Вы тут

Дзе той сусвет? З нататак астранома-пачаткоўца


ДЗЕ ТВОЙ СУСВЕТ?

З нататак астранома-пачаткоўца

 

Не так даўно я пачаў назіраць за зорным небам.

Такое захапленне ў мяне з’явілася пасля прагляду навуковай праграмы. У ёй ішла гаворка пра невядомыя сусветы, на якіх, верагодна, існавала жыццё. Гэта мяне ўразіла. Я пажадаў апярэдзіць навукоўцаў і першым адкрыць невядомы сусвет. Я апрануўся і накіраваўся ў бліжэйшы ўнівермаг.

Прадавец, нібы ў яе кожны дзень пыталі тэлескопы, зусім не здзівілася маёй просьбе. Толькі пацікавілася:

— Вам які?

Я хацеў задаць пытанне: «Яны што, розныя бываюць?» Але паказваць сябе некампетэнтным не пажадаў.

— Самы магутны, — адказаў лаканічна.

Прадавец на некалькі хвілін знікла, а з’явіўшыся, прадэманстравала тавар, назвала цану.

— Усяго? — здзівіўся я.

Аказалася: мая мара каштавала зусім танна. Я разлічыўся, узяў тэлескоп і накіраваўся дадому.

Азнаёміўшыся з інструкцыяй, тым жа вечарам склаў усе часткі, і, калі добра сцямнела, адправіўся на дах шматпавярховіка. Выхад туды ніколі не быў зачынены. Але, пэўна, ім ніхто не карыстаўся.

Я паставіў тэлескоп на зручнае месца, зазірнуў — і нічога не ўбачыў. Тады зразумеў, што не навёў рэзкасць. Зноў зірнуў.

— За чым назіраем? — раптам пачуўся нечы голас за спінай.

— За зоркамі, — адказаў я і азірнуўся. Але нечаканага субяседніка так і не заўважыў.

— Што цікавага ў гэтым занятку? — зноў спытаў той жа голас.

— Можна знайсці невядомыя сусветы, іх жыхароў, — адказаў я.

— А Муркі там жывуць?

— Якія Муркі?

— Кошкі.

— А пры чым тут кошкі?

— Мне больш ніхто не патрэбны.

— Прабачце, але я не ведаю з кім размаўляю.

— З Мурзікам, — адказаў голас.

— З катом?

Тут толькі я здагадаўся зірнуць сабе пад ногі. Побач з тэлескопам сядзеў чорны кот і таксама ўглядаўся ў зорнае неба.

— А ты часам не адтуль? — кіўнуў галавой я на неба. — Бо хіба звычайныя каты размаўляюць?

— Чаму не? Я — звычайны Мурзік. Проста людзі не заўсёды жадаюць чуць нас.

— А навошта табе Муркі з іншых сусветаў?

— Халодна, то нашы баяцца выходзіць, — адказаў Мурзік.

— Складанае становішча.

— Ага, — пагадзіўся Мурзік і ўставіўся на неба. — Дык што, няма?

Я зноў зірнуў у тэлескоп. Праз некалькі секунд прамовіў:

— Не, не відаць.

— Шкада.

З Мурзікам мы прасядзелі каля дзвюх гадзін, а потым пайшлі па дамах.

Наступнага дня да мяне прыйшла думка, што калі я заняўся астраноміяй, то патрэбна даведацца пра гэта як мага больш.

Я схадзіў у бібліятэку. Цэлы дзень я прасядзеў за кнігамі, як зачараваны. Аказалася, што зоркі дапамагалі нашым продкам яшчэ ў старадаўнія часы. Па іх яны арыентаваліся ў прасторы і часе, адзначалі святы, працавалі. Вялікі метэор у іх уяўленні быў цмокам, які нёс золата. А маленькі быў душой памерлага.

Усё гэта было для мяне дзіўным. Быць можа, я пайшоў у іншых продкаў ці гены не тыя перадаліся. Ва ўсялякім выпадку, у сучасным жыцці вышэй пералічанае мне не было патрэбна. У мяне ёсць найноўшы гадзіннік, у якім прадугледжаны компас, а ў мабільным тэлефоне — GPS. Святы я адзначаю згодна з календаром, працую штодня, пяць дзён на тыдзень. Гародніну набываю ў краме.

Часам мне даводзіцца чуць у свой адрас розныя кпіны. Маўляў, што я не пражыву і дня ў нязвыклых абставінах. Напрыклад, адзін на востраве. Але на гэта я адказваю так: не я ж вінаваты ў тым, што нарадзіўся там, дзе ўсё ёсць.

