Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Не ўсё купляецца...

Так атрымалася, што нейкi час я не толькi працаваў, але i падпрацоўваў — прарабам, на палову стаўкi, калi гэта наогул магчыма, бо пакруцiцца давялося на поўную: вавёрка ў коле — адпачывае, бо ёй што — носiцца, як дурная, у адным напрамку. А мне трэба было адначасова ў розных, бо там руберойд скончыўся, там — раствор не прывезлi, там цвiкi не той даўжынi...

Аднак найбольшай праблемай была для мяне адсутнасць крана. Здараецца, патрэбен ён на гадзiну-другую, а свайго няма. Значыць, мусiш iсцi на паклон на iншае прадпрыемства, прасiць спачатку начальства, каб дазволiла ўзяць (бо можа i не дазволiць), потым — угаворваць кранаўшчыка. Не за так, вядома ж. У якасцi аплаты абяцаў я ад пяцi да дзесяцi рублёў, якiя можна атрымаць у нашай касе такога i такога чысла...

Невялiкiя грошы, не адразу, але ж, як правiла, людзi згаджалiся.

Толькi аднойчы «кранавы» мне адмовiў. I як?

— Грошы на лапу, — сказаў цераз губу, — можа, тады i пагаворым.

I хоць бы спецыялiст быў... А то ж смаркач, можна сказаць: ад зямлi не адрос, кату па пяту, а ўжо — гляньце — «лапу» падстаўляе, грошы яму кладзi. А кукiш не хочаш?

Карацей, не вельмi дыпламатычна, але ж паслаў я яго куды падалей, сам крутнуўся ў iншае месца, пазычыў кран i на гэты прыкры выпадак, напэўна, забыўся б, але...

Глыбокай восенню таго самага года двое мужыкоў (бацька з сынам), выпiсаўшы для адчэпнага паперку ў калгаснай канторы, паехалi нарыхтоўваць дровы. I «пераблыталi» бедныя — не ў калгасны лес патрапiлi, а ў дзяржаўны. I пiлаваць там сталi не сушкi, а маладыя бярозкi.

«Выдала» гэтых гора-дрывасекаў iхняя бензапiла. Менавiта на яе «голас» з лесу выйшлi трое суровых мужчын у зялёнай форме, з цэшкамi на шапках.

Галоўным сярод iх быў я. А вось малодшым з гора-дрывасекаў...

Я вачам спярша не паверыў — той самы «кранавы»? Ды не можа быць?!

Але ж праўду кажуць, што гара з гарой не сходзяцца, а чалавек з чалавекам могуць... Нават у лесе — у адным з добрай тысячы (!) кварталаў, за паўсотнi вёрст ад райцэнтра! «Мiстыка нейкая, дзiва-дзiўнае!» — думаў я, пакуль разам з калегамi абмяралi пнi тых бярозак, пакуль «кляймiлi» iх ды запаўнялi бланк самавольнай высечкi, пакуль падлiчвалi суму страт. Таксы на самаволку былi ў той час не жартоўныя, а значыць сума «вымалёўвалася» досыць значная.

Урэшце паперу з ёй я падаў «кранавому»:

— Грошы, — сказаў, — на лапу райфiнаддзелу. Прычым сёння ж...

Хлопец, пачуўшы гэта, густа пачырванеў, нiжняя скiвiца адвiсла, але я не зважаў:

— А заўтра, — казаў яму, — з квiтанцыяй аб аплаце — у кабiнет дырэктара. Ён штраф выпiша.

...Карацей, нечаканая была «сустрэча». I не апошняя: пасля гэтага зводзiў лёс i ў горадзе: той дзяцюк, у прыватнасцi, не раз выручаў нас з кранам.

Але, што цiкава, папярэдняй аплаты болей не прасiў!

I. СIМАНЁНАК, г. Паставы


Саша, Сашачка, Сашуня...

