Вы тут

Цыбуля кітайскім спосабам


Цыбулю лепш за ўсё вырошчваць на наступны год пасля капусты, шпінату, агуркоў, кабачкоў, гарбузоў, гароху, памідораў, салаты, пад якія было ўнесена шмат угнаенняў. Калі такога ўчастка няма, то з восені на градкі пад цыбулю трэба ўнесці на 1 кв. м 5 кг перагною, 1 сталовую лыжку суперфасфату, 1 чайную лыжку нітрафоскі, 2 сталовыя лыжкі даламітавай мукі або мелу і перакапаць. Вясной, у пачатку або ў сярэдзіне красавіка, глебу зноў перакапаць, калі яна недастаткова вільготная, то паліць. Робім грабяні з адлегласцю паміж імі 30 см, вышынёй 12—15 см.


За два тыдні да пасадкі сеянку або выбарку праграваем каля печы або батарэі пры тэмпературы 40—45 °С на працягу 8—10 гадзін. Гэта засцерагае цыбулю ад шыйкавай гнілі, ілжывай мучністай расы і стрэлкавання.

Перад пасадкай здымаем луску, якая пры захоўванні абараняе цыбуліну ад хвароб, а пры пасадцы вылучае ў глебу рэчывы, якія затрымліваюць рост цыбулін, абразаем сухую частку шыйкі, не зачапіўшы парастка, і замочваем на 24 гадзіны ў цёплай вадзе. Сеянку высаджваем у грабяні на адлегласці 12—15 см, заглыбляючы на 2—3 см, і шчыльна абціскаем зямлю вакол кожнай цыбулінкі. Праз два тыдні пасля пасадкі падкормліваем растворам каравяку ці птушынага памёту, разводзячы яго адпаведна ў 5 або 12 разоў.

Калі няма дажджу, у першы месяц шчодра паліваем 2—3 разы. Рыхлім глебу і выдаляем пустазелле.

У чэрвені цыбуліны адкрываем, адграбаючы глебу з грабянёў у міжраддзі. Гэтая аперацыя шырока выкарыстоўваецца кітайскімі сялянамі. Дзякуючы выграванню сонцам і падсушванню аголеных цыбулін, а ў некаторых выпадках нават знешніх каранёў донца, прадухіляецца вывядзенне лічынак цыбульнай мухі, якая наносіць велізарную шкоду ўраджаю. Адкрытыя цыбуліны свабодна разрастаюцца ў шырыню, таму набываюць некалькі прыплюснутую форму.

У сярэдзіне чэрвеня робім другую падкормку, непасрэдна пад корань, арганічнымі або мінеральнымі ўгнаеннямі (на 10 л вады 3 сталовыя лыжкі агароднай сумесі або 2 сталовыя лыжкі суперфасфату і 1 дэсертную лыжку хлорыстага калію), расходуючы па 5 л на 1 кв. м.

За месяц да ўборкі робім «сухі паліў» — рыхленне глебы. За тры тыдні да ўборкі паліў зусім спыняецца.

За тыдзень да ўборкі, калі яшчэ не ўсе цыбуліны паспелі, лапатай падразаем карані на глыбіні 8—6 см.

Убіраем цыбулю ў другой палове жніўня або першых чыслах верасня. Вельмі важна не спазніцца з уборкай, бо праз тыдзень ці паўтара пасля паспявання рост цыбулі аднаўляецца, і цыбуліны прарастаюць, становяцца непрыдатнымі для захоўвання.

Калі ўсё ж такі з уборкай спазніліся, то пасля абрэзкі каранёў і пяра варта донца цыбулін падпаліць над полымем. Такая цыбуля будзе захоўвацца, яна цалкам прыдатная ў ежу, але для выганкі або наступнай пасадкі выкарыстоўваць яе не варта.

Пры вырошчванні цыбулі на грабянях уборка спрашчаецца: цыбуліны вельмі лёгка вырываюцца з друзлай глебы. Паколькі цыбуліны былі адкрытыя, а карані падрэзаныя, то зямлі на раслінах практычна не бывае, і абчышчаць яе рукамі няма неабходнасці.

Вырваную цыбулю раскладваем на сонечным месцы на некалькі дзён, а калі надвор'е сырое, то пад навесам або на гарышчы. Пасля гэтага пяро і рэшткі каранёў абразаем, пакідаючы шыйку даўжынёй 3—4 см, а цыбулю яшчэ падсушваем на печы або каля любых ацяпляльных прыбораў. Прасушка пры тэмпературы 30—35 °С дазваляе пазбегнуць пашкоджвання цыбулін шыйкавай гніллю.

Захоўваць цыбулю вельмі добра ў сеткаватых мяшках пры пакаёвай тэмпературы.

Чым лепшы кітайскі спосаб вырошчвання цыбулі:

  • Больш рацыянальна выкарыстоўваюцца ўгнаенні.
  • Спрашчаюцца ўсе агратэхнічныя аперацыі — праполка, паліў, рыхленне, адкопванне цыбулін, падразанне каранёў.
  • Адкрытыя ад зямлі цыбуліны лепш разрастаюцца, бываюць буйнейшымі.
  • Прагрэтыя сонцам адкрытыя цыбуліны хутчэй спеюць, набываюць раўнамерны характэрны для сорту колер і добрае ахоўнае пакрыццё.
  • Падсушванне цыбулін прадухіляе вывядзенне лічынак цыбульнай мухі, спрыяе здароваму развіццю раслін.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.