Вы тут

Тры драўляныя вежы ўзвядуць у Копысі


У Копысі будуць адноўлены элементы старажытных умацаванняў. Такое рашэнне прынята пасля таго, як у канцы 2016 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне добраўпарадкаваць левы бераг Дняпра — тэрыторыю насупраць Александрыі і так званы Пятроўскі вал. Навуковым кіраўніком работ зацверджана археолаг Вольга ЛЯЎКО. Яна расказала карэспандэнту «Звязды», што канцэпцыя аднаўлення распрацавана на падставе гістарычных картаў, знойдзеных у архівах, і матэрыялаў археалагічных раскопак.


План Копысі 1665 года.

— На гарадзішчы паставяць дзве драўляныя вежы, з боку Дняпра, — адзначае Вольга Ляўко. — Яшчэ адна вежа будзе стаяць унізе, пры спуску з гарадзішча. Акурат там, дзе праходзіла гарадская сцяна, — такім чынам візуальна пазначыцца яе кут. Дзеля таго каб атрымаць дакладнае ўяўленне пра тое, як выглядалі вежы ў той час, мы ўзялі матэрыялы віцебскіх каштарысных кніг 1665 года, якія даюць апісанне менавіта драўляных вежаў і збудаванняў у Віцебску таго ж часу. Гэта адзін рэгіён, агульная матэрыяльная культура, аднолькавыя прынцыпы будаўніцтва, таму мы ўзялі іх за аснову. Гістарычны план Копысі, які таксама датуецца 1665 годам, захаваўся і знаходзіцца ў польскім Кракаве. Мы яго атрымалі.

Ліцейная форма, знойдзеная на гарадзішчы ў Копысі ў 1980 годзе.

На археалагічных даследаваннях на тэрыторыі старажытнай Копысі даследчыкам вельмі пашанцавала. Яны знайшлі тое месца, дзе пачынаўся горад. Імі знойдзена вялікая колькасць маленькіх манет у 1—2 дынарыі — такія манеты, як правіла, адшукваліся менавіта каля ўязной брамы. Спецыялісты мяркуюць, што дробнымі манетамі расплачваліся пры ўездзе ў горад. Дарэчы, гэта ж месца пазначана і на плане. Тут плануецца зрабіць уязную арку і сімвалічны надпіс пра пачатак Копысі.

Брукаванка XVІІ стагоддзя.

Гэта не адзіная шчаслівая знаходка археолагаў. На самім гарадзішчы ў 2003 годзе, калі ішло добраўпарадкаванне, быў раскапаны ўезд, выкладзены брукаванкай. Сёння ёсць намер аднавіць брукаванку, якая была ў XVІІ стагоддзі. Цяпер там стаіць сімвалічная драўляная брама, але яе перарабляюць з новага матэрыялу. Будзе прыведзена ў парадак сама пляцоўка гарадзішча. Абазначаць і месца размяшчэння гаспадарскага двара (яно таксама вядома не толькі па матэрыялах інвентароў, але і па выніках раскопак).

Шурф, зроблены падчас раскопак 2003 года.

— Адметная пабудова Копысі — каплічка другой паловы XІX стагоддзя. Цяпер яна знаходзіцца на тэрыторыі вытворчага цэнтра, дзе робяць кераміку, — працягвае расказваць Вольга Ляўко. — У свой час Копысь славілася надзвычай таленавітымі майстрамі, якія рабілі кафлю. Іх вывезлі ў Расію падчас вайны 1654—1667-х гадоў. Нашы рамеснікі ўдзельнічалі ва ўпрыгожванні царскіх палат, розных храмаў на тэрыторыі Расіі. Кафлянае майстэрства было так моцна развіта ў Копысі, пачынаючы з часу сярэднявечча, што ў XVІІІ стагоддзі там працавала дзве мануфактуры па вырабе кафлі. Потым яны аб'ядналіся разам і ўтварыўся завод. На тэрыторыі завода, для рабочых, і была збудавана гэта каплічка. Гэта вельмі важная частка гісторыі. Але капліца дагэтуль не з'яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны. Я спрабавала высветліць, хто за яе адказны. Аднак мясцовыя ўлады спасылаліся на царкву. А ў царкве казалі, што ў іх падпарадкаванне каплічку не перадавалі. Яна застаецца безгаспадарнай! Варта дадаць, што мы правялі побач з ёй раскопкі і выявілі: акурат там было пахаванне.

Капліца, пабудаваная для кафляных майстроў.

Пры комплексным аднаўленні на шыльдзе з планам горада будзе пазначаны і так званы Пятроўскі вал — умацаванні, якія ўзводзілі ў 1707 годзе вакол Копысі і Александрыі. Пётр І спачатку пабудаваў там абарончыя ўмацаванні падчас вайны са Швецыяй, а калі давялося адступаць, Копысь спаліў.

— Копысь — гэта вельмі важны гістарычны цэнтр, вядомы з XІ стагоддзя, — тлумачыць Вольга Ляўко. — Там была памежная крэпасць Смаленскай зямлі на левым беразе Дняпра, гэтаксама як Орша была памежнай крэпасцю Полацкага княства насупраць яе на правым беразе Дняпра. А пазней — у XVІ, XVІІ і XVІІІ стагоддзях — існаваў Копыскі замак, і гэта тэрыторыя з'яўлялася прыватным уладаннем, належала Радзівілам, таму захаваліся некаторыя дакументы. У прыватнасці, план Копысі 1665 года. На ім абазначаны ўсе ўмацаванні як замкавай часткі (канструкцыі сцен і вежаў), так і ўмацаванні гарадской часткі, бо ў сярэднявечных гарадах, якія мелі пэўнае значэнне ў дзяржаве, акрамя замкавых умацаванняў, былі яшчэ ўмацаванні цэнтральнай часткі горада. Важна, каб пра такія маленькія, але лёсавызначальныя цэнтры Беларусі памяць захоўвалася і сёння.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Фарпост на беразе Дняпра

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.