Вы тут

Прэзідэнты Беларусі і Украіны правялі перамовы


Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка сустрэліся ў гадавіну чарнобыльскай катастрофы.

Беларусь і Украіну звязваюць не толькі традыцыйныя эканамічныя, гандлёвыя адносіны. Дзяржавы звязаны — відаць, навек — агульнай бядой. Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі здарылася 31 год таму, але на ліквідацыю яе наступстваў патрэбны стагоддзі... Учора кіраўнікі абедзвюх дзяржаў наведалі сумна вядомы ва ўсім свеце Чарнобыль, а потым прыбылі на беларускую тэрыторыю — у вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.


Каб людзі жылі бяспечна

Тут Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка наведалі Свята-Міхайлаўскую царкву, дзе запалілі свечкі ў памяць ахвяр чарнобыльскай трагедыі і выступілі перад жыхарамі вёскі.

— Сёння для нашых народаў вельмі цяжкі, але памятны дзень, дзень з вялікім сэнсам, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Мы з Пятром Аляксеевічам пабывалі на чарнобыльскай станцыі, паглядзелі на тую грандыёзную работу, якая была здзейснена ўкраінскай дзяржавай разам з партнёрамі. Яны зрабілі ўсё для таго, каб мінімізаваць страшныя наступствы чарнобыльскай катастрофы. Мы глядзелі гэта збудаванне, пабывалі ў чарнобыльскіх рэгіёнах, абляцелі тыя землі, якія пацярпелі, паглядзелі на тыя вёсачкі, тыя дамкі, якія яшчэ засталіся ў гэтых, ужо таежных, можна сказаць, лясах чарнобыльскай зоны... Мы турбуемся, як аднавіць жыццё ў гэтых раёнах, каб людзі маглі жыць бяспечна, так, як жывуць вось тут, у гэтым цудоўным месцы.

Беларускі лідар расказаў, што яго ўкраінскі калега ўважліва глядзеў з верталёта на Ляскавічы. Вёска сапраўды выглядае вельмі прывабна — з якога боку ні паглядзі. Дарогі, па якіх сюды дабіраліся журналісты, па якасці мала чым адрозніваюцца ад магістраляў рэспубліканскага значэння. У вёсцы, якая мае статус аграгарадка, дагледжаныя дамы, ёсць школа і дзіцячы садок, для гасцей — атэль... А тут ім — асабліва турыстам — сапраўды ёсць на што паглядзець. Нездарма Прыпяцкае Палессе лічыцца адным з самых маляўнічых куткоў свету.

— Я не паспеў яму (Пятру Парашэнку. — Заўв. аўт.) сказаць, што першы раз, калі я сюды прыехаў, — гэта былі пяскі, бездарожжа, але самае страшнае было тое, што людзі ў мяне папрасілі хлеба, — прыгадаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Не хапала хлеба ў той час. Я даручыў вайскоўцам, каб яны неадкладна перакінулі палешукам кухні ваенныя, якія былі, якія выпякаюць хлеб. І калі я прыехаў праз два гады на палескую зямлю, людзі мне дзякавалі за тое, што кожны дзень могуць ужо пакаштаваць свежы хлеб. Сёння, безумоўна, жыццё іншае. Не без складанасцяў. Як палепшыць гэта жыццё, мы з Пятром Аляксеевічам будзем абмяркоўваць.

Па словах Пятра Парашэнкі, украінскі і беларускі народы цалкам унікальныя. Ён падкрэсліў: нам як зрэнку вока трэба берагчы гэты мір і гэтае сяброўства. 31 год таму планету пасцігла самая страшная тэхнагенная катастрофа за ўсю гісторыю чалавецтва. Украінскі Прэзідэнт упэўнены, што менавіта ўкраінцы і беларусы з дапамогай партнёраў па ўсім свеце не толькі абаранілі дзяржавы ад не вельмі мірнага атама, але і дазволілі нам праз 31 год прадэманстраваць рашучыя крокі па адраджэнні Палесся.

Як адзначыў Прэзідэнт Украіны, для таго каб народам жылося лягчэй, ужо прадпрымаюцца важныя крокі. Двухбаковы таваразварот за два месяцы бягучага года вырас на 40%. Украінцы набываюць беларускія харчовыя тавары, а таксама трактары, аўтамабілі, нафтапрадукты. Беларусы набываюць прадукцыю сельскай гаспадаркі, кармавую, хімічнай прамысловасці, чорнай металургіі. Пётр Парашэнка нагадаў, што, калі ў беларуска-ўкраінскім таваразвароце быў спад, прэзідэнты дамовіліся, што зробяць усё, што ад іх залежыць, каб узаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развівалася. Ён таксама паведаміў, што і паездкі з адной краіны ў другую будуць палегчаны. На яго думку, мяжа павінна быць сімвалам сяброўства і міру, таварыскасці і партнёрскіх адносін паміж нашымі краінамі.

