Вы тут

Як майстэрства і кемлівасць дапамаглі папярэдзіць трагедыю


Пад'ём у дэсантнікаў у дзень скачкоў з парашутам звычайна ранні. Перш чым зайсці на борт самалёта, трэба паспець паснедаць, падрыхтаваць амуніцыю, атрымаць зброю і парашут, прайсці інструктаж... Адным словам, звычайны дзень баявой падрыхтоўкі салдата, але гэты — 5 красавіка 2017 года — гвардыі радавы 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады Дзмітрый Страчук запомніў літаральна па хвілінах.


Дзмітрый Страчук не лі­чыць ся­бе ге­ро­ем. У па­доб­най сі­ту­а­цыі, на яго дум­ку, так па­сту­піў бы кож­ны дэ­сант­нік.

— У Віцебскім аэрапорце прайшлі праверку парашутаў у «казлах» (гэта значыць нахілены асноўны парашут абапіраецца на нахілены запасны парашут), — прыгадвае дэсантнік. — Потым надзелі парашуты, падагналі пад сябе падвясную сістэму. Нас яшчэ раз праверылі афіцэры паветрана-дэсантнай службы. Усё было як звычайна. Галоўнае, і настрой добры, бо сонейка свяціла, цёпла. Не без лёгкага хвалявання, вядома.

Гэты скачок для Дзмітрыя быў ужо сёмым па ліку, з Іл-76 ажыццяўляў дэсантаванне ўжо трэці раз.

— Прыляцеў транспартны самалёт, і нашая група з 30 парашутыстаў паднялася на борт, — успамінае падзеі таго дня Дзіма. — Жэня Жарскі ішоў наперадзе праз аднаго дэсантніка, у маім патоку па правым баку. Узляцелі, выйшлі на баявы курс. Прагучала каманда: «Падрыхтавацца!» Мы падрыхтаваліся і па камандзе «пайшоў» накіраваліся адзін за адным да выхаду...

І вось ён адлічвае сам сабе: «Пяцьсот адзін, пяцьсот два, пяцьсот тры, кольцы...» Зашалясцелі за спінай стропы, працягвае лічыць: «Пяцьсот чатыры, пяцьсот пяць. Купал!» Тузанула не надта моцна — купал раскрыўся.

«Задзіраю ўверх галаву, бачу, што мой парашут поўны, працуе нармальна, — працягвае дэсантнік. — Азірнуўся па баках, упэўніўся, што паблізу няма іншых парашутыстаў, развярнуўся па напрамку ветру і сышоў ад восі руху самалёта, каб не сутыкнуцца з левым патокам. Упэўнены, што ўсё зрабіў правільна, стаў рыхтавацца да прызямлення, але мой парашут раптам стаў то разварочвацца, то завісаць, то правальвацца ўніз. Я ўзяўся за стропы кіравання, падняў галаву і ўбачыў, што па купале майго парашута нехта прабягае...»

Да зямлі заставалася няшмат: прыкладна 80—100 метраў. У выніку рэзкага парыву ветру адбылося сыходжанне парашутыстаў у паветры. Сітуацыя, вельмі небяспечная для двух дэсантнікаў, пагоршылася яшчэ тым, што ў Яўгена Жарскага купал парашута пачаў гаснуць. Дзмітрыю Страчуку спатрэбілася ўсяго некалькі імгненняў, каб прыняць правільнае рашэнне. Ён зафіксаваў рукамі згаслы купал таварыша — і, як аказалася, выратаваў яму жыццё.

— Нейкі час мы зніжаліся амаль побач, потым я адчуў, што і мой купал гасне, але ў гэты час Яўген адкрыў запасны, — успамінае Дзмітрый. — Стала лягчэй, і мой купал зноў напоўніўся. Пасля прызямлення мяне яшчэ крыху працягнула па зямлі, пакуль купал не згас.

...А тым часам вучэнні працягваліся. Дэсантнікі 38-й дэсантна-штурмавой брыгады накіраваліся ва ўказаны раён, захапілі мост, абсталявалі палявыя абарончыя пазіцыі і да вечара ўтрымлівалі іх ад умоўнага праціўніка. Усе вучэбна-баявыя задачы былі выкананы. Вывучку брэсцкіх гвардзейцаў высока ацаніў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, адзначыўшы іх зладжаныя і правільныя дзеянні ў паветры і на зямлі.

Алег ГРАБЕННІКАЎ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дзень, што запомніцца на ўсё жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».