Вы тут

Пад назіраннем нарколагаў зараз знаходзяцца 15 тысяч непаўналетніх


Пад назіраннем псіхіятраў-нарколагаў зараз знаходзяцца амаль 15 тысяч непаўналетніх. Гэта тыя, хто не мае самой залежнасці, але дэманструе праблемныя паводзіны і мае павышаную рызыку стаць залежным ад тых ці іншых рэчываў. Прафілактычны ўлік такога кшталту ўключае непасрэдна назіранне ва ўрача і не цягне за сабой нейкіх юрыдычных наступстваў. Сіндром залежнасці ад алкаголю, наркатычных ці ненаркатычных рэчываў маюць 33 непаўналетнія.


Як адзначаюць у РНПЦ псіхічнага здароўя, у апошнія пяць гадоў гэтыя лічбы зніжаюцца. Рост адзначаўся толькі ў 2015-м за кошт усплёску распаўсюджвання спайсаў. Наогул, калі ў 2013 годзе 70 працэнтаў непаўналетніх ужывалі апіоіды, то ў 2014-м такіх было ўжо менш за 50, а ў 2015-м яшчэ менш. Сінтэтыка яшчэ застаецца папулярнай, а распаўсюджваецца з дапамогай інтэрнэту, аб чым добра ведаюць праваахоўнікі. Дзякуючы іх намаганням за два апошнія гады спынена дзейнасць больш як 200 інтэрнэт-магазінаў, з тэрыторыі Беларусі абмежаваны доступ да 41 сайта, заблакіравана амаль тысяча электронных кашалькоў.

Каля 75 працэнтаў навучэнцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі прайшлі псіхасацыяльнае анкетаванне, якое для шэрагу маладых асоб перарасло ў медыцынскае кансультаванне. У Віцебскай вобласці летась даследавалі 45 тысяч навучэнцаў, 712 з якіх аказаліся схільнымі да ўцягвання ў наркаманію і былі накіраваныя да спецыялістаў. Па Мінскай вобласці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі анкетаванне прайшлі 52 тысячы чалавек, а ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каля 8 тысяч. 280 чалавек у першым выпадку і 600 у другім аказаліся з высокай рызыкай фарміравання хімічнай залежнасці.

Ужыванне наркарэчываў часам пачынаецца з ужывання алкаголю, да якога ў нашым грамадстве ставяцца з вялікай талерантнасцю. Звыш 2 тысяч падлеткаў затрымліваюцца штогод за распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах, аднак тыя, каму менш за 16 гадоў, не нясуць адміністрацыйнай адказнасці. Летась звыш 1700 гандляроў і звыш 7,5 тысячы дарослых панеслі адказнасць за ўцягванне ва ўжыванне алкаголю непаўналетніх. Міністэрства ўнутраных спраў заклікае ўсіх грамадзян не праходзіць міма падобных выпадкаў, больш актыўна паведамляць аб іх.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пакуль не позна...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».