Пазней падчас перагавораў з украінскім калегам у рэзідэнцыі «Ляскавічы» беларускі лідар заявіў: абедзве дзяржавы змогуць справіцца з існуючымі праблемамі дзеля дабрабыту сваіх народаў. Аляксандр Лукашэнка аргументаваў гэта ўжо згаданымі вышэй поспехамі ў галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У той жа час ёсць і пытанні, якія неабходна вырашыць:

— Спецыялісты і члены ўрадаў з намі. Мы гатовыя, абмеркаваўшы з вамі, прыняць пэўныя рашэнні. Хачу запэўніць: усе рашэнні, якія мы сёння з вамі прымем, будуць няўхільна выконвацца з беларускага боку.

Пётр Парашэнка канстатаваў, што на беларускіх землях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, устаноўлены высокія сацыяльныя стандарты.

* * *

Па выніках перагавораў з Пятром Парашэнкам Прэзідэнт Беларусі заявіў журналістам, што разам з пытаннямі пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзвюх краін было і эканамічнае супрацоўніцтва:

— Доўгія гады Украіна захоўвае за сабой статус аднаго з асноўных рынкаў збыту для беларускіх прадпрыемстваў, а Беларусь з'яўляецца рынкам збыту для ўкраінскіх тавараў. Мы, безумоўна, яшчэ далёкія ад ранейшых паказчыкаў, але ў 2016 годзе ўзаемны гандлёвы абарот вырас больш чым на 12% і склаў 4 мільярды долараў.

Сёння Беларусь — чацвёрты па значнасці партнёр Украіны. Па словах Прэзідэнта Беларусі, цяпер у суседняй дзяржаве працуюць — і паспяхова — зборачныя прадпрыемствы Мінскага трактарнага і аўтамабільнага заводаў, акцыянерных таварыстваў «Гомсельмаш», «Магілёўліфтмаш», здзяйсняецца сумесны выпуск камунальнай і пажарнай тэхнікі.

— Мы дамовіліся па-новаму паглядзець на вытворчую кааперацыю, актывізаваць працу па стварэнні новых сумесных вытворчасцяў у самых розных галінах эканомікі, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Забароненых тэм для нашых дзяржаў няма. Прыярытэтным павінна стаць узаемадзеянне ў прамысловасці, нафтахімічным комплексе, аграрнай і транспартна-лагістычнай сферах. Беларусь гатова павялічыць пастаўкі ва Украіну аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, угнаенняў і будматэрыялаў. У сваю чаргу, мы зацікаўлены ў закупках вырабаў з металу, прадукцыі раслінаводства і жывёлаводства.

Падчас перагавораў абмяркоўваліся і канкрэтныя праекты двухбаковага партнёрства. Урадам абедзвюх краін даручана максімальна эфектыўна выкарыстоўваць той інструментарый, які ўжо ёсць, для падтрымкі сувязяў паміж прадпрыемствамі Беларусі і Украіны, актывізаваць міжгаліновае супрацоўніцтва.

У гутарцы прэзідэнтаў, безумоўна, была закранута і сітуацыя на ўсходзе Украіны. Беларускі бок і надалей будзе рабіць усё неабходнае для ўрэгулявання канфлікту, каб брацкія народы жылі ў міры і згодзе. Беларускі лідар прызнаўся: яму не сорамна глядзець у вочы ні ўкраінцам, ні Прэзідэнту Украіны.

— У найбліжэйшы час пры садзейнічанні Міжнароднага таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Беларусь плануе накіраваць гуманітарную дапамогу насельніцтву Украіны, якое пражывае па абодва бакі ад лініі размежавання, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. — Падтрымаем самым неабходным, у чым маюць патрэбу людзі, — прадуктамі і сродкамі гігіены. Мы будзем працаваць у кантакце, каб знайсці самы кароткі шлях для таго, каб гуманітарная дапамога даходзіла да людзей і па адзін, і па другі бок барыкад.

Пётр Парашэнка, у сваю чаргу, запрасіў беларускага лідара здзейсніць афіцыйны візіт ва Украіну гэтым летам. Украінскі Прэзідэнт заявіў, што цяпер абодвум бакам трэба распрацаваць парадак дня і падрыхтаваць неабходныя дакументы, падпісанне якіх пашырыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Петрыкаўскі раён

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Разам па шляху адраджэння

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.