Вы тут

Чытачка Ніна Гапоненка: «Звязда» — крыніца аптымізму і даўгалецця


Наша пастаянная чытачка Ніна Дзянісаўна Гапоненка, пенсіянерка з вёскі Броннае Рэчыцкага раёна, нарадзілася на свет 90 гадоў таму. У той час яе бацька Дзяніс Кузьміч Самсонаў працаваў паштальёнам.


Таму, можна лічыць, з самага маленства яна пазнаёмілася з друкаванымі сродкамі інфармацыі, у тым ліку з адным з найстарэйшых выданняў краіны — нашай газетай:

— Інтарэс да газеты «Звязда» ў нас яшчэ ад майго бацькі — яму выданне было неабходна для працы. А потым муж — партыйны работнік — яго для работы выкарыстоўваў, каб палітінфармацыі праводзіць. Я ўсё жыццё была актывісткай і настолькі да яе прывыкла, што не магу жыцця ўявіць без «Звязды».

«Мой бацька дабіваўся, каб яго накіравалі на фронт. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ён быў начальнікам палявой пошты і прывозіў байцам доўгачаканыя лісты, якія нагадвалі пра дом і давалі ім сілы біць ворагаў», — так напісала ў сваім лісце ў рэдакцыю Ніна Дзянісаўна. Мы звязаліся з жанчынай і даведаліся яшчэ шмат цікавага.

Сталая жанчына за час, пакуль на пенсіі — а гэта 28 апошніх гадоў, склала радавод і дакладна ведае не толькі хто кім каму прыходзіцца, але і гісторыі асобных членаў сваёй сям'і:

— Я сама яшчэ многа памятаю і нешта, што датычыцца мужавай лініі, у сваякоў удакладняла. У майго бацькі было шэсць братоў, якія з дзяцінства засталіся сіротамі. Адзін з яго братоў быў удзельнікам і Грамадзянскай, і Айчыннай войнаў. У мяне бацька быў вельмі добры і культурны чалавек. У яго сям'я была рэлігійная. Дзядуля мой дапамагаў партызанам. Ён выратоўваў хворых, якія ў яго хаце ляжалі. Калі немцы зайшлі, ён казаў: «Тыф!» Тыя вельмі баяліся заразіцца і сыходзілі. Але ж урэшце яго забілі.

Па адукацыі і прызванні Ніна Дзянісаўна — фельдшар-акушэр. Успамінае, што ў вялікай (на той час) вёсцы Броннае штогод нараджалася каля 30 дзяцей. І ўсе яны праходзілі праз клапатлівыя рукі галоўнага медыка вёскі, бо неўзабаве яна ж узначальвала і ФАП.

З мужам Ірынеем Паўлавічам яны пажаніліся ў самым канцы 40-х гадоў, ужо пасля вайны. Ён працаваў на розных адказных пасадах. Быў старшынёй калгаса, сельсавета, у райкаме партыі. Спачатку, кажа жанчына, жылі і працавалі там, куды пасылала партыя, а потым аселі на радзіме мужа, у Бронным. Але ж яе кар'ера медыка пачыналася ў Драгічыне. Да гэтага часу яна памятае, як прыйшлося прымаць хуткія роды з ускладненнямі:

— У 1949 годзе гэта здарылася. За мной канём прыехалі, і я паехала замест урача, якога не было на той час. Мы цяжарную палажылі, дзіця нарадзілася хутка, але ў матулі пачаўся моцны крывацёк. Бачу, што сітуацыя крытычная, я нават рукі не паспела вымыць. Побач заў-
важыла бутэлечку-чацвяртушку з ёдам. Я ім вымыла рукі і пачала паслед аддзяляць. Зрабіла ўсё як трэба і ўрэшце выратавала жанчыну. Да вечара сядзела каля яе. У мяне быў ненармаваны працоўны дзень. Ноччу паднялі — ідзеш па выкліку. Я ведала, што могуць падняць у любы час сутак і трэба тэрмінова ехаць на дапамогу. У нас брамка ніколі не зачынялася. Людзі зойдуць на двор і крычаць: «Дзянісаўна!» Здарылася і так, што медпункт будавала. Калгас мне дапамог — даў спецыяліста па будаўніцтве, а я падрабязна ўнікала ў гэтую справу. Я ведаю, што нядрэнны след пакінула на зямлі.

