дождж не сціхаў.

— О, які я няшчасны! — усклікнуў махляр. — На двары ўжо ноч, усе канавы і калдобіны запоўненыя вадой. А мне, сляпому, давядзецца ісці ў далёкую дарогу. О, каб вы дазволілі мне пераначаваць у вашым будане!

Вартаўнік быў добрым чалавекам. Ён пашкадаваў сляпога, разаслаў яму ў кутку цыноўку і накрыў яго сваёй коўдрай.

А калі гаспадар заснуў, махляр зашыў у край коўдры медную манету і пералічыў спіцы гаспадарскага парасона. На досвітку, прыхапіўшы з сабой і коўдру, і парасон, ён рушыў далей.

Прачнуўся вартаўнік і бачыць: сляпога няма, парасона няма, коўдры таксама. Кінуўся вартаўнік у пагоню, дагнаў злодзея ў бліжэйшай вёсцы.

Хоць і сярдзіты быў вартаўнік, але не хацелася яму сарамаціць пры ўсіх сляпога чалавека! І ён сказаў нягучна:

— Дзе ж тваё сумленне? Я прытуліў цябе ў непагадзь, аддаў сваю цыноўку, накрыў сваёй коўдрай, а ты за гэта мяне абакраў! Зараз жа аддай коўдру і парасон!

А махляр, замест таго каб пакаяцца і ціхенька пайсці, пачаў крычаць:

— Эй, добрыя людзі! Абараніце беднага сляпога! Гэты разбойнік хоча прысвоіць мае рэчы!

Тут ужо не вытрымаў і вартаўнік. Ён таксама пачаў крычаць і размахваць рукамі:

— Гэта ты ўкраў у мяне коўдру і парасон!

На шум збегліся сяляне і пытаюць:

— Аб чым спрачаецеся, што не падзялілі?

— Падумайце, — адказвае вартаўнік, — я прытуліў гэтага сляпога ад дажджу ў маім будане, а ён сцягнуў у мяне коўдру і парасон!

— Падманшчык! — закрычаў махляр. — Ніколі я не быў у ягоным будане! Ведаць яго не ведаю!

— Аддай мне мае рэчы, махляр!

— Гэта ты махляр!

Доўга слухалі сяляне іх спрэчку і ніяк не маглі вырашыць, хто з іх гаворыць праўду.

І раптам махляр усклікнуў:

— Зараз усе ўбачаць, што ты жулік! Калі гэта твой парасон, тады скажы, колькі ў ім спіц?!

— Не ведаю я, колькі ў ім спіц! — паціснуў плячамі вартаўнік. — Ды і навошта мне гэта ведаць?

— Ага, не ведаеш, таму што ты гэты парасон і ў руках ніколі не трымаў! — усклікнуў махляр. - А вось я ведаю: у ім роўна дваццаць спіц. Праверце, шаноўныя, ці праўду я кажу.

Пералічылі сяляне, і сапраўды — дваццаць спіц. Ні на адну больш, ні на адну менш.

А махляр далей пытае:

— А якія ў тваёй коўдры асаблівыя прыкметы?

— Ды ніякіх у яе прыкмет няма! — адказвае вартаўнік. — Коўдра як коўдра — і толькі!

— А скажы, што ў ёй зашыта? — не адстае махляр.

— Нічога ў ёй не зашыта! — у другі раз паціснуў плячыма вартаўнік.

— Ну, вось ты зноў папаўся! — усклікнуў задаволены махляр. - Цяпер ужо ўсе скажуць, што коўдра не твая.

І махляр паказаў сялянам зашытую ў край коўдры манету.

Раззлаваліся сяляне на вартаўніка, ледзь не пабілі яго. А вартаўніку і сказаць няма чаго. Зусім як у прыказцы: «І рот ёсць, ды нічога не вымавіш»…

Раптам з натоўпу выйшаў паважаны сівабароды селянін:

— Падыдзіце да мяне абодва!

Махляр і вартаўнік наблізіліся да яго.

— А ну, пакажы мне сваю коўдру, — загадаў ён сляпому.

Махляр закаціў вочы ўгору і пачаў мацаць вакол сябе рукамі.

— Небарака, ён зусім нічога не бачыць! — сказала адна жанчына.

— Толькі злы тыгр можа пакрыўдзіць такога безабароннага! — усклікнула другая.

Нарэшце махляр падаў дзеду коўдру.

З усіх бакоў разгледзеў яе шаноўны стары. Коўдра была вельмі прыгожая, таму што на ёй былі вышыты драконы, кветкі і птушкі.

— Якая ж гэта коўдра? — сказаў раптам дзед. — Гэта старая шэрая ануча, а не коўдра!

З гэтымі словамі ён кінуў коўдру на зямлю і пачаў выціраць аб яе ногі.

Тут махляр, забыўшы, што ён прыкінуўся сляпым, кінуўся да дзеда і залямантаваў:

— Што ты мелеш? Якая гэта ануча! Хіба ты не бачыш на коўдры двух жоўтых драконаў, тры блакітныя лілеі і чатырох ружовых папугаяў?

Дзеду толькі гэта і трэба было.

— Хе! Ды ты бачыш лепей за нас усіх! — усклікнуў ён. — А ну, сябры, пачастуйце гэтага махляра!

Тут сяляне схапілі падманшчыка і так адлупцавалі яго, што ён ніколі ў жыцці больш не падыходзіў нават блізка да гэтай вёскі.

 

Пераклад Міхася Пазнякова.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».