Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Жонку слухай, а свой розум май

Па маім глыбокім перакананні, у нас, у Беларусі, ужо даўно матрыярхат — быў і быў, бо сам божанька так прызначыў: кіраваць павінны жанчыны. Хоць бы таму, што яны мудрэйшыя: не будуць без патрэбы кулакамі размахваць ды абы куды галовы падстаўляць — рызыкаваць таксама не будуць. Да таго ж працуюць яны, не раўнуючы, як той вечны рухавік, бо...

Мужыку, як правіла, што — наеўся, напіўся ды спаць заваліўся. А жанчыны — яны іншыя: ім мала, ім пра ўсё трэба клапаціцца. І пра ўсіх... Праўда, з розным вынікам. Што таксама добра, бо мужчыны — хоць калі-нікалі, а таксама павінны кіраваць і выглядаць (ці быць) разумнейшымі.

Зрэшты, гэта была толькі прыказка, а зараз — «казка».

Месца дзеяння — поўдзень Берасцейшчыны. Час — восень: людзі бульбу якраз капалі, найлепшую з культур. Цётка Галя, напрыклад, ёй бы ўсё засадзіла, калі б сілы былі. А так... Дзве рукі ў яе ды дзве дзядзькавы. Прычым — не дужа ахвотныя, бо той гадоў з дзесяць ужо стагнаў, што не трэба ім столькі бульбы... Але ж цётка як цыкне на яго, а потым як скажа...

Дык так яно ўрэшце і будзе.

Насадзілі, карацей — цэлыя гоні. І вырошчваць яшчэ няцяжка было, а вось выбіраць... Добра, што мотаблок свой: хоць і старэнькі, ды цягне — нават багаты ўраджай, з-за свету.

Так-так, чарговыя соткі найдалей ад хаты былі, каля самай мяжы з Украінай.

Зранку цётка з дзядзькам туды дабраліся, сталі ў градкі, напоўнілі першыя кашы, як раптам, скуль ні вазьміся, незнаёмы дзяцюк. І ледзьве не кленчыць: маўляў, людзі добрыя, ратуйце, машына зламалася, а халадзільнік у вёску завезці трэба. Дык, можа, як на мотаблоку, га? Колькі скажаце, столькі заплацім. Не пакрыўдзім вас...

Дзядзьку (як і ўсім дзядзькам) ні той паездкі, ні пагрузкі, ні грошай не хацелася. Ды і хлопец не падабаўся... Але ж цётка як цыкне: у чалавека, маўляў, бяда, а ты яшчэ думаць будзеш?! Трэба дапамагчы (грошы атрымаць таксама), і размове канец.

Канец дык канец — пярэчыць ёй дзядзька Вася не стаў: завёў сваю тарахцелку, ды паехалі з тым дзецюком да патрэбнага месца.

А ўжо там...

Толькі дабраліся (там яшчэ адзін хлопец быў), толькі пагрузілі ў прычэп нейкі агрэгат...

Серыял «Дзяржаўная мяжа» адпачывае: аднекуль, як снег на галаву, «зваліліся» «пагранцы» і, што называецца, узялі — на месцы злачынства, у момант перадачы тавару, цэлую зладзейскую «групоўку».

Дзядзька нічога сцяміць не паспеў, як хлопцы ўжо «ўключылі дурняў»: сказалі, што яны тут ні пры чым, што яны — толькі перавозчыкі, што не ведаюць ні што ў гэтай скрынцы, ні для чаго... А вось дзядзька (ён жа рэзідэнт і галоўны кантрабандыст) усё чыста ведае.

...Што далей было, — цётка Галя, пачуўшы, аж села: суд — ні з таго ні з сяго?! Штраф (а можа, і турма)?! Канфіскацыя мотаблока...

— Ну што, дакамандавалася, дацыкалася? — спытаў у яе дзядзька Вася. Ды гэтакім голасам, што, пачуўшы яго, сціхлі б усе жанчыны з раёна, а можа, і вобласці. Нават самыя адчайныя надоўга прыкусілі б языкі, схавалі свае «пілкі» і далі адпачыць «пілуемым»...

На шчасце, скончылася гэта гісторыя лепш, чым чакалася і чым магла. Дзядзька, хоць і наездзіўся (цягам двух месяцаў!) на «дачу паказанняў», але ж застаўся на волі. І мотаблок у яго не забралі.

Больш за тое — «козыр» падкінулі: жонка цяпер толькі разявіцца, каб нешта загадаць, каб ім пакамандаваць, дзядзька адразу ж: «Я цябе ўжо паслухаў раз... Досыць!»

І сапраўды: жанчыны, як правіла, маюць рацыю... Але не ва ўсім, не заўжды.

Таму слухаць іх, вядома ж, трэба. Але і свой розум мець.

Іван ГАРАЛЬЧУК,

г. Мінск


На вайне, як на вайне

Цікавыя часы... Хлопцы, хлопчыкі і нават дарослыя дзядзькі ў камп'ютарах забаўку знайшлі — называецца «танчыкі». І ваююць ва ўсю — з «мышкай» наперавес, розныя «ўзроўні» праходзяць, адзін аднаму смайлікі пасылаюць... Героі.

Мы ў вайну іначай гулялі: па-сапраўднаму, можна сказаць, па-даросламу. У вёсцы два разы фронт стаяў, так што заспелі яшчэ і гатовыя акопы, і бліндажы, і капаніры. Пры жаданні маглі знайсці нешта з амуніцыі (дарэчы, з нямецкіх касак у нас чарпакі рабілі — для чысткі сарціраў), хапала паўсюль патронаў і пораху.

Адпаведна дзеці штодня дзяліліся на рускіх і немцаў, хадзілі ў разведку, высочвалі ворагаў, вялі пастаянныя баі. Не без таго: нехта ў іх быў паранены, нехта — забіты, мелі месца допыты, катаванні і нават «расстрэлы»...

Карацей, цікава жылі... Але ж тыя, каго бралі ў «салдаты».

Мой брат Лёнчык (ён старэйшы на чатыры з паловай гады) «ваяваць», вядома ж, мог. І ва ўсю ваяваў бы, калі б не... я! Не было куды дзець. Паспрабаваў быў уцячы, мяне малую адну дома пакінуць, дык ад бацькі атрымаў па першае чысло... Яшчэ і я свой голас сарвала, бараніла ж брата, крычала: «Татачка, не бі Лёнчыка!»... Я любіла яго.

А ён... усюды цягаў мяне — можна сказаць, прычэпам, за што іх «галоўнакамандуючы», Мулік, вельмі злаваўся. Але ж аднойчы...

Калі коратка, то нашаму атраду трэба было вызначыць канкрэтнае месцазнаходжанне варожых «агнявых пунктаў», спіс «ворагаў» (пайменна) і колькасць пастоў. Іншымі словамі, нехта павінен быў пайсці ў разведку. Але хто? Мулік уважліва агледзеў усіх байцоў, трохі падумаў і раптам сказаў:

— А давайце адправім дробную?! Яна ж нешта кеміць? І запамінае? То можа, і справіцца? А калі не — калі зловяць ды прыб'юць — дык яе і не шкода будзе.

На вось гэта, апошняе, Мулік, магчыма, і спадзяваўся, але ж я з той радасці, з таго даверу ўжо нічога «не чула». Я — збіралася: хацела, напрыклад, начапіць Лёнчыкаву каску (рускую). Мулік, шкада, не даў — адабраў яе ў апошні момант.

Выправілася, значыць, так, без каскі: трохі патэпаю, потым — прылягу, агледжуся, усё запомню і далей іду...

Але ж раптам чую — сава над галавой. Што здзівіла — голас падае сярод белага дня. І як быццам не свой? Да таго ж у Барку і савіных гнёздаў «не назіралася»?

Пакуль я разважала, што б гэта значыла, на мяне наляцелі «гестапаўцы»:

— Хальт! — крычаць з усіх бакоў, потым бяруць пад белыя ручкі і валакуць у «фашысцкае логава».

— Лазутчыцу ўзялі! — дакладваюць іхняму галоўнаму.

— Пароль! — патрабуе той, седзячы на пяньку і смалячы самакрутку.

— Ды нізавошта! — геройствую я.

— А мы зараз паглядзім, — зверам глядзіць галоўны і дадае, — Хлопцы, усыпце ёй.

Прыслужнікі тут жа:

— Яволь! — І давай мяне калашмаціць.

Я плачу, крычу, адбіваюся, але ж каб сваіх здаваць, — то ні ў якім разе!

Тады за допыт бярэцца галоўны:

— Кіньце, — кажа сваім падначаленым, — Я зараз сам... Вось прыпяку ёй лоб папяросай...

І падымаецца з пянька. У тры разы вышэйшы...

Тут мне па-сапраўднаму стала страшна і, калі б я ведала той пароль, то, напэўна, сказала б. А пакуль што гучна зараўла:

— Я ўсё татку скажу! Вось пабачыце...

У тыя гады падобная заява спрацоўвала амаль стапрацэнтна, бо крыўдзіць малых у вёсцы не дазвалялася. За гэта і чужы нейчы бацька мог аддубасіць, і свой потым добра дабавіць.

Мусіць, таму маю пагрозу пачулі. Галоўны загадаў «жандарам»:

— Дайце ёй пад с... (самі ведаеце, пад што) і няхай шыбуе.

Прыслужнікі яшчэ раз ляпнулі «яволь» і, відаць, з задавальненнем выканалі б гэты загад, але я ўжо ўсхапілася і пабегла так, — з сабакамі не дагналі б!

...У атрадзе мяне чакалі. Аддыхаўшыся, я выклала ўсю сабраную мной інфармацыю пра сілы праціўніка. Яна аказалася вельмі важнай. Да таго ж я сказала Муліку, што варожыя назіральнікі дзяжураць на дрэвах і пэўныя сігналы падаюць савіным крыкам.

— Ты чаму так думаеш? — папытаўся Мулік і, выслухаўшы адказ, дадаў, — малайчына, Сонька!

Першы раз па імені назваў, бо я ўсё вызнала і пароль не здала.

Вось гэта была гульня! А то — «вайнушка», «танчыкі»...

Соф'я КУСЯНКОВА,

в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».