Познiм вечарам на бязлюдным прыпынку стаялi дзве сяброўкi Таня i Маша. Яны чакалi свайго тралейбуса, каб даехаць дадому. Адкуль? Ды з парку, дзе ў выхадныя збiралася моладзь, каб патанцаваць, а можа, калi пашанцуе, сустрэць сваю палавiнку.

Дзяўчатам аднак не шчасцiла: не сустрэлi... Пакуль... Нават ахвотных праводзiць.

Стаялi ўдзвюх, маўчалi. Адкуль з'явiлiся два маладыя хлапцы, неяк не заўважылi.

А тыя адразу ж загаварылi, засмяялiся, сталi пра нешта пытацца. Маша кiнулася адказваць iм, Таня — маўчала. Ведала, што позна ўвечары ды на вулiцы лепш нi з кiм не звязвацца, не знаёмiцца, але ж хлопцы ўжо сказалi, што завуць iх Саша i Паша. Дзяўчатам таксама прыйшлося назваць iмёны. Прычым iншы раз, калi хлопец не падабаўся, Таня называла чужое iмя, не сваё. Гэтым разам чамусьцi сказала праўду.

Хутка падышоў тралейбус i высветлiлася, што iм па дарозе, бо жывуць яны па суседстве, у адным мiкрараёне.

Ехалi разам. Таня з Сашам стаялi побач i блiжэй да дома размаўлялi ўжо, як даўно знаёмыя.

Назаўтра яны сустрэлiся зноў i паслязаўтра таксама. Прычым на кожнае новае спатканне Таня ляцела нiбы на крылах, бо гэта ж да Яго, да Сашы, да Сашачкi. Яна ўжо казала яму, што гэта iмя — самае прыгожае ў свеце! (I зусiм не заўважала, што хлопец пры гэтым... бянтэжыцца, як быццам парываецца нешта сказаць i не кажа.)

Адкрыць таямнiцу дапамог выпадак. Аднойчы, калi закаханыя гулялi ў парку, нехта крыкнуў: «Мiша!» i... Саша тут жа азiрнуўся, а ёй потым сказаў, што гэта — «падпольная» мянушка.

Мянушка дык мянушка: Таня не надала б ёй значэння, але ж хутка хлопец прызнаўся, што ён сапраўды падманваў яе, што ён зусiм не Саша.

Дзiўна, але пасля гэтага i неяк адразу ўсё змянiлася: хлопец стаў не такiм, як быў, ён «пачужэў», аддалiўся. «Чаму? Што здарылася?» — пытала ў сябе дзяўчына i сама сабе гаварыла: «Нiчога... Ва ўсякiм разе — страшнага. Не трэба звяртаць увагi».

...Праз тры месяцы яны пажанiлiся, нарадзiлi i вырасцiлi дзвюх дачок. Ёсць што ўспомнiць, на што азiрнуцца. I ўбачыць, у прыватнасцi, што цягам сумеснага жыцця муж Таццяны ўзнiкаў перад ёй як бы ў двух «аблiччах». То быў добрым, ласкавым, уважлiвым... Акурат як некалi Саша, Сашачка. А то раздражняўся: без дай прычыны крычаў, папракаў, хамiў... Тады ён станавiўся Мiшам.

Калi азiрнуцца назад, то ўсе дзесяцiгоддзi Таня пражыла менавiта з iм. З Сашам — хiба дзянькi, хоць хацела, вядома ж, наадварот.

Т. ЧЭКЕД, г. Гомель


Прайграная спрэчка

...Гэтая тройца ўжо, вiдаць, неразлучная: Паша, Рома i Андрэй разам хадзiлi ў школу, разам, пасля службы ў войску, уладкавалiся на працу. Адзiн райцэнтр, адна i тая ж «фiрма»...

