Вы тут

У Мірскім замку працуе выстава, прысвечаная гісторыі Паўночных войнаў


Любую вайну можна перажыць. І вынесці з яе правільныя ўрокі. Пасля перамір'я прыходзіць прызнанне віны з аднаго боку і, з іншага, — дараванне. Следам за ім — цвярозае асэнсаванне мінулага з мэтай не дапусціць яго паўтарэння ў будучыні. Акрамя таго, вайсковая гісторыя можа шмат што нам расказаць пра мінулую эпоху. «Ultіma ratіo regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVІІ — пачатку XVІІІ ст.» — так называецца новая выстаўка, якая днямі адкрылася ў Мірскім замку. Гэта сумесны міжнародны праект музея «Замкавы комплекс «Мір», а таксама Музея Арміі Швецыі, Рэгіянальнага музея Біржайскага края «Сэла» ў Літве і Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.


Па­сол Шве­цыі ў Бе­ла­ру­сі Мар­цін Оберг быў ад­ным з тых,  хто ўра­чыс­та пе­ра­ра­заў чыр­во­ную стуж­ку з на­го­ды ад­крыц­ця вы­стаў­кі.

Арганізатары імкнуліся не толькі прадставіць беларускай аўдыторыі класічную гісторыю Паўночных войнаў, але перадусім гісторыю людзей, грамадства, тагачасных супольнасцяў, дзяржаў, ваеннай культуры і тэхналогій. Наведвальнікі экспазіцыі могуць уявіць, якім быў Мірскі замак і яго ваколіцы ў XVІІ — XVІІІ стагоддзях, а таксама азнаёміцца з гісторыяй тагачасных войнаў праз гравіраваныя партрэты і батальныя сцэны, планы і карты, медалі і манеты, гаспадарчыя рэчы, сцягі і прадметы раскошы, рэдкія артэфакты і шараговыя побытавыя рэчы.

— Гэта выстаўка — вялікі музейны праект трох краін — Беларусі, Швецыі і Літвы. Ён вяртае нас назад да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Швецыі. — падкрэсліў Пасол Швецыі ў Беларусі Марцін ОБЕРГ. — Відавочна, што адносіны паміж нашымі краінамі і народамі не заўсёды былі такімі сяброўскімі, як сёння. Эпоха Паўночных войнаў — таму пацвярджэнне. Сярод тагачасных вайсковых трафеяў шведскай арміі, якія мы прывезлі, — харугвы, зброя, медалі і многае іншае. Я вельмі рады, што гэтыя прадметы хоць бы на пэўны час вяртаюцца ў Беларусь... Шведы, натуральна, пакінулі вялікі след у гісторыі вашай краіны. Праз Полацкае княства праходзіў шлях з варагаў у грэкі. З даўніх часоў у вас захаваліся месцы з назвамі Шведы, Шведская Гара, Шведскі Курган, Шведскі Шлях. У Магілёўскай вобласці ёсць вёска Свенск, што ў перакладзе з маёй роднай мовы азначае «шведскі». І першы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў, якога я сустрэў у Мінску і які курыраваў адносіны са Швецыяй, быў чалавек па прозвішчы Швед. Гісторыя многаму вучыць, і, каб засвоіць яе ўрокі, для ўсіх нас важна памятаць, што адбывалася з намі раней. Як дыпламат, я вельмі рады, што з тых часоў нашы адносіны вельмі змяніліся ў лепшы бок, адбываецца шмат культурных паездак. Спадзяюся, наша супрацоўніцтва ў далейшым будзе толькі ўмацоўвацца.

Падрабязней пра экспанаты выстаўкі можна даведацца са спецыяльна падрыхтаванага каталога.

Танец у Партрэтнай зале Мірскага замка.

— Амаль два гады доўжылася праца па падрыхтоўцы сумеснай выстаўкі, — адзначыў дырэктар замкавага комплексу «Мір» Аляксандр Лойка. — Упершыню на тэрыторыі Беларусі прадстаўлены ваенныя харугвы з фонду Музея Арміі Швецыі. Асаблівае месца сярод іх займае чатырохметровая харугва гетмана Кшыштафа Радзівіла з выявай княскага герба.