За вывучэннем кніг не заўважыў, як мінуў дзень. За акном ужо была ноч, а значыць — на небе з’явіліся зоркі. У гэтую ноч, праўда, я вырашыў адпачыць і набрацца моцы. А ўжо наступнага дня пайсці па вялікія адкрыцці.

Я не сумняваўся: яны мяне ўжо чакалі.

Ноччу прысніўся зарапад. Мне падалося: гэта — знак. А таксама вельмі прыгожа. Дагэтуль мне ніколі не даводзілася нічога такога бачыць.

Я прачнуўся шчаслівым, з думкай, што ў гэты дзень маё жыццё зменіцца карэнным чынам. А таксама — што менавіта сёння пашчасціць убачыць зарапад наяве. Таму ўжо з самай раніцы я пачаў чакаць надыходу вечара. За дзень я некалькі разоў падыходзіў да тэлескопа. Але што я мог цяпер у ім убачыць?

Як толькі сцямнела, я хутка сабраўся і палез на дах. Размясціўся і зазірнуў у тэлескоп. Я ўгледзеўся больш уважліва. Зарападу не было. Крышачку расчараваўся. Сон аказаўся не ў руку, але цікавасць да астраноміі не знікла. Усё ж у мяне была мара — знайсці новы сусвет, пазнаёміцца з іншапланецянамі.

Незаўважна з’явіўся Мурзік.

— Зноў шукаеш новыя сусветы? — запытаўся ён.

— Так.

— Дарма, — сказаў Мурзік.

— Чаму?

— Чым табе не падабаецца наш?

— Я не казаў, што ён мне не падабаецца. Проста я хачу адкрыць нешта новае.

— А мне не патрэбна нешта новае.

— Як? — здзівіўся я. — Учора ты пытаўся, ці ёсць на небе іншапланетныя Муркі.

— А сёння сустрэў нашу — з суседняга пад’езда. І зразумеў — што не трэба шукаць асабістае шчасце ў іншых сусветах, часам яно зусім побач. Дарэчы, цяпер я іду да яе.

— Прыемнага вечара, — пажадаў я Мурзіру.

— І табе.

Мурзік выбраў сініцу ў руках, а не стаў чакаць жорава з неба. Што ж, гэта быў яго выбар. Мой жа жораў недзе кружыў пад нябёсамі.

Наступнай ноччу я зноўку выправіўся на дах. За гэтыя дні я больш-менш навучыўся карыстацца тэлескопам. Звычайная ісціна: нішто не замацоўвае веды, як штодзённая практыка. Гэтае няхітрае правіла педагогікі я засвоіў яшчэ ў школе. У той час у мяне не было ніякай цягі да астраноміі. Цягам жыцця, я, як атрымліваецца, пажадаў выправіць гэтую памылку.

Падчас назірання за зорным небам на тэлескоп села ластаўка.

— За чым назіраем? — запыталася яна.

«Можа, міжпланетная госця?», — падумалася мне.

— Вывучаю космас. Хачу знайсці новы сусвет. Ты, дарэчы, не адтуль?

— Не. Навошта табе гэта?

— Магчыма, там таксама існуе жыццё. Было б цікава пазнаёміцца з новымі сябрамі.

— А мой дом тут. І сябры — таксама. Мне новыя сусветы не патрэбны. Мяне чакаюць.

— Хто?

— Дзеткі.

— Чаму ты зараз не з імі?

— Па начам лётае шмат мошак. Я дабываю ежу.

— Магчыма, на іншай планеце табе не прыйшлося б здабываць ежу. Яна сама ляцела б да цябе.

— Магчыма. Але мой дом тут. Пра іншае мне няма часу разважаць.

Сказаўшы так, ластаўка паляцела. Я зноўку застаўся сам-насам з тэлескопам і зорным небам. Мой дом таксама быў тут, пад гэтым дахам. Але я не спяшаўся ў яго, а шукаў іншыя сусветы.

«Пэўна, гэта таму, — падумалася, — што я сам па сабе ў гэтым сусвеце, і таму ў мяне ёсць вольны час на тое, каб адкрываць новыя галактыкі».

У вокнах кватэр адзін за адным гасла святло. Людзі клаліся адпачываць. І толькі я, нібы сапраўдны астраном, заставаўся на даху і працягваў назіраць за зорным небам.

«Што ж, кожнаму сваё, — разважаў я. — Пэўна, і за зоркамі камусьці трэба назіраць. Для каго тады яны дораць сваё святло? Магчыма, яны таксама жадаюць быць кім-небудзь заўважанымі».

Днём я ўспомніў, што даўно не быў у сваёй знаёмай — Элі. Я патэлефанаваў ёй і дамовіўся аб сустрэчы. На шчасце, яна жыла недалёка — дваццаць хвілін пехатой. Па дарозе я набыў печыва да гарбаты, якую сяброўка абавязкова прыгатуе да майго прыходу.

