Вы тут

Сенатары і парламентарыі выйшлі на суботнік


У Савеце Рэспублікі сёлета вырашылі дапамагчы ў будаўніцтве, што разгарнулася на тэрыторыі Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Побач з адміністрацыйным будынкам установы ўжо стаіць другі, у якім у хуткім часе размесціцца Навукова-вытворчы цэнтр біятэхналогій. У гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю яго першы пускавы комплекс.


Па словах Міхаіла Мясніковіча, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, лагічна, што ў Год навукі суботнік парламентарыі праводзяць менавіта ва ўстанове навукі. «Тут ствараецца вытворчасць па выпуску 20 тон сухіх прабіётыкаў у год. Гэта фактычна 20 тысяч тон камбікармоў для жывёлагадоўлі. Другая лінія, што тут арганізоўваецца, — мікробныя прэпараты для раслінаводства. Фактычна гэтыя сродкі замяняюць жорсткія хімічныя прэпараты, за якія нас часам крытыкуюць спажыўцы, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі, напрыклад, калі адшукваюць у ялавічыне антыбіётыкі», — сказаў спікер і дадаў, што да таго ж такія сродкі не шкодзяць здароўю чалавека і навакольнаму асяроддзю.

На думку сенатара, біятэхналогіі — менавіта той сектар эканомікі, які сёння патрэбны нашай краіне. Невысокая матэрыяла- і энергаёмістасць, нізкі кошт і пры гэтым рынкі, якія растуць, як унутраны, так і замежны — усё гэта будзе толькі спрыяць развіццю сферы. Так, прадпрыемства на базе Інстытута пакуль не працуе, але папярэднія заказы ўжо паступілі з Расіі, выпрабаванні прэпараты ўжо праходзяць у Турцыі. «Прадпрыемства яшчэ не ўведзена ў эксплуатацыю, а партфель заказаў сфарміраваны. Факты кажуць самі за сябе. Я бачу за біятэхналогіямі перспектыву», — падсумаваў Міхаіл Мясніковіч.

* * *

На суботніку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі высаджвалі дрэвы ў парку «Цівалі». На гэтым месцы будзе пабудавана адзіная ў Мінску інтэрактыўная дзіцячая пляцоўка.

Пакуль што парк уяўляе сабой вялікую тэрыторыю з мноствам пагоркаў і вадаёмаў. Цяпер гэта мясціна актыўна прыводзіцца ў парадак, зялёныя зоны рэканструююцца, закладваюцца новыя алеі і сцяжынкі для пешаходаў. Баляслаў Пірштук, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, адзначыў, што добраўпарадкаванне гэтай зоны ўжо становіцца традыцыйнай справай для дэпутатаў:

— Члены Палаты прадстаўнікоў новага склікання і летась былі ў гэтай гістарычнай мясціне. Многія ведаюць, што замежныя госці, калі прыязджаюць у Мінск, заўважаюць, колькі тут зелені. Аднак пакуль што ў новабудоўлях Фрунзенскага раёна зеляніны мала. Гэта адзін з нямногіх раёнаў Мінска, дзе не выконваецца нарматыў па пасадках. Таму дэпутаты сёння робяць свой унёсак, каб кампенсаваць згаданы прабел. Мяркую, што ў перспектыве тут з'явіцца цудоўны парк, камфортная інфраструктура, дзе змогуць адпачываць маці з маленькімі дзецьмі.

Акрамя зоны спакойнага адпачынку з алеямі, клумбамі і мосцікамі цераз вадаёмы, у парку Цівалі запланавана будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які будзе ўключаць у сябе не толькі пляцоўкі для гульняў, але і спускі для горналыжнікаў, штучныя скалы для тых, хто хоча патрэніравацца ў альпінізме. Дырэктар УП «Зелянбуд Фрунзенскага раёна» Мікалай Астапенка расказаў, што на месцы, дзе цяпер працуюць дэпутаты, ужо сёлета пачнецца будаўніцтва інтэрактыўнай дзіцячай пляцоўкі.

— Для разнастайнага адпачынку запланавана многае: жыхары раёна змогуць праводзіць гульні для дзяцей, слухаць музыку, займацца фізічнымі практыкаваннямі. І дрэвы, што мы цяпер садзім, стануць аздобай у любую пару, створаць адметны ландшафт.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ
yurgel@zviazda.by,

Вераніка ПУСТАВІТ
pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Паклапаціліся пра будучыню

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.