«Ultіma ratіo regum» (назва выстаўкі і каталога, з якога можна даведацца пра экспанаты падрабязней) — гэта дэвіз, які змяшчаўся на французскіх гарматах у часы Людовіка XІІІ. З лацінскай мовы ён перакладаецца як «апошні довад каралёў». І довадам гэтым лічылася вайна. Выраз быў вядомы і шырока выкарыстоўваўся ў XVІІ — XVІІІ стагоддзях у многіх еўрапейскіх краінах, у якіх панаваў абсалютызм. Яскравым прыкладам вайны манархаў была Вялікая Паўночная вайна 1700—1721 гадоў, у якой адзін супраць аднаго ваявалі найбольш яркія ўладары эпохі: шведскі кароль Карл ХІІ, расійскі цар Пётр І і польскі кароль Аўгуст ІІ Моцны.

Шпо­ра з фон­даў му­зея  «Зам­ка­вы комп­лекс «Мір».

Пра тое, якім чынам на выстаўке адлюстравана вайсковая гісторыя тых часоў, расказаў кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікола ВОЛКАЎ (разам з Кірылам Карлюком яны з'яўляюцца куратарамі выстаўкі):

Куратар выстаўкі Мікола Волкаў.

— Па-першае, Мірскі замак — гэта вельмі сімвалічнае месца. У сярэдзіне XVІІ стагоддзя, пра якое вядзецца размова на выстаўцы, замак яшчэ выкарыстоўваўся як абарончае збудаванне Рэчы Паспалітай. А ў XVІІІ стагоддзі ён ужо страціў такую функцыю, і тады краіна стала фактычна «прахадным дваром». Гісторыя Паўночных войнаў нас шмат чаму вучыць у разуменні тагачасных палітычных і сацыяльных умоў. Па-другое, мы не папулярызуем войны як сродак вырашэння палітычных канфліктаў. Мы хутчэй праз праўдзівае паказанне тых жахаў, праз паўсядзённы побыт жаўнераў, які быў далёкім ад нейкіх пазітыўных рэчаў, хочам сфарміраваць антываенны пафас, каб да войнаў сфарміравалася негатыўнае стаўленне. Па-трэцяе, Рэч Паспалітая ваявала са Швецыяй, з Расіяй, аднак мы не імкнуліся сфарміраваць адмоўнае стаўленне да іншых удзельнікаў канфлікту, не думалі ствараць вобраз ворагаў, бо гэта вельмі дрэнна. Мы проста паказалі рэальную карціну, як усё выглядала ў тыя часы.

Руч­ная мар­ці­ра з фон­даў Му­зея Ар­міі Шве­цыі.

Парахаўніца з фондаў Музея Арміі Швецыі.

Урачыстае адкрыццё выстаўкі суправаджала музыка салістаў ансамбля старадаўняй беларускай музыкі «Вытокі» — фагатыста Аляксея Фралова, піяністкі Ірыны Аўдзеевай і скрыпача Алега Яцыны. Арт-дырэктар «Вытокаў» Аляксей ФРАЛОЎ адзначыў:

Салісты ансамбля "Вытокі": піяністка Ірына Аўдзеева, скрыпач Алег Яцына і фагатыст Аляксей Фралоў.

— Шведская музыка была не вельмі вядомай для беларусаў. Гэткай «terra іncognіta». Нездарма ёсць вядомая прымаўка: «Калі гучаць гарматы, музы маўчаць». Гарматы часта фігуравалі ў стасунках Вялікае Княства Літоўскае — Швецыя і Рэч Паспалітая — Швецыя. І не заўсёды толькі ў адмоўным сэнсе. Вядома, што Радзівілы, якія валодалі гэтым замкам, пэўны час мелі ў саюзніках шведаў пры вызваленні краю. Аднак музыка заставалася нечым невядомым. Толькі нядаўна беларуская музычная грамадскасць пачала яе засвойваць. У канцы мінулага года мы ігралі музыку геніяльнага шведскага кампазітара і скрыпача Тура Аўліна. А сёння, акрамя твораў гэтага аўтара, прагучыць і «Калыханка» Ёхана Хельміка Румана.

* * *

У Паўночных войнах Беларусь пацярпела каласальныя страты, апынуўшыся ў цэнтры супрацьстаяння буйных рэгіянальных дзяржаў. На шчасце, тыя страшныя падзеі не сцерлі наш народ і яго тэрыторыю з карты свету. «Усё пройдзе, пройдзе і гэта», — было напісана на пярсцёнку біблейскага мудраца Саламона. Але няхай войны застануцца толькі гісторыяй. Музейнымі прадметамі на чырвоным аксаміце, што ляжаць за шклом бліскучых вітрын. Магутнымі замкамі, якія ў наш час служаць не для абароны, а толькі як сведкі велічнага мінулага і перамог.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, Мір

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калі замаўкаюць гарматы і ажываюць музы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».