З часам гэтыя працаўнiкi пажанiлiся, пабудавалi жытло, падгадавалi малых, але ж сябраваць не кiнулi. Сем'ямi за адным сталом, праўда, не сядзелi, дзяцей адзiн у аднаго не хрысцiлi. Ды на гэта прычыны былi. Першая i не галоўная — жылi яны, мякка кажучы, паводдаль. А другая — жонак выбралi на дзiва розных. Паўлава — Таццяна — рэдкая дамаседка: ёй бы ў вольную хвiлiну шыдэлак цi кнiжку i «не кантаваць». Андрэева — Людмiла — наадварот — бiзнес-лэдзi раённага «разлiву», энергiчная, дзелавая: сёння ў Польшчы яна, заўтра — у Маскве, потым у Вiльнi. Усё тавары нейкiя вазiла ды потым прадавала. А вось Раманава, Зоя...

Зрэшты, пра яе якраз i гэта гiсторыя.

Значыць, была ў нашых сяброў даўняя звычка: праз пятнiцу пасля работы хадзiць у лазню. А пасля яе, кажуць, апошнiя кальсоны прадай, але чарку выпi.

Вось хлапцы i выпiвалi — па сродках, на траiх: то пляшачку-другую нейкага «пладова-выгаднага», то трохi мацнейшага, бо яно ж трэба i стрэс калi зняць, i пагутарыць шчыра...

Шкада, што жонкi iх не заўжды разумелi.

— Мая па нашых пятнiцах шумiць, ой шумiць, — паскардзiўся неяк Андрэй, заядаючы агурком чарговую чарку. — Крычыць: я кручуся, маўляў, часу не маю дух перавесцi, а ты па лазнях цягаешся!.. Але ж гэта без злосцi, бо Люда мая не дурная: ведае, што, пакуль яна па рынках матаецца, дом i дзецi на мне.

— I мая папiкае, — уклiнiўся ў размову Павел, — нават вершамi. Кажа: «Калi пятнiца настане, — мужа дома не застанеш»...

— А вось м-мая мне нiк-колi, нi с-слова, нi паў-с-слова! — горда страсянуў сваiм чубам Раман. (Ён найдрабнейшы быў у гэтай кампанii, а значыць, «касеў» першым i аж заiкаўся тады.)

— Хлусiш! — агурком папярхнуўся Андрэй.

— Каб Зойка ды змаўчала, — не паверу! — падтрымаў сябра Паша.

— Далi-п-ан не м-маню! — гарачыўся Раман. — М-маўчыць — як рыба аб лёд... Зуб даю!

— То ў заклад?

— У заклад.

— На што?

— На «Два буслы»... Да наступнай лазнi.

Хлопцы ўдарылi па руках i пасля «банкету» «павялi» Рамана дамоў: то-бок ён першым пайшоў, а яны — трохi паводдаль, назiркам i аж да самага дварышча. Там яны схавалiся за кустамi парэчак. I ўжо адтуль глядзелi, як Рома, хiстаючыся, дайшоў да ганка, як падняўся па прыступках, як тузануў за ручку дзвярэй, як, не адчынiўшы iх, нацiснуў на кнопку званка.

Амаль тут жа дзверы адчынiлiся, у праёме паказалася атлетычная, можна сказаць, нават барцоўская (у цяжкай вагавой катэгорыi) фiгура ягонай Зойкi. Паша з Андрэем ведалi, што яна загадвае складам, i з грузчыкамi там не цырымонiцца. А таму загадзя святкавалi перамогу — прадчувалi, што зараз выдасць Зоя, куды i якiмi словамi пашле свайго гаспадара.

На самай жа справе ўсё атрымалася зусiм не так: моцны i, вiдаць, даўно адпрацаваны хук злева моўчкi... падняў Рамана ў паветра, трохi патрымаў там i глуха апусцiў на траву ля Палканавай будкi. У той жа момант дзверы ў дом гучна зачынiлiся: Зоя, не сказаўшы нiводнага слоўца, знiкла.

Не паверыўшы ў гэта, Паша з Андрэем пераглянулiся, а потым цяжка ўздыхнулi: спрэчка была безнадзейна прайграная.

Алена НЕСЦЯРОНАК, г. Докшыцы

Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».