— Дзе ты столькі быў? — запыталася яна. — Даўно не заходзіў.

— Назіраў за зоркамі. Ты таксама «добрая». Калі так хацела пабачыцца, магла патэлефанаваць.

— Займалася хатнімі клопатамі, — у сваю чаргу адказала сяброўка.

Мы стаялі і глядзелі ў вочы адзін аднаму. У гэтае імгненне да мяне прыйшла думка: «Жывуць побач знаёмыя людзі, а бачацца вельмі рэдка. Нібы існуюць на іншых сусветах».

— Навошта табе зоркі? — запыталася за гарбатай Эля.

— Хачу знайсці новыя сусветы. Пазнаёміцца з іншапланецянамі, — адказаў я.

— Для гэтага не трэба назіраць за зоркамі. Іншапланецян дастаткова і на нашай планеце, — усміхнулася знаёмая.

— Дзе?! — не паверыў я.

— Вакол нас. Хіба ты не заўважаў? Часам людзі паводзяць сябе як іншапланецяне.

— Жартуем?

— Зусім не. Вось нядаўна я бачыла, як чалавек размаўляў з некім па таксафоне. Уяўляеш? Мабільная сувязь, інтэрнэт, а ён па таксафоне!

— Здаецца, гэта не той прыклад, — далікатна прамовіў я.

— Чаму не той? — у сваю чаргу здзівілася Эля. — Для мяне — той. А вось яшчэ. Заходжу я неяк у краму, бачу, мужчына патэльню выбірае. Пытаецца ў прадаўца: «Скажыце, у якой яйкі лепш варацца?» Разумееш?

— Хіба гэта значыць, што чалавек з іншай планеты? — не пагадзіўся я. — Проста варыць яйкі ў патэльні яму зручней.

— А з якой тады ён планеты ў такім выпадку? — не пагаджалася знаёмая.

— Усё ж гуманоідаў я ўяўляю крыху інакш.

Мне здавалася, што я і Эля сапраўды з розных сусветаў. За той час, што не бачыліся, мы сталі амаль чужымі людзьмі. А некалі, год назад, я амаль штодня наведваў яе. Адчуваў яе настрой, думкі, а зараз не мог зразумець, хоць сядзеў на адлегласці выцягнутай рукі.

— А ты ведаеш легенду пра Млечны шлях? — запытаўся я ў Элі.

— Не, — адказала яна.

— Калі б мы разам назіралі за ім з тэлескопа, я б змог расказаць яе.

— Яшчэ чаго. Быццам мне заняцца няма чым, — здзівілася сяброўка.

Дапіўшы гарбату, стаў збірацца дадому.

— Заходзь яшчэ, — сказала развітваючыся сяброўка.

— Абавязкова, — схлусіў я, бо разумеў, што не хутка (ці ніколі) адчыню гэтыя дзверы.

Гэтай ноччу я зноў выправіўся на дах. Неба было зорным. Як ніколі дагэтуль, мне было цікава назіраць за знічкамі, якія маленькімі кропелькамі ўпрыгожвалі неба.

Раптам у цішыні пачуўся голас:

— Як там?

Ад нечаканасці я здрыгануўся, азірнуўся. Каля маіх ног круціўся маленькі пацучок.

— Прыгожа, — адказаў я.

— І ўсё? — запытаўся зноў пацучок.

— І ўсе.

— Дзеля гэтага ты ходзіш некалькі дзён запар сюды? Я даўно цябе ўжо запрыкмеціў.

— Так.

— Дзівак.

— Чаму?

— Лепш зірні, чым займаюцца па вечарах іншыя людзі.

— Ведаеш, падглядваць за чужым жыццём я не прывык.

Але ўсё ж накіраваў тэлескоп на акно, дзе гарэла святло. Зірнуў у шкельца. Нічога не разгледзеў. Змяніў настройкі тэлескопа, навёў рэзкасць. Гаспадары кватэры сядзелі за сталом. На ім стаяў торт. Пэўна, адзначалі нечы дзень народзін.

Навёў тэлескоп на іншую кватэру. За сталом дзяўчынка рабіла ўрокі. У трэцяй кватэры мужчына рамантаваў на кухні кран.

— Бачыш, людзі занятыя сапраўднай карыснай справай, — сказаў пацучок.

— А якая карысць з твайго занятку?

— Адкрыю новы сусвет, пазнаёмлюся з іншапланецянамі. Магчыма, стану вядомым астраномам-адкрывальнікам.

— Пакуль гэта здарыцца, можна і лапы ўгору адкінуць, — сказаў госць. — Ты як хочаш, а я пабягу туды, дзе святкуюць. Пэўна, крошак там… Хоць паласуюся.

