Вы тут

Ёсць чым падзяліцца


Абмен інфармацыяй вельмі важны ў супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя


Міністры аховы здароўя Беларусі і Польшчы Валерый Малашка і Канстанцін Радзівіл падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне аховы здароўя, медыцыны і медыцынскай навукі.

Падчас візіту польскай дэлегацыі абмяркоўвалася і пытанне хуткага развіцця айчыннай фармацэўтыкі. Міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка пры гэтым заўважыў, што калі наладзіцца ўзаемадзеянне паміж нашымі і польскімі фармпрадпрыемствамі, можна будзе весці размову аб лекавых прэпаратах, цікавых у тым ліку для рынку Еўразійскага саюза.

У дзень падпісання мемарандума польскі міністр азнаёміўся з магчымасцямі аказання спецыялізаванай высокатэхналагічнай дапамогі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, дзе паўтара года таму пачала працаваць унікальная не толькі для нашай, але і для шэрагу суседніх краін Рэспубліканская малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенезу.

Малекулярна-генетычныя маркёры выкарыстоўваюцца ў клінічнай практыцы на ўсіх этапах аказання анкалагічнай дапамогі — у прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі. Самымі значнымі сталі два кірункі прыкладных даследаванняў — дыягностыка спадчынных ракавых сіндромаў (калі той ці іншы рак перадаецца з пакалення ў пакаленне, што найбольш актуальна для новаўтварэнняў малочнай залозы, яечніка, тоўстай кішкі) і індывідуальны падбор лекавых прэпаратаў на аснове малекулярных характарыстык пухліны.

Прымяненне новых супрацьпухлінных прэпаратаў, якія ўздзейнічаюць на малекулярным узроўні (іх называюць таргетнымі, ад слова «мішэнь»), патрабуе вызначыцца з эфектыўнасцю лекавай тэрапіі, — а для гэтага неабходна скласці своеасаблівы малекулярны партрэт. У аддзяленні генетыкі праводзіцца аналіз малекулярнага профілю пухлін з выкарыстаннем метадаў палімеразна-ланцуговай рэакцыі, секвеніравання і іншых. Малекулярны профіль, дарэчы, ствараецца на працягу чатырох дзён, а выкарыстоўваюцца для гэтага клеткі выдаленай пухліны.

У новым будынку, у якім размяшчаецца лабараторыя канцэрагенезу і якую наведаў спадар Радзівіл, працуе 83 спецыялісты, біёлагі і медыкі, некаторыя з іх працавалі за мяжой. Спецыялісты прадэманстравалі суперсучасную тэхніку і расказалі, для чаго яна прызначана.

— Даследаванні, уключаныя ў пратаколы лячэння, праводзяцца для жыхароў Беларусі бясплатна, хоць кошт, напрыклад, аналізу таго ж малекулярнага профілю пухлін даходзіць да тысячы долараў, — тлумачыла наведвальнікам загадчыца лабараторыі, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук Ганна Парцянко. — Іншая рэч, калі ў пацыента няма паказанняў, але ён жадае прайсці такое даследаванне, і ў яго ёсць магчымасць аплаціць паслугу. У той час як многія краіны ідуць па шляху змяншэння дыягнастычных мерапрыемстваў і накіравання асноўных фінансаў непасрэдна на лячэнне, мы трымаемся іншага падыходу — пашыраем пратаколы дыягностыкі, уносім туды ўсё новыя і новыя малекулярна-генетычныя маркёры, каб праводзіць лячэнне максімальна дакладна і адэкватна, што павінна знізіць яго кошт у канчатковым выніку. Мы мяркуем, што лепей спачатку затраціць каля тысячы долараў на падобнае тэсціраванне, каб дакладна ўстанавіць, да якога хіміятэрапеўтычнага лячэння
будзе адчувальны хворы. Усё ж такі кошт лячэння аднаго пацыента можа дасягаць 40 тысяч долараў у год.

У адным з падраздзяленняў лабараторыі канцэрагенезу плануюць заняцца і вырошчваннем штучных органаў, а пакуль тут вылучаюць клеткі крыві, якіх «навучаюць» атакаваць клеткі пухліны. Яшчэ ў адным аддзяленні — чыпавых тэхналогій — вырабляюць рэагенты на ПЛР айчыннай вытворчасці.

Міністры наведалі таксама абноўленае ўралагічнае аддзяленне цэнтра анкалогіі, а затым падпісалі мемарандум у памяшканні адзінага ў краіне ПЭТ-цэнтра. Дарэчы, дыягностыка і лячэнне злаякасных новаўтварэнняў на сучасным этапе ўжо немагчымыя без пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. Выкананне такога даследавання прадугледжвае індывідуальны падыход у лячэнні кожнага пацыента. Сучаснае медыцынскае абсталяванне дазваляе развіваць тэхналогіі і ў Польшчы, і ў Беларусі. Гэта спрыяе, у сваю чаргу, выхаду на праекты і гранты Еўрасаюза.

Паводле слоў Канстанціна Радзівіла, абмен інфармацыяй, больш цеснае ўзаемадзеянне застаюцца вельмі важнымі, нягледзячы на тое, што пакуль сістэмы аховы здароўя ў нашых краінах адрозніваюцца. Праўда, ужо зараз польскі бок разглядае магчымасць пераходу са страхавой сістэмы на дзяржаўную. У апошнія гады найбольш плённа развіваюцца сумесныя праекты польскіх клінік з медустановамі Брэстчыны і Гродзеншчыны.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.