Вы тут

Рэжысура жыцця


Малады кінематаграфіст пра складнікі добрага фільма


Кадр з фільма «Паспець пачуць цішыню» (рэж. Я. Бякаў).

Жаданне — заўсёды самы важны пункт у плане, датычна да ўсяго. У кіно ж жаданне наогул вышэйшае за ўсё — з ім можна звярнуць горы. У Беларусі гарыстай мясцовасці вельмі мала, але жаданні ёсць, асабліва кінематаграфічныя. Гэтаму доказ тая моладзь, якая пакуль яшчэ не паспела гучна заявіць пра сябе на ўвесь свет, але некаторыя вяршыні ўсё ж скарыла. Накшталт Ягора Бякава, які, будучы студэнтам, зняў некалькі кароткаметражных фільмаў і перамагаў на кінафестывалях дзякуючы ўласнаму жаданню, а сёння працуе ў Белтэлерадыёкампаніі.

— Сёлета ваша стужка «Паспець пачуць цішыню» перамагла на конкурсе нацыянальных кінашкол на «Лістападзе». Адкуль з’явіўся такі цікавы герой?

— Я атрымаў заданне ў акадэміі — зняць фільм-партрэт. І маім героем павінен быў стаць зусім іншы чалавек — хлопчык-вундэркінд, а пра Дзмітрыя Воінава я выпадкова пачуў на працы на тэлебачанні. Мне падалася цікавай яго гісторыя — проста кінуць усё і паехаць на хутар. Гэтае кіно было спантанным: я паставіў мэту зрабіць штосьці нестандартнае асабіста для сябе, хоць і выкарыстоўваў некаторыя заштампаваныя прыёмы, але там такая неверагодная прырода — яе неабходна было паказаць! Ды і асоба самога героя вельмі цікавая: ён змяніў паляванне на назіранне за жывёламі, цывілізацыю — на адчужэнне каля Заходняй Дзвіны, ён вядзе блог! Для мяне гэтыя здымкі былі сапраўднай барацьбой з сабой — хацелася ў горад, але Воінаву не хочацца гэтага, ён знайшоў сваё месца, і гэта ўражвае.

 — Дакументальнае кіно здымаць больш цяжка?

— Цяжкасці ёсць у здымаках і дакументальнага, і ігравога кіно. Калі я здымаў «Паспець пачуць цішыню», думаў, што гэта не маё, што здыму адну працу і на гэтым скончу. Але мне спадабалася: сачыць за чалавекам, за яго паводзінамі, пасля манціраваць, шукаючы трапныя кадры. Гэта сапраўды чароўна — калі ты разумееш, што гісторыя складаецца менавіта падчас мантажу. У ігравым кіно гісторыя гатовая, «зманціраваная» яшчэ перад здымкамі, а ў дакументалістыцы ты спачатку павінен прыдумаць рашэнне, а ўжо потым гэта стане гісторыяй. Але на дадзены момант ігравое кіно мне бліжэйшае — тут можна стварыць свой сюжэт, а дакументалістыка не ўнясе скажэнняў.

— Галіна Адамовіч выказала крытыку ў адрас фільма «Паспець пачуць цішыню». Як ставіцеся да крытыкі наогул?

— Крытыка — суб’ектыўная рэч. Напрыклад, маё кіно спадабалася адборшчыцы фільмаў з Канады, але не выклікала такіх эмоцый у прадстаўнікоў Беларусі. Магчыма, таму што для замежнікаў гэта свайго роду дзіва. Але асабліва спадабалася стужка на Усходзе, хоць я і не разлічваў на такі інтарэс. Можа, бачаць у фільме сябе. Хоць кажуць, што гледачы любяць дзіўнае кіно. Наконт крытыкі: калі яна аргументаваная, я, канечне, прыслухаюся. Напрыклад, крытыка Галіны Адамовіч для мяне была важнай: я бачыў яе фільмы, яна для мяне аўтарытэт. Але больш каштоўнае меркаванне гледача, хоць і прыемна атрымліваць узнагароды ад знаўцаў. Чаму? Бо ў журы вельмі нагледжаныя людзі, якія будуць параўноўваць маю стужку з іншымі і казаць, што такое ўжо было, а не глядзець яе як нешта асобнае — ад гэтага вельмі крыўдна. Усё ўжо было ў кіно!

 — Вы вучыцеся на спецыяльнасці «Рэжысура кіно і тэлебачання» апошні год, працуеце на тэлеканале «Беларусь 3». Калі азірнуцца назад, выбралі б гэтую ж прафесію?

