Вы тут

Ракетчыкі і артылерысты вытрымалі іспыт на прафесіяналізм


На палігоне «Асіповіцкі» днямі было не па надвор'і горача. І гэта нягледзячы на тое, што лютавалі «Ураганы» і «Смерчы»...


Рэактыўныя сістэмы залпавага агню, гаўбіцы «Мста-Б», а таксама іншае ўзбраенне — усяго каля 120 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі — былі задзейнічаны падчас камандна-штабнога вучэння з ракетнымі войскамі і артылерыяй. Баявое майстэрства больш як 500 ваеннаслужачых асабіста ацаніў начальнік ракетных войскаў і артылерыі — начальнік упраўлення ракетных войск і артылерыі Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Генадзь КАЗЛОЎСКІ.

Рэзка парушаючы цішыню, снарады прыгожа выпісвалі траекторыю агню. Але мала хто ведае, што за гэтай прывабнай карцінкай — штодзённая баявая вучоба ракетчыкаў і артылерыстаў.

— Усе агнявыя задачы выкананы на «добра» і «выдатна», — адзначыў начальнік штаба — намеснік начальніка ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл палкоўнік Міхаіл ЧЫГІЛЕЙЧЫК. — Салдаты і сяржанты тэрміновай службы, ваеннаслужачыя ў рэзерве, афіцэры грунтоўна падрыхтаваны. Добрыя, глыбокія веды, паказаныя штабамі часцей, а таксама ўмелае кіраванне ракетнымі войскамі і артылерыяй дазволілі дабіцца такога высокага выніку.

Камандна-штабное вучэнне ракетных войскаў і артылерыі — вяршыня падрыхтоўкі ўсяго роду войскаў. Згодна з яго тэмай, ракетчыкі і артылерысты адпрацоўвалі выкананне баявых задач як пры правядзенні спецыяльных, так і абарончых дзеянняў.

— Калі задача выканана, камандзір адчувае гонар за свой экіпаж, — прызнаецца камандзір баявой машыны «Ураган» гвардыі малодшы сяржант Кірыл Голуб. Нягледзячы на тое, што ў войску юнак усяго толькі пяты месяц, вопыт баявых пускаў у яго ўжо ёсць. Па адукацыі Кірыл — інжынер-будаўнік, але даспадобы яму прыйшлася і вайсковая спецыяльнасць. Не выпадкова пасля заканчэння тэрміновай службы юнак плануе застацца ў арміі. Стаць афіцэрам — цяпер яго мара.

Удасканальвалі сваё майстэрства падчас вучэння і тыя, хто праходзіць службу ў рэзерве. Для Міхаіла Аскеркі і Дзмітрыя Грамыкі гэта ўжо трэція, заключныя, зборы. Хлопцы нават сумуюць, што хутка развітаюцца з арміяй. Міхаіл, у цывільным жыцці настаўнік фізічнай культуры, лічыць, што ваенная навука карысная любому мужчыну, і не важна, носіць ён пагоны ці не. «Да абароны сваёй Радзімы павінен быць гатовы кожны», — пагаджаецца з ім Дзмітрый і кажа, што ім вельмі пашанцавала з камандзірам, які навучыў іх кіраваць такой высокатэхналагічнай зброяй.

— Усе грамадзяне, якія завяршаюць службу ў рэзерве ў нашым вайсковым злучэнні, атрымалі ваенна-ўліковую спецыяльнасць артылерыста, — гаворыць намеснік камандзіра 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады гвардыі падпалкоўнік Сяргей АЛЯКСАНДРАЎ. — Нягледзячы на кароткі перыяд навучання, яны сталі сапраўднымі артылерыстамі. Цяпер, у адпаведнасці са сваёй пасадай, могуць без праблем справіцца з пастаўленымі задачамі. Артылерыя — зброя калектыўная, таму, калі кожны будзе добрасумленна выконваць свае абавязкі, добры вынік атрымаецца ва ўсяго калектыву.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН 

Загаловак у газеце: «Багі вайны» наносяць удар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?