Вы тут

Ад Карэліі — да Берліна прайшоў у гады вайны ветэран з Лагойшчыны


Страшную вестку пра пачатак вайны з фашысцкай Германіяй Казімір Аніскавіч пачуў, знаходзячыся далёка ад радзімы, — у Рэспубліцы Комі. Сюды, у паўночны край, яго бацькоў як «спецперасяленцаў» прымусова вывезлі разам з чатырма дзецьмі ў 1935 годзе. Гэта быў трагічны час для самай працавітай і адносна нябеднай часткі сялянства, якую высылалі ў аддаленыя, неабжытыя мясціны.


Ка­зі­мір Аніскавіч (спра­ва) з ба­я­вым та­ва­ры­шам. Бер­лін, 1945 год.

Сям'я Аніскавічаў з вёскі Міхалкавічы знайшла прыстанішча ў пасёлку Усць-Коен. Адтуль бацькі Казіміра з дня ў дзень выпраўляліся на лесапавал. Сам жа Казімір, старэйшы з дзяцей, быў заняты на вывазцы нарыхтаванай драўніны.

У пачатку 1942-га юнака прызвалі ў Чырвоную Армію. Прайшоў падрыхтоўку на курсах малодшага каманднага саставу і, атрымаўшы званне сяржанта, быў накіраваны на Карэльскі фронт. Служыць выпала ў аэрасанным батальёне матарызаванай пяхоты, а дакладней на спецыяльных санях з авіяцыйным рухавіком, прыкрытых спераду бронеплітой. Дзякуючы добрай манеўранасці і праходнасці па балоцістай мясцовасці, аэрасані былі надзейнымі і незаменнымі.

— Нам прыходзілася змагацца з моцным, добра экіпіраваным праціўнікам, у асноўным з фінамі, — успамінае Казімір Лявонцьевіч. — Была пастаўлена задача — любой цаной, утрымліваючы актыўную абарону, не даваць магчымасці ворагу прарывацца ў напрамку Ладажскага возера, дзе пралягала так званая дарога жыцця. І мы з гэтай задачай спраўляліся, не ўступаючы фінскім лыжнікам у манеўранасці на сваіх аэрасанях, аснашчаных авіяматорамі.

У такіх умовах франтавая служба для нашага земляка працягвалася да вясны 1945 года. Затым яго, як і многіх вайскоўцаў, хто меў падрыхтоўку кіроўцы, знялі з розных франтоў для патрэб танкавых войскаў, колькасць якіх павялічвалася пры падрыхтоўцы для вырашальнага наступлення на берлінскім напрамку. Сяржант Аніскавіч у паскораным рэжыме прайшоў вучобу ў Свярдлоўску. Тут жа, у цэнтры Урала, быў наладжаны выпуск знакамітых Т-34, баяздольнасць якіх высока ацэньвалі нават праціўнікі.

Спецыяльны воінскі эшалон з мноствам танкаў на платформах за трое сутак пераадолеў шлях да прыфрантавой зоны. Ужо непасрэдна перад лініяй фронту баявыя машыны са сваімі экіпажамі пакінулі састаў і рушылі з баямі да ракі Одэр. Фарсіравалі водную перашкоду, і ўжо 25 красавіка нашы «трыццацьчацвёркі» выйшлі на ўскраіну сталіцы Германіі.

Распачаліся жорсткія баі на берлінскіх вуліцах. Танкісты, якіх падтрымлівалі магутныя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі СУ-100, дзейнічалі ў шчыльным узаемадзеянні з пяхотай. Гарматным агнём руйнавалі барыкады, падаўлялі кулямётныя гнёзды і варожыя гарматы з іх баявымі разлікамі. У такіх экстрэмальных умовах, дзе на кожным павароце падпільноўвала смяротная небяспека, многае залежала ад механіка-кіроўцы, яго жалезнай вытрымкі, здольнасці прымаць імгненныя рашэнні.

Але ўсё ж баявая машына, якой кіраваў танкіст Аніскавіч, двойчы была падбіта. Першы раз ад прамога пападання кумулятыўнага снарада, якім пагнула гармату. Другім разам — «фаўстам», свайго роду рэактыўным снарадам, прабіла вежу, у выніку загінуў камандзір танка. Механік-кіроўца Аніскавіч уцалеў, бо знаходзіўся ў ніжнім адсеку.

І вось адгрымелі апошнія залпы, над рэйхстагам запалымнеў чырвоны сцяг Перамогі. Казімір Лявонцьевіч дэмабілізаваўся толькі восенню 1946-га. Уладкаваўся ў арцель бытавых паслуг, на базе якой пазней быў створаны быткамбінат. Больш за 40 гадоў адпрацаваў там шафёрам, скалясіў Лагойшчыну ўздоўж і ўпоперак. За шматгадовую самаадданую працу на ніве бытавога абслугоўвання насельніцтва ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, які красуецца побач з баявым ордэнам Славы ІІІ ступені і медалём «За адвагу».

Лёс падарыў жыхару прылеглай да Лагойска вёскі Церхавічы актыўнае даўгалецце: у чэрвені ветэран адзначыць сваё 96-годдзе. Ёсць у яго і пэўны запас трываласці, які ён збярог на крутых дарогах жыцця.

Віктар НЕСЦЯРОВІЧ,

г. Лагойск

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.