На пенсію Ніна Дзянісаўна пайшла ў 63 гады. У яе 44 гады працоўнага стажу. Да таго ж увесь час жанчына была неабыякавай да ўсяго, што робіцца навокал. Таму і абіралі яе дэпутатам райсавета, сельсавета, узнагароджвалі шматлікімі граматамі і нават медалём «За працоўную доблесць».

Актыўная грамадская дзейнасць не перашкаджала выхоўваць сваіх дзяцей: двух сыноў Вілорыя і Генадзя і дачку Людмілу. Дарэчы, сёння ў яе пяцёра ўнукаў і чатыры праўнукі. Хоча пабачыць і прапраўнукаў. Да таго ж, гаворыць Ніна Дзянісаўна, сям'і прыйшлося перажыць страшнае гора. У аўтааварыі загінула першая жонка старэйшага сына:

— Так здарылася, што мне прыйшося выгадоўваць унука Руслана, які застаўся без матулі ў два гады. Таму я лічу яго сваім чацвёртым дзіцем. Хоць я заўсёды яму расказвала пра яго родную маму. Яго дачцэ цяпер ужо 20 гадоў.

Муж Ніны Дзянісаўны — Ірыней Паўлавіч — у 2000 годзе пайшоў з жыцця. Усе ж блізкія сваякі жывуць недалёка ад Ніны Дзянісаўны. Старэйшы сын, якому ўжо 72, — у адной з ёй вёсцы, дачка ў Гомелі, а малодшы — у Ветцы. Гаворыць, не пакідаюць яе адну без догляду і дапамогі, хоць яна да гэтага часу імкнецца быць максімальна самастойнай. Ежу, ва ўсякім разе, сабе сама гатуе:

— Хоць і інвалід другой групы, а спраўляюся. Людзі мне дапамагаюць: і вокны памыць, і дровы нарубіць. Унукі з праўнукамі не забываюць. Сын, які ў Бронным, прыходзіць штодня і правярае, як тут у мяне справы. Да таго ж наша мясцовая пошта ўсіх абслугоўвае вельмі добра. Паштарка прыносіць своечасова не толькі пенсіі і газеты, але і што закажаш. Пра падпіску мне штоквартал абавязкова нагадваюць і прыходзяць, каб зноў аформіць. Расказвае Ніна Дзянісаўна, што рашыла была на гэты год не выпісваць «Звязду». Аднак змагла абысціся без любімага сродка масавай інфармацыі толькі месяц:

— Быццам у доме нечага не хапае! Папрасіла паштальёнку Таццяну Іванаўну Гапоненку: яна прыйшла да мяне і выпісала газету. Вырашыла, што буду яе атрымліваць, пакуль бачу і разумею. Я заўсёды пачынаю чытаць «Звязду» з апошняй старонкі, а потым чытаю першую. Спачатку пераглядаю загалоўкі і чытаю тыя матэрыялы, якія мяне найбольш зацікавілі. Пра сямейныя справы, пра прадпрыемствы, «Мясцовае самакіраванне»... Сельская гаспадарка мяне заўсёды цікавіла. Мы калісьці 12 выданняў выпісвалі. А потым засталіся толькі самыя любімыя: «Звязда» і мясцовы «Дняпровец». Я ж як дэпутат павінна была ведаць, што адбываецца на сваёй тэрыторыі і навокал. Мяне палітыка і цяпер цікавіць. Да мяне людзі прыходзяць, і ведаеце, якія гарачыя абмеркаванні ў нас тут ідуць? Я заўсёды кажу наконт нейкай праблемы: «А ў «Звяздзе» вось як напісалі!» Лічу і іншым кажу, што «Звязда» — самая праўдзівая газета. Лепшая за ўсе іншыя. Супрацоўнікам газеты жадаю: спрыяйце таму, каб людзі не забывалі беларускую мову. Ну і, канешне, стабільнай падпіскі і вялікіх тыражоў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».