Вы тут

Турыстам у Беларусі паказваюць «заезджаныя» маршруты


Магчымасцю бязвізавага ўезду ў нашу краіну ўжо скарысталіся прыкладна восем тысяч турыстаў. За першы месяц бязвіза больш за іншых перасяклі мяжу грамадзяне Германіі 679 чалавек, другое месца ў палякаў 516 і замыкалі тройку лідараў 459 італьянцаў. Якія турыстычныя аб'екты прапануюць замежнікам у нашым аглядзе.


Па даных ТАА “Бизнес проектирование” ў мінулым годзе самымі папулярнымі турыстычнымі маршрутамі былі: Мір, Нясвіж, Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, замак у Лідзе, Брэсцкая крэпасць, Гервяцкі касцёл, Сафійскі сабор у Полацку, Траецкае прадмесце, Гомельскі палацава-паркавы комплекс.

Даследаванне спецыялістаў пацвярджаюць і сайты некалькіх турфірмаў: менавіта гэтыя маршруты яны і прапануюць. Урэшце, у партфелі адной кампаніі, якая займаецца ўязным турызмам, ёсць VIP-тур па самых “тусовачных” месцах Мінска. Турыста сустрэнуць на лімузіне, прапануюць шампанскае “Радзівіл”, цукеркі “Камунарка”, падораць кветкі. А потым — у рэстаран, начны клуб. Асобныя VIP пры неабходнасці могуць паміж мінскімі барамі ездзіць на лімузіне. Як растлумачылі ў турфірме, гэтая праграма разлічана на рускамоўных падарожнікаў. На іх, мабыць, разлічана і трохдзённая SPА-праграма ў адным з фешэнебельных клубаў за 550 еўра з даплатай за абеды і вячэры. Як растлумачылі ў турфірме, кожная праграма знаходзіць сваіх кліентаў. Аднак няўжо Мір, Нясвіж і бары — гэта ўсё, што можна паказаць у Беларусі?

А дзе хоць бы палац Пуслоўскіх і дом-музей Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве, куды ездзілі турысты з Польшчы, Літвы, Францыі і ЗША да ўсякага “бязвіза”; дзе палац у Жылічах, які цалкам можа супернічаць з нясвіжкім палацам, музей Клеафаса Агінскага ў Залессі, сядзіба ў Красным Беразе або музей Хаіма Суціна ў Смілавічах? І гэта не руіны, а адноўленыя будынкі і працуючыя музеі. Што ж датычыцца закансерваваных аб'ектаў, да якіх пакуль не дайшлі рэстаўратары, то гэты спіс вельмі вялікі, за кожным з іх захапляльная гісторыя, якая часам мела ўплыў на лёс Еўропы. Але няма іх у пераліку найбольш наведвальных месцаў. Крыўдна, але  ў гасцей можа скласціся ўражанне, што Беларусь — невялікая краіна, у якой усяго тры замкі і больш нічога цікавага.

Каб папрокі не былі галаслоўнымі, здзейснім віртуальнае падарожжа, напрыклад,  у Глыбокае і яго наваколлі. Касцёл і царква адно насупраць аднаго (а нярэдка і сінагога побач) — традыцыя рэлігійнай талерантнасці беларускіх мястэчак. У Глыбокім Троіцкі касцёл глядзіць на сабор Раства Багародзіцы, які да 1863 года быў касцёлам Успення Панны Марыі ордэна кармелітаў. Дарэчы, у 1812 годзе Напалеон атабарыўся ў манастыры. Згодна з легендай, імператар шкадаваў аб тым, што не можа ўзяць з сабой у Парыж глыбоцкі касцёл — вельмі ён яму спадабаўся. Дакладна такую ж легенду расказваюць у Вільні аб касцеле Святой Ганны.

Але вернемся ў Глыбокае, дзе захавалася нямала старых будынкаў, у тым ліку карпусы манастыра. Тут некалькі старых могілак, на адных з іх — мемарыяльная калона ў гонар канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Дарэчы, тут  можна знайсці магілу “таго самага” барона Мюнхгаўзена. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што менавіта там ён спачывае. Ва ўсякім выпадку, у горадзе ёсць яму помнік. І, вядома ж, знакамітая згушчонка ў крамах.

А праехаўшы трохі ад райцэнтра, трапляем у вёску Удзела. Яна добра вядома дзеючым манастыром францысканцаў і касцёлам. У адным з памяшканняў манастыра яго насельнікі з задавальненнем пакажуць батлейку. І трэба адзначыць, што на гэтым аб'екце турысты «завісаюць» надоўга.

Ёсць і іншыя цікавыя месцы вакол Глыбокага, напрыклад, вёска Мосар. Некалі ксяндзу Юозасу Бульку ўдалося зрабіць яе безалкагольнай, а ландшафтны дызайн, зроблены рукамі мясцовых жыхароў, натхняе беларускіх турыстаў фатаграфавацца, а потым казаць сябрам, маўляў, гэта я за мяжой быў. Пасля смерці ксяндза з алкаголем выйшла паслабленне, а вось парк, клумбы вяскоўцы падтрымліваюць у належным стане.

Ёсць у Беларусі і іншыя, не менш годныя, але не такія растыражаваныя мясціны. Аднак многія работнікі турсферы кажуць аб тым, што ў «тырлаўкі» турыстаў не павязуць, маўляў, там няма інфраструктуры. На самай справе за апошнія гадоў дзесяць інфраструктура значна палепшылася. І потым, чалавек, які сапраўды хоча пазнаёміцца з краінай, абавязкова сыдзе з пратаптанага турыстычнага шляху. Таму што гатэлі, рэстараны і афіцыйныя турысцкія аб'екты больш-менш аднолькава ўладкаваныя ўсюды. Акрамя прычэсаных аб'ектаў, цікава паглядзець на сапраўдную краіну. У рэстаран можна схадзіць усюды, а вось пакаштаваць дамашняе печыва або цукровую вату, прыгатаваную ксяндзом на святкаванні стагоддзя касцёла, паабедаць у рабочай сталоўцы і купіць дамашняга малака на рынку ў райцэнтры — вось гэта цікава і непаўторна для многіх турыстаў.

Па звестках дырэктара ТАА “Бизнес проектирование”, кіраўніка «Projekt hotel Belarus» Аляксандра Вераса, замежнікаў прыцягваюць такія напрамкі, як медыцынскі і аздараўленчы турызм, экалагічны, аграэкатурызм, дзелавы, рэлігійны і ваенна-гістарычны турызм.

Між тым у спісе прыярытэтаў няма вытворчага турызму, які паціху ў нас развіваецца. Напрыклад, Тураўскі малочны завод нават грошай не бярэ за экскурсіі.

Мінскі трактарны завод таксама прапануе экскурсіі на сваю вытворчасць. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што кошт экскурсіі па заводзе для замежнікаў — 9 рублёў з чалавека, а для грамадзян Беларусі — 5 рублёў.

Замежнікам было б цікава паглядзець на вытворчасць такога экзатычнага ў некаторых краінах прадукту, як зефір. Кажуць, што і фетравыя капялюшыкі цікавыя дамам з Еўропы. І трэба ўлічыць, што падчас такіх экскурсій звычайна кожны турыст што-небудзь ды купіць: хто на рубель, а хто і на дзесяць.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.