Вы тут

Як Наваполацк стварае працоўныя месцы


Аб тым, як працуюць службы любога горада, можна меркаваць па зваротах грамадзян. Як правіла, менавіта пасля асабістых прыёмаў у выканкамах вырашаецца фактычна любая праблема. І ўсё ж такі бываюць паўторныя звароты, а бывае і так, што па аб'ектыўных прычынах той жа капрамонт не можа быць зроблены «ў наступным месяцы»... На Віцебшчыне традыцыйна лідзіруючыя пазіцыі па агульным сацыяльна-эканамічным паказчыку займае Наваполацк. Старшыня Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Дзямідаў тлумачыць, як ён працуе з людзьмі і якім чынам дасягае пастаўленых мэт.


— Ці мяняецца апошнім часам характар праблем, з якімі людзі звяртаюцца на прыёмах грамадзян?

— Падчас нядаўняга асабістага прыёму грамадзяне прасілі дапамогі і садзейнічання ў пераводзе дзіцяці ў іншую школу, уладкаванні міні-стадыёна, аднаўленні дагавораў арэнды... Людзі ўзнімалі і тэму газіфікацыі ў адным з пасёлкаў, работы аграпрамысловых і прамысловых прадпрыемстваў. Прыкладна 70 працэнтаў усіх пытанняў падчас асабістых зваротаў эфектыўна вырашаюцца, нейкая частка бярэцца на кантроль. На кантролі, напрыклад, пытанне бадзяжных жывёл. Адны іх падкормліваюць, але не жадаюць узяць да сябе, а другія выступаюць за адлоў і магчымасць спакойна хадзіць па вуліцы. Гэта тэма бясконцых канфліктаў. У нас ёсць дзве грамадскія арганізацыі, якія цесна супрацоўнічаюць з спецаўтабазай, якая адлоўлівае і стэрылізуе жывёл. Грамадскія арганізацыі дапамагаюць пасля перадаваць іх тым, хто паклапаціўся б пра братоў нашых меншых.

Летась паступіла крыху менш зваротаў, чым у 2015 годзе, — 490. Кожны трэці быў звязаны з упарадкаваннем дваровых і гарадскіх тэрыторый, рамонтам жыллёвага фонду і аплатай паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пытанні таго ж рамонту вырашаюцца ў рабочым парадку паводле плана. Мы тлумачым, што тэхнічныя характарыстыкі важнейшыя за сам тэрмін. Можа быць і так, што 25-гадоваму дому капрамонт спатрэбіцца хутчэй, чым 40-гадоваму.

Аналіз зваротаў паказвае, што на другім месцы па частаце — пытанні працаўладкавання. Да канца 2014 года ў нас не хапала рабочых рук, асабліва ў галіне камунальнай гаспадаркі. Аднак з пачатку 2015-га на тых жа будаўнічых прадпрыемствах пачалася аптымізацыя колькасці работнікаў, аб'ёмы работ зменшыліся. Сур'ёзныя цяжкасці ўзніклі і ў аднаго нашага камунальнага гандлёвага прадпрыемства, якое займаецца рэалізацыяй прадуктаў харчавання, тавараў народнага спажывання. Сёння вакансій нізкакваліфікаванай катэгорыі стала менш, а колькасць прэтэндэнтаў на іх вырасла. Тым не менш нам удалося летась нават перавыканаць план па стварэнні працоўных месцаў (пры заданні 440 стварылі 496). Працуем найперш у галіне малога і сярэдняга бізнесу — спрашчаем, напрыклад, працэдуру здачы памяшканняў у арэнду. Актыўнасць праяўляюць і банкі, якія прапануюць крэдыты на выгадных умовах.

Аснова эканомікі горада — на 97 працэнтаў — прадпрыемствы «Белнафтахіма». 10 тысяч чалавек працуюць толькі на «Нафтане». Дзесьці кожны трэці жыхар горада заняты на прадпрыемствах, звязаных з нафтахімічнай галіной, напрыклад, спецадзенне шые «Нафтансэрвіс». Вядома, на такія прадпрыемствы набор кадраў ажыццяўляецца, галоўным чынам, на конкурснай аснове, сюды чалавека без належнай адукацыі не возьмеш. Я лічу, самі прадпрыемствы павінны шукаць спосабы, як заняць людзей, і не баяцца браць маладых спецыялістаў. Будзем спадзявацца, што наша прамысловасць — выраб металаканструкцый або радыёэлектроніка — зацікавяць інвестараў пасля таго, як у свабодную эканамічную зону «Віцебск» будзе ўключаны новы сектар агульнай плошчай 92 га — тэрыторыя Наваполацка і прамысловай зоны г. п. Баравуха.

— Якім чынам плануеце працягваць стварэнне новых працоўных месцаў?

— У студзені ўрачыста адкрылася новае прадпрыемства па выпуску смажанага гароху ў тым жа пасёлку Баравуха пад Наваполацкам. Гэта будзе каля 50 працоўных месцаў. У сакавіку на Біямехзаводзе бытавых другасных рэсурсаў была афіцыйна запушчана новая лінія — гэта яшчэ пяць рабочых месцаў. У сакавіку адбыўся і аўкцыён па продажы былога кінатэатра «Космас», які будзе рэканструяваны і перапрафіляваны пад аўтасэрвісны цэнтр. Таксама нядаўна мы збіралі прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, каб растлумачыць і нагадаць аб фінансава-крэдытных магчымасцях для развіцця іх прадпрыемстваў і арганізацый, пазнаёмілі з работай Савета па развіцці прадпрымальніцтва, створанага пры Наваполацкім гарвыканкаме. Расказалі і пра паслугі Наваполацкага цэнтра прадпрымальніцтва і нерухомасці. Акрамя таго, паведамілі пра ўвядзенне мараторыя на правядзенне праверак з 1 студзеня наступнага года.

Летась у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне звярталіся з пытаннем працаўладкавання 3767 чалавек, што складае 86 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. У якасці беспрацоўных зарэгістраваны 2571 чалавек — на 17 працэнтаў менш, чым у 2015-м. На працягу года 2681 чалавеку аказалі садзейнічанне ў працаўладкаванні (з іх беспрацоўных — 1623). 26 беспрацоўных атрымалі субсідыі на арганізацыю аграэкатурызму і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці. 798 чалавек (з іх 696 беспрацоўных) прыцягваліся да аплачваемых грамадскіх работ. У сельскую мясцовасць з дэфіцытам рабочых рук пераехалі пры бюджэтнай фінансавай падтрымцы пяць сем'яў.

— Людзей заўсёды хвалюе развіццё сацыяльнай сферы...

— За нашай гарадской бальніцай замацаваны дзевяць тэрытарыяльна блізкіх раёнаў. Вядома, першачарговая дапамога аказваецца на месцах, а сюды накіроўваюцца пацыенты з больш цяжкай паталогіяй. Бо менавіта на базе нашай бальніцы актыўна развіваