Вы тут

Прывід памяці


Прывід памяці

Хто цікавіцца гісторыяй Беларусі ці хаця б проста яшчэ не забыўся праграму восьмага класа, хутка адкажа мне, хто такі Тадэвуш Рэйтан. Аднак наўрад ці кожны зможа сказаць, дзе ён нарадзіўся. Хочаце даведацца пра яго маленькую радзіму? Тады наперад, у захапляльную вандроўку па Ляхавіцкаму краю!

Род Рэйтанаў, які паходзіць з Германіі, трапіў у Грушоўку ці, як тады яе называлі Hruszówku, у канцы сямнаццатага стагоддзя.  Яе першым уладаром з гэтага роду стаў Міхал Казімір Рэйтан, які атрымаў вёску ад караля Рэчы Паспалітай Яна ІІІ Сабескага за ўдзел у бітве з туркамі пад Венай у 1683 годзе. Сынам Міхала быў Дамінік, а ўжо сынам Дамініка — вядомы нам Тадэвуш. Тадэвуш (ці Фадзей) Рэйтан нарадзіўся ў маёнтку Грушоўка летам 1742 года. Ён атрымаў добрую адукацыю ў Навагрудскай гімназіі і Віленскім езуіцкім калегіуме. Служыў капітанам артылерыі ў замку (князя Радзівіла) у Ляхавічах у, а пасля змагаўся супраць войск Суворава ў складзе Барскай шляхецкай канфедэрацыі. З самага юнацтва Тадэвуш паказаў сябе сапраўдным патрыётам ВКЛ і Рэчы Паспалітай (1768—1772): нават адмовіўся жаніцца, калі ўбачыў у доме нявесты партрэт Пятра І.

І вось у 1773 годзе ў Варшаве збіраецца Вальны сойм, які павінен зацвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай між Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Тадэвуш Рэйтан разам са сваім сябрам, Самуэлем Корсакам, выбіраецца паслом ад Навагрудскага павета. І з 19 красавіка яны ўтрох, з яшчэ адным патрыётам — Станіславам Багушэвічам з Менска, спрабуюць пераканаць абыякавых шляхціцаў, каб тыя не падпісвалі акт падзелу, сваімі рукамі аддаючы родныя землі сквапным суседзям. На трэці дзень спрэчак і дыспутаў, калі Самуэль Корсак выкрываў польскіх дэпутатаў, падкупленых расійскім паслом, шляхціцы пачалі выходзіць з залы. Тады Рэйтан лёг перад дзвярыма пакоя і закрычаў: «Пабойцеся Бога! Тапчыце мяне, забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыну!» Паслы пераступілі цераз яго і выйшлі з залы пасяджэнняў. Паранены і абражаны Тадэвуш ляжаў у дзвярах і не мог нічога змяніць. Бяссільнымі аказаліся і абодва ягоныя паплечнікі. На наступны дзень, 22 красавіка, апынуўшыся перад пагрозай уводу ў Варшаву расійскіх войск, да дэпутатаў-здраднікаў далучыўся і сам кароль — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Акт падзелу Радзімы і страты беларускіх зямель за Дзвіною, Друццю і Дняпром быў юрыдычна замацаваны.

А што ж адбылося з нашым героем Тадэвушам? На гэта не адказвае падручнік 8 класа, аднак адказваюць энцыклапедыі. Яго з Варшавы забралі два браты: Антоній і Станіслаў. Пасля вяртання, ужо ў снежні, Тадэвуш напісаў маніфест, у якім яшчэ раз выступіў супраць падзелу і назваў нелігітымнымі і канфедэрацыю падкупленых паслоў, і сам трактат аб падзеле. Аднак здароўе 31-гадовага шляхціца было моцна падарвана. Праз нейкі час ён страціў цікавасць да сядзібы, да дому, дзе нарадзіўся і сталеў, адышоў ад гаспадарчых спраў і зачыніўся ў левай афіцыне (флігелі) сядзібы. Ён не хацеў ні з кім размаўляць, і толькі браты прыносілі ў цёмны будынак ежу і ваду. У 1780 годзе пры загадкавых абставінах Тадэвуша не стала. Па адных звестках, у Грушоўку прыехаў нейкі расійскі афіцэр, які справакаваў яго самагубства; па другіх, Тадэвуш памёр сам: не вытрымала аслабелае сэрца. Так сумна скончылася самаадданае жыццё патрыёта.