Я зноў навёў тэлескоп на неба. Зірнуў на зоркі. Назіраць за імі мне было цікавей, чым знаходзіцца ў кватэры. Мне здавалася, што людзі настолькі ўглыбіліся ў індывідуальнае жыццё, што развучыліся глядзець на зоркі, гуляць пад начным небам, чакаць знічку, што згарае, каб загадаць жаданне.

Гэтую ноч я правёў на даху да пачатку світання. Стала прыкмета халадаць. Паколькі я быў лёгка апрануты, то паспяшаў дадому.

На наступны дзень я адправіўся да свайго сябра Сашкі. Сашка — праграміст і на жыццё глядзіць праз прызму тэарэм. Сваё жыццё ён таксама спраграмаваў: за некалькі гадоў працы па спецыяльнасці паспеў набыць уласнае жыллё, машыну, летнік. Словам, спраўдзіў мару жыцця сярэднестатыстычнага абывацеля. Аб высокім і вечным Сашка мог думаць толькі тады, калі ў яго быў поўны страўнік, у супрацьлеглым выпадку яго цікавілі толькі матэрыяльныя каштоўнасці. Таму, ідучы да сябра я спадзяваўся, што ён ужо паснедаў.

— Астраноміяй захапіўся? — перапытаў Сашка, калі я расказаў яму пра сваю тайну.

— Так.

— Канешне, гэта нядрэнна. Па-першае, патрэбна адкрыць невядомую планету. Затым запатэнтаваць адкрыццё. І чакай грошай, вядомасці. Я магу ўкласціся ў праект, але ты мне павінен даць гарантыі, што абавязкова будзе поспех.

— А калі не?

— Тады на фінансаванне праекта не разлічвай.

— Праўда, я не збіраўся нават пра гэта з табой і гаварыць.

— Дарма. А што ты збіраўся?

— Прапанаваць табе зазірнуць у тэлескоп.

— Навошта?

— Ты ўбачыў там шмат цікавага. Напрыклад — Млечны шлях. Ведаеш, некалі гэтае скапленне зорак нашы продкі называлі Птушынай дарогай. Быццам менавіта па ёй птушкі ведалі якім шляхам ім увосень трэба ляцець у вырай, а вясной — вяртацца.

— Навошта мне гэта ведаць? — у сваю чаргу адказаў сябар. — У мяне свой сусвет: планаванне, разлік, вынік. І вянец гэтаму поспех, за якім — грошы. А глядзець на зоркі — справа слабых.

— Няўжо?! — амаль выкрыкнуў я.

— Так. Прабач, але ў мяне вельмі шмат спраў. І траціць час на драбязу не вельмі б хацелася. Калі будуць рэальныя праекты — заходзь, тэлефануй.

Мне не заставалася больш нічога, як развітацца і пайсці.

Я ішоў дадому вельмі расчараваны. Аказалася — мой занятак — нікога не цікавіў. Ніхто не верыў у мой поспех. Усім здавалася, што гэтая справа не вартая і лупленага яйка. Тым больш, у кожнага быў свой сусвет, і кожны у гэтым сусвеце існаваў. Штосьці новае нікому не было патрэбным. Штосьці новае — значыла адмовіцца ад нечага старога, такога звыклага і дарагога.

«Дзе твой сусвет?», — запытаўся я сам у сябе.

Адказ не прыходзіў. Мне чамусьці здавалася, што ён пэўна знаходзіўся недзе ў іншым месцы, але не ў маёй кватэры. Магчыма, тэлескоп дапаможа мне яго знайсці, а магчыма і не.

Быў выхадны. Пасля начных прыгод я правёў яго амаль у ложку.

І зноў наступіла ноч.

Раптоўна зазваніў дамашні тэлефон. Гэта было дзіўным. Звычайна мне тэлефанавалі на мабільны. Я падняў трубку. Гэта была знаёмая.

— Уяўляеш, у мяне сеў акумулятар, — пачуўся яе голас. — Нікога побач не было, каб папрасіць на хвілінку мабільны. Толькі побач знаходзіўся таксафон. Я набыла ў найбліжэйшым кіёску картку і патэлефанавала табе. Уяўляеш: адчуваю сябе гуманоідам.

— І?

— У гэты момант мне чамусьці захацелася зірнуць на зоркі. Ты яшчэ не выкінуў свой тэлескоп?

— Не.

— Тады выдатна. Будзем назіраць разам.

Я стаў збірацца на дах. Сёмае пачуццё падказвала мне: сёння я абавязкова адкрыю новую галактыку, знайду свой сусвет.

 

Андрэй Сідарэйка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.