— Я ні хвіліны не шкадаваў пра выбар прафесіі. Калі паступаў у акадэмію, канечне, як і любы школьнік, уяўляў працу рэжысёра крыху іншай, бо пра гэта вельмі мала пішуць і гавораць. Не магу ўзгадаць той момант, калі зразумеў, што хачу быць рэжысёрам. Яшчэ ў школе пісаў сцэнарыі для святаў, але ніколі не ставіўся да гэтага сур’ёзна. Выразна памятаю момант, як у 10 класе натрапіў на сайт Акадэміі мастацтваў і ўбачыў сваю спецыяльнасць. Тады я сачыў за працай рэжысёраў тэлебачання ва Украіне, менавіта адтуль і даведаўся пра рэжысуру і зразумеў, што гэта менавіта тое, што трэба. Канечне, мае чаканні з рэальнасцю не супалі, але я нават рады: хваляваўся, што гэта будзе руцінная праца, бо тэлебачанне — канвеер, але я кожны дзень шукаю новыя рашэнні і разумею, што мая праца — гэта творчасць.

— Рэжысура кіно і тэлебачання адрозніваецца. Што больш складанае?

— Думаю, больш цяжка быць рэжысёрам кіно. Рэжысёр тэлебачання стварае тут і зараз, гэта больш аператыўная праца, а вось калі ты здымаеш кіно, то вынік бачыш толькі праз некалькі месяцаў, нават гадоў. Трэба разумець, што рэжысура наогул складаная, бо ці ў кіно, ці на тэлебачанні ёсць дэдлайны, выдаткаваныя сродкі, здымачная група, трэба правільна ўсім гэтым распараджацца. Але ў мяне такіх праблем амаль не здаралася, бо свае фільмы я здымаў за ўласныя грошы, шукаў акцёраў, якія б пагаджаліся здымацца бясплатна. У кіно ты сам за сябе — за тваёй спінай няма брэнду, а ёсць толькі ўласная ідэя і яе ўвасабленне.

— Што да бюджэту... Дзе студэнты Акадэміі знаходзяць грошы на фільмы?

— У акадэміі вылучаюцца гранты на конкурснай аснове, але, па вялікім рахунку, студэнты здымаюць стужкі за ўласныя сродкі. Мае фільмы знятыя на стыпендыі, грошы, якія атрымліваў на падпрацоўках. Бюджэты беларускіх фільмаў могуць быць вельмі эластычнымі. Мой сябра сабраў грошы (1000 бел. руб.) на здымкі стужкі з дапамогай краўдфандынгу, але я не вельмі веру ў тое, што ў нашых рэаліях гэта будзе кожны раз спрацоўваць: ёсць шмат выпадкаў, калі нават дасведчаныя рэжысёры не збіралі патрэбных сродкаў. Таму я выдаткоўваю грошы з уласных кішэняў, так нават прасцей: ты нікому нічым не абавязаны, і калі стужка не атрымалася, адказнасць будзе цалкам тваёй. Пошук грошай натуральны для кінематаграфіста. Але для многіх усе скаргі на тое, што няма грошаў, — проста адгаворкі. Я на ўласным досведзе ўпэўніўся, што здымаць кіно можна і без сродкаў, галоўнае — жаданне. Калі здымаеш кіно без грошай, асноўны фактар — чалавечы: рэжысёр тэлефануе акцёрам, кажа ім, што гэта дзеля мастацтва, тое ж самае — і з аператарамі. Многія з іх гатовыя дапамагчы і пайсці за ідэяй рэжысёра. Мне пакуль шанцуе: у фільме «Апошні патрон» ролі выконвалі мой выкладчык Вячаслаў Кісялёў, актрыса Вольга Абрыкосава, якую я наогул не ведаў і проста спытаў дапамогі. Думаю, у кінематографе вельмі важную ролю выконваюць знаёмствы — менавіта так у малабюджэтным кіно і працуюць.

— Зараз вы працуеце над сцэнарыем новага фільма. Што гэта будзе?

— У мяне ёсць ідэя зняць яшчэ адзін кароткаметражны фільм — я яшчэ не дарос да поўнага метра, мне няма чаго сказаць на такую колькасць часу. Не паверыце, але гэта будзе фільм пра вайну. Так, у нас хапае стужак пра вайну, але мы ўмеем здымаць на гэтую тэму. Калі ў Кыргызстане могуць здымаць на тэму бацькоў і дзяцей (а там у год здымаецца па 3-4 карціны на гэтую тэму), то чаму мы не можам здымаць пра вайну? Мяне заўжды цікавіла Вялікая Айчынная, спадзяюся, што да восені я спраўджу гэтую мару, бо сцэнарый ужо гатовы. Самае складанае для мяне — запусціцца, калі ўжо ёсць каманда, сцэнарый і застаецца толькі ісці да мэты. Але калі рэжысёр сядзіць у кінатэатры, глядзіць сваё кіно і бачыць, як глядач рэагуе на фільм і перажывае менавіта тыя эмоцыі, якія б хацелася рэжысёру, гэта тое, дзеля чаго варта здымаць.