А флігель Рэйтана, у якім ён дажываў апошнія гады, захаваўся. Гэты будынак, яшчэ з XVII стагоддзя, стаіць ля дарогі праз сядзібны парк. Тут жа пры ім знаходзіцца драўляны сядзібны дом XIX стагоддзя, у якім жылі дзеці і ўнукі братоў Тадэвуша. Шмат засталося ў маёнтку гаспадарчых пабудоў: гумны, свіран, бровар, прыёмнік спірту, аранжарэя і дзве стайні. Адна з іх — 1909 года — выкарыстоўваецца зараз як кароўнік; другая — у горшым стане, без даху, з выбітымі вокнамі стаіць пустой сярод дрэў і хмызнякоў, якія цяпер растуць і ўнутры. Усё гэта знаходзіцца ўздоўж паркавай алеі і належыць мясцоваму калгасу. Калі выйсці на галоўную шашу, з Слуцку ў Ляхавічы, і павярнуць у лес, вы ўбачыце неагатычную капліцу пачатку ХХ стагоддзя. Вакол яе — агароджа, а ў каплічным двары — камень з мемарыяльнай дошкай, усталяваны ў 1993 годзе. Капліцу акаляе 10 ліп. У ёй знаходзіцца труна Юзафа Рэйтана — апошняга прадстаўніка роду, які раптоўна памёр на гэтым месцы ў час шпацыру ў 1910 годзе. Сюды ж праз дваццаць гадоў быў перанесены прах Тадэвуша.

Сядзібны дом

Парк і брама

Флігель

Я з бацькамі наведаў Грушоўку ўзімку 2012 года, калі вучыўся ў сёмым класе. Быў снежань. Усё неба зацягнули шэрыя снегавыя хмары, і нідзе не было відаць сонца. Снег ляжаў на полі і ў парку, а каля капліцы чарнела зямля. Быў невялікі мароз і трохі вільготна. Сярод елак і соснаў мясцовага лесу шэрая капліца выглядала надзвычай змрочна і жалобна. Цішыню парушалі тольки рэдкія крыкі крумкачоў. Людзей акрамя нас тут не было. Сум і журба ахапілі мяне. Здавалася, што са смерцю Тадэвуша Рэйтана ў далёкім 1780 годзе мы ўсе згубілі вельмі дарагога і важнага чалавека. Аднак вянкі, кветкі і свечкі на падлозе капліцы паказвалі, што імя слаўнага абаронцы свабоды і непадзельнасці Радзімы не забыта ўдзячнымі нашчадкамі.

Тата зрабіў некалькі фотаздымкаў унутры памяшкання, і я, не заўважыўшы нічога незвычайнага ў цёмным збудаванні, не чакаў сюрпрызаў. Аднак, праглядаючы фота на маніторы, тата знайшоў цікавую рэч. Унізе, на месцы труны са свечкамі, на здымку праявіўся… згустак туману. Што гэта? Пытанне азадачыла мяне і бацькоў. Ці то гэта цёплае паветра ад полымя свечак уздымалася ўверх і ў халоднай капліцы пераўтваралася ў кандэнсат? Ці гэта пар ад нашага дыхання? А мабыць… Мабыць, вось ён — пан Тадэвуш — сустракае гасцей? Праз гады мы так і не зразумелі, што праявілася на гэтым фотаздымку. Няўжо сапраўды душа беднага шляхціца не можа знайсці паратунку і супакою? Ці ўсё гэта здагадкі, падтрыманыя фантазіяй? Хто адкажа?

Канюшні

Капліца

Так сталася, што за трыццаць восем гадоў свайго жыцця Тадэвуш Рэйтан не займеў сям’і, не стаў бацькам. Такі ж лёс адзіноцтва напаткаў яшчэ двух нашых героящ: Тадэвуша Касцюшку і Кастуся Каліноўскага. Але ці можна назваць іх самотнымі? Ці можна сказаць, што яны не пакінулі пасля сябе памяць? Яны былі разам з Радзімай і яе народам, а веды пра іх перадаліся праз пакаленні нам. Гэтыя асобы сталі для нас узорам патрыятызму, для якіх любоў да Бацькаўшчыны аказалася вышэйшай за жыццё.

Хочацца, каб такія мясціны, як Грушоўка, Мерачоўшчына (месца нараджэння Тадэвуша Касцюшкі) і іншыя вёскі Беларусі не заставаліся забытымі між лясоў і палёў, а прываблівалі, клікалі да сябе беларусаў, а асабліва нас, моладзь, ад якой залежыць будучыня нашай краіны, каб мы памяталі пра подзвіг нашых славутых продкаў і не забываліся ўроки гісторыі, бо яна, як вядома, ёсць настаўніца жыцця.

 

Максім Сямёнаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.