Вы тут

Ці можна адрадзіць неперспектыўныя вёскі і ці быць ордэну Сям'і


Пра гэта пацікавіліся парламентарыі ў кіраўніка дзяржавы.

Традыцыйна пасля Паслання кіраўніка дзяржавы парламенту і народу Беларусі дэпутаты і члены Савета Рэспублікі атрымалі магчымасць задаць Прэзідэнту свае пытанні. Як звычайна, яны былі розныя, закраналі як традыцыйныя эканамічныя, палітычныя тэмы, так і канкрэтныя, чалавечыя.


Дэпутат ад Барысаўскай сельскай акругі №63 Тамара КРАСОЎСКАЯ спытала пра будучыню беларускай вёскі. Яна звярнула ўвагу, што ў многіх населеных пунктах закрываюцца школы, ФАПы, дамы культуры — якраз тыя ўстановы, якія падтрымліваюць жыццё ў сёлах. Дэпутат турбавалася, як можна захаваць прыцягальнасць жыцця на зямлі.

Падчас выступлення на Пятым Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт ужо выказваўся на гэту тэму. Ён умоўна падзяліў усе сельскія населеныя пункты на тры тыпы: вёскі, на базе якіх створаны аграгарадкі і ў якіх, адпаведна, жыццё працягваецца; вёскі — былыя цэнтры калгасаў, у якіх пакуль яшчэ ёсць дастаткова насельніцтва; апошні тып — маленькія, так званыя неперспектыўныя вёсачкі, дзе жывуць ад сілы пару дзясяткаў чалавек. Такія сёлы, на думку кіраўніка дзяржавы, могуць адрадзіць самі выхадцы з іх, як гэта зрабіў ён сам са сваёй роднай вёскай.

Што да школ, то закрыццё іх у невялікіх вёсках залежыць ад мэтазгоднасці ў кожным індывідуальным выпадку. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: тут не стаіць пытанне эканамічнае. Галоўная задача — каб дзеці атрымлівалі годную адукацыю, і невялікія школы далёка не заўсёды даюць такую магчымасць. Адпаведна, калі школа закрываецца, то ўлады выдзяляюць аўтобус, які штодзень адвозіць дзяцей у іншую навучальную ўстанову. У той жа час, калі ў невялікай школе створаны нармальныя ўмовы для навучання дзяцей, то закрываць яе нельга.

Ганна КАНАПАЦКАЯ, дэпутат ад Кастрычніцкай акругі №97 (г. Мінск), задала пытанне, прысвечанае лібералізацыі эканомікі. Прэзідэнт адзначыў, што ўжо не той час, калі можна рабіць рэзкія рухі:

— Таму я, робячы нейкі крок, асабліва зараз, — я напачатку казаў, што за час мы перажываем, цяжкі час, з розных прычын — я вельмі асцярожны... Бо мільёны людзей за табой. А колькі яшчэ глядзяць з надзеяй на Беларусь, і шмат мільёнаў залежаць ад Беларусі. Нашы суседзі — бо ім хочацца свабодна перамяшчацца па Беларусі. Таму мы будзем рабіць, з аднаго боку, крокі па лібералізацыі, а з іншага — мы будзем памятаць, каб не згубіць кіруемасць дзяржавы.

Дэпутат Валерый КУРСЕВІЧ, Аўтазаводская акруга №92 (г. Мінск), пацікавіўся, ці можна аптымізаваць так званы транспартны падатак у залежнасці ад таго, наколькі інтэнсіўна выкарыстоўваецца аўтамабіль. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што калі дэпутаты ўнясуць такую заканадаўчую прапанову, адпрацаваўшы яе з урадам, ён яе падтрымае.

Аксана НЯХАЙЧЫК, дэпутат ад Шабаноўскай акругі №91 (г. Мінск), прапанавала кіраўніку дзяржавы падтрымаць ідэю наконт заснавання ордэна Сям'і. Яна аргументавала гэта тым, што ў краіне ёсць ордэн Маці, а бацька як быццам бы застаецца ўбаку. Дэпутат лічыць, што неабходна падтрымліваць прэстыж абодвух бацькоў. Прэзідэнт пазітыўна паставіўся да такой прапановы і прызнаўся, што гатовы падтрымаць. Але з агаворкай, што на такую ўзнагароду будуць вылучацца сем'і, у якіх пяцёра і больш дзяцей.

Анатоль ХІШЧАНКА, дэпутат ад Магілёўскай сельскай акругі №88, спытаў пра перспектывы і прыярытэты для Рэспублікі Беларусь ва ўдзеле ў такіх інтэграцыйных аб'яднаннях, як Саюзная дзяржава, Еўразійскі эканамічны саюз.

— Усе нашы перавагі — у тых дакументах, якія прыняты, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Усе дакументы, якія падпісаны ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, — правільныя, і нам трэба дзейнічаць, проста рэалізуючы гэтыя дакументы... Але нас крыўдзіць вельмі, калі нам у Расіі нехта там талкуе, што мы ледзьве не за іх кошт жывём, што мы нечага просім. Нічога падобнага. Кіраўніцтва Расіі так не думае, таму што той, хто прымае рашэнні, напрыклад Прэзідэнт Расіі, — ён цудоўна ўсё ўзважвае.

Па словах Прэзідэнта Беларусі, самае галоўнае для нас — гэта роўныя ўмовы:

— Трэба проста выконваць нашы дамоўленасці і не ствараць вось гэтыя перакосы, праблемы ў рабоце прадпрыемстваў. Яны ж рыначнікі большыя, чым мы!.. Таму гэта выклікае спрэчкі. Ну нарэшце дамовіліся, што на наступным Вышэйшым дзяржаўным савеце мы па прамысловай палітыцы вызначымся і прымем рашэнні.

Людміла МАКАРЫНА-КІБАК, дэпутат ад Грушаўскай акругі №99 (г. Мінск), расказала Прэзідэнту, што на адрас Палаты прадстаўнікоў паступаюць прапановы аб неабходнасці пашырэння гарантыі сацыяльнага забеспячэння медыцынскіх работнікаў і прадастаўлення ім права абавязковага страхавання за кошт сродкаў бюджэту. Па словах парламентарыя, названая праблема актуальная для работнікаў брыгад хуткай медыцынскай дапамогі і асоб, што аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам, якія пакутуюць на псіхічныя або інфекцыйныя захворванні. Прэзідэнт пацікавіўся, ці сапраўды ў нас быць медыцынскім работнікам настолькі небяспечна? Аказалася, што не вельмі: за тры гады пацярпелі два чалавекі. Прэзідэнт у такім выпадку прапанаваў абавязкова аказаць падтрымку гэтым людзям. Але, на яго думку, неабавязкова прымаць для гэтага агульны нарматыўны акт.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».