 — Самы важны складнік паспяховага фільма — гэта…

— Добры сцэнарый! У Акадэміі мастацтваў быў толькі адзін выпуск сцэнарыстаў, здаецца, яшчэ адзін быў ва Універсітэце культуры. Таму сцэнарыстаў у нас мала, вось рэжысёры самі і пішуць сцэнарыі. Другі складнік — ініцыятыва, шчырасць. Калі рэжысёр прапускае гісторыю праз сябе, яна атрымліваецца добрай. Павінна быць каманда, якая пойдзе за ідэяй і будзе працаваць «за ежу», але і ўдзячны глядач — таксама складнік. Бо сёння на нашым кіно стаіць таўро, што беларускае — гэта дрэнна і няякасна. Сэнс у тым, што калі-небудзь беларускае кіно атрымае сусветную ўзнагароду ці трапіць у шорт-ліст Канскага кінафестывалю, толькі тады пра гэтую стужку даведаецца глядач і зацікавіцца ёй. На жаль, сітуацыя менавіта такая: погляд на беларускае кіно вельмі аднабокі. Беларускія гледачы вельмі распешчаныя, таму да айчыннага кіно заахвоціць будзе цяжка, нягледзячы на тое, які ў фільма бюджэт, наколькі добрая там здымачная група. Нашаму кіно не хапае рэкламы, менавіта таму публіка аддасць перавагу недарэчнай амерыканскай камедыі, чым цікаваму і разумнаму беларускаму фільму. Думаю, нават нашыя студэнцкія працы нецікавыя шырокаму гледачу, а толькі той публіцы, якая цікавіцца беларускай культурай.

— У многіх краінах нацыянальны кінематограф вельмі папулярны. Ці можна спадзявацца на такое ў Беларусі?

— У Расіі здымаецца 100 поўнаметражных фільмаў у год, у Кыргызстане — 50. А тэрыторыя апошняй краіны нават меншая за нашу. Там шмат магчымасцей для стажыровак, здымак. І самае дзіўнае, што іх кіно любяць і глядзяць. У многіх усходніх краінах сапраўдны культ нацыянальнага, і гэта выдатна. Магчыма, ёсць яшчэ залежнасць ад прадзюсіравання: у Беларусі гэта не вельмі развітая сфера, толькі ў гэтым годзе будзе першы выпуск прадзюсараў. Думаю, з часам у нашым кіно ўсё палепшыцца, а зараз у нас шмат апраўданняў: няма грошай, ідэй. Але варта ўзгадаць сітуацыю ў Казахстане, у мяне там вучацца сябры. Там студэнтам не вылучаюць грошы, і нестудэнтам: таксама. Але там за перамогу ў фестывалях аплачваюць абсталяванне на здымкі наступнага фільма. У нас пакуль што такія падыходы не вельмі распаўсюджаныя. Хочацца, каб кінематаграфістаў падтрымлівалі.

— Каму ў першую чаргу павінна падабацца кіно: рэжысёру ці гледачу?

— Кіно не павінна падабацца рэжысёру наогул! Мне сказала пра гэта на першым курсе Маргарыта Касымава: рэжысёру, якому падабаецца яго праца, у прафесіі больш няма чаго рабіць. Заўсёды, нават калі фільм выпакутаваны, зроблены ідэальна, у ім будзе тое, што рэжысёру не спадабаецца. Мне хочацца думаць, што я ствараю свае стужкі для гледача, а ўжо пасля і для сябе. Зразумела, калі я ўздымаю ў фільме нейкую праблему, то распавядаю пра асабістае, што хвалюе менавіта мяне, але раблю гэта для аўдыторыі. Быць рэжысёрам, які здымае фільмы для сябе, не хочацца, бо хутчэй за ўсё такі фільм нікога не зацікавіць і будзе ляжаць на паліцы. Калі нават табе не падабаецца ўласны фільм, ты яго любіш. Для мяне гэта як дзіця: можа, дрэннае, можа, супярэчлівае, але выпакутаванае.

 Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.