Вы тут

Лямпы на варце кашалька


Тыя, чыё дзяцiнства прайшло ў 90-я гады, памятаюць забаўны ролiк, якi трансліраваўся доўгi час па тэлебачаннi. Улюбёнец дзяцей, легендарны Паца-Ваца з планеты Альфамегацэнтаўра, заклiкаў эканомiць электраэнергiю, каб у бацькоў заставалiся грошы на цукеркi i марожанае. Хоць з тых часоў мiнула два дзесяцiгоддзi, але заклiк застаўся важным i дагэтуль.


На долю электрычнасцi ў агульнай суме ў жыроўцы прыпадае прыкладна 15—20 працэнтаў. I чаму ж не заплацiць за яе меней, калi ёсць такая магчымасць? На ўласным прыкладзе пераканаўся: замененыя 5 гадоў таму лямпы ўжо доўгi час пакiдаюць у нашай сямейнай кiшэнi штомесяц 4—5 рублёў. Зрэшты, аб усiм па парадку.

Дапамог крызiс...

Да 2011 года наша сям'я карысталася выключна лямпамi напальвання. Цана на электрычнасць была невысокая (архiў на сайце Мiнгарвыканкама падказвае, што 173 тагачасныя рублi), ртутныя энергазберагальныя лямпы каштавалi даволi дорага, а эпоха святлодыёдных свяцiльнiкаў толькi-толькi пачыналася. Усё змянiлася ў лiпенi 2012-га. Стала вядома, што кiлават рэзка падаражэе з 238 да 295 рублёў. I да таго ж пайшлi чуткi, што нiбыта ў краiне ўвядуць тры ступенi аплаты за электрычнасць. Такiм чынам пытанне, як сэканомiць, паўстала рубам.

Таму мы з татам адначасова замянiлi тады 13 лямпаў магутнасцю 75 i 100 ват на энергазберагальныя 20-ватныя вытворчасцi адной вядомай нямецкай фiрмы. Цана пытання была не такая i малая. У тыя часы лямпа каштавала 40 тысяч рублёў за штуку. Так, можна было знайсцi варыянты i танней, але не сакрэт, лямпы невядомых кiтайскiх вытворцаў мелi i маюць адпаведную якасць. А як гаворыцца, мы не настолькi багатыя, каб купляць вельмi танныя рэчы.

Нашы разавыя выдаткi склалi 520 тысяч — цi 52 рублi па-сучаснаму. Кропка акупнасцi для такой лямпы складала першапачаткова крыху больш за паўтары тысячы гадзiн работы. Здавалася б, шмат. Але гэтая лiчба рэзка зменшылася — ледзь не ўдвая. Паколькi iмклiвы рост тарыфаў на электрычнасць працягваўся (напрыклад, у жнiўнi 2013-га кiлават каштаваў ужо не 295, а 504 рублi), а iнвестыцыi ў новыя прыборы асвятлення ўжо былi зроблены, то менш чым за год пакупкi сябе апраўдалi. I пачалi прыносiць прыкметны прыбытак. Амаль за 5 гадоў карыстання ў нас згарэла толькi адна лямпа, ды i тое адбылося з-за частага ўключэння i выключэння. А спажыванне электрычнасцi ўзiмку ўпала са 180 кiлават да 140—150.

Але цяпер варта задумацца пра набыццё ўжо святлодыёдных лямпачак. Тым больш што тэмп росту iх кошту за апошнiя 7 гадоў куды меншы за падаражанне кiлавата. Кропка iх акупнасцi (калi замянiць 100-ватную лямпу напальвання коштам 80 капеек на аналагiчную 13-ватную святлодыёдную брэндавага вытворцы па цане ў 9—10 рублёў) знаходзiцца ўжо ў межах 1000—1100 гадзiн работы. Гэта максiмальны паказчык пры ўмове, калi вы не выйдзеце за лiмiт у 150 кiлават, пасля якога расцэнкi за электрычнасць становяцца даражэйшымi прыкладна на трацiну. I, канешне, калi ў вас дома стаiць газавая плiта.

Па цане святлодыёдныя лямпы не нашмат даражэйшыя за ртутныя энергазберагальныя (для якiх кропка акупнасцi i ўвогуле складае прыкладна 900 гадзiн з-за кошту прыкладна ў 7 рублёў i кошце кiлавата ў 12 капеек), а вось плюсаў маюць шмат. Па-першае, яны не баяцца частага ўключэння i выключэння. Класiчныя энергазберагальныя лямпы выходзяць са строю менавiта з гэтай прычыны. Менавiта таму iх не пажадана ставiць на кухнi цi ў санвузле.

Яны маюць i больш эстэтычны выгляд. Колбы такiх лямпачак вельмi падобныя на звычайныя. У той час як ртутныя лямпы прадстаўлены ў выглядзе «макароны» цi некалькiх панэляў, сагнутых лiтарай П.

Да таго ж звычайную люмiнесцэнтную лямпу проста так выкiнуць нельга: вытворцы дабаўляюць у склад люмiнафору пары ртуцi. Гэту тэхналагiчную асаблiвасць абысцi нiяк нельга. Святлодыёдныя лямпы такой хiбы пазбаўлены.

«Лямпачкi Iльiча» спiсваць яшчэ рана

Напрыклад, у ванным пакоi або туалеце час iх работы не такi i вялiкi. Так, канешне, можна набыць замест 60-ваткi 6-ватную святлодыёдную лямпу. Але ж параўнайце цэны: амаль 8 рублёў за святлодыёдную лямпу i 80 капеек за лямпу напальвання. Калi за 1 кiлават электраэнергii плацiць 11,92 капейкi, то атрымлiваецца, што кропка бясстратнасцi наступае толькi праз 1150 гадзiн работы. Таму калi нават карыстацца той жа ваннай у сярэднiм гадзiну на дзень, то вам спатрэбiцца больш за тры гады, каб выйсцi «ў нуль». Але да гэтага часу гарантыя на святлодыёдную лямпу ўжо скончыцца. Таму цi варта скурка вычынкi — вырашаць вам.

Праўда, дарагiя лямпачкi маюць усе шанцы акупiцца хутчэй. Не будзем забываць: плануецца, што ў 2018 годзе беларусы стануць аплачваць 100% камунальных выдаткаў. Значыць, зусiм не выключана, што кiлават можа падаражэць яшчэ...

Валяр'ян ШКЛЕННIК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: «А да вас завiтаў Паца-Ваца!», або Лямпы на варце кашалька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».