Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў нашай краіне Георге ХІААРЭ. Афіцыйная нагода — заканчэнне ў апошняга дыпламатычнай місіі. Тым не менш, як вядома, Прэзідэнт сустракаецца далёка не з усімі пасламі, якія завяршаюць працу ў нас. Толькі з тымі, што зрабілі значны ўнёсак у развіццё кантактаў, сувязяў паміж краінамі і народамі.
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што заўсёды на такіх сустрэчах прысутнічае доля суму. Сапраўды, многія дыпламаты за гады сваёй працы ў Беларусі зжыліся з краінай, людзьмі... Па словах Прэзідэнта, у Беларусі і Малдовы заўсёды былі добрыя адносіны:
— Я ведаю Малдову з тых часоў, як і вы яе ведаеце і памятаеце, — з савецкіх часоў. Гэта цудоўная зямля. Гэта вельмі цікавыя, прыгожыя людзі — добрыя, працалюбівыя. Малдова падобная эканамічна на нас. Мы ўсё зараблялі сваёй працай — і вы, і мы, і цяпер, і тады. Таму нам наканавана было жыць разам, сябраваць.
Кіраўнік краіны падкрэсліў: дзяржавы сябравалі і ў самыя складаныя часы.
— Думаю, малдаване ніколі камень у беларуса не кінуць, бо ў самыя складаныя часы мы працягвалі руку сяброўства. Нават калі, можа быць, рыначнікам гэта было нявыгадна, але мы жылі, як браты. І вы той Пасол, які менавіта зыходзячы з гэтай канцэпцыі будаваў свае адносіны з нашымі абласцямі. Таму мне, безумоўна, вельмі шкада, што вы з'язджаеце.
Кіраўнік дзяржавы выказаў спадзяванні, што Беларусь для спадара Пасла ніколі чужой не была.
— Вы павінны ведаць, што паміж Беларуссю і Малдовай — адкрытыя адносіны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Я катэгарычна супраць рознага роду бар'ераў, усё павінна быць адкрыта, мы павінны кантактаваць, давяраць адно аднаму. Нам з Малдовай няма чаго дзяліць.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі і Малдовы няма спрэчных пытанняў. Ён расказаў, што падчас нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Малдовы ў Бішкеку яны змаглі абмеркаваць многае, таму ў хуткім часе адбудуцца візіты ў Мінск Прэзідэнта і прэм'ер-міністра Малдовы.
Георге Хіаарэ паведаміў, што ў яго краіне вельмі добра ставяцца да беларусаў увогуле і да Прэзідэнта Беларусі ў прыватнасці. Дыпламат падкрэсліў: супрацоўніцтва паміж краінамі — як эканамічнае, так і гуманітарнае — знаходзіцца на самым высокім узроўні. Тым больш што зараз Малдова зацікаўлена ва ўзаемадзеянні з постсавецкімі краінамі, ёй цікавы і Еўразійскі эканамічны саюз, краінай-заснавальніцай якога з'яўляецца ў тым ліку і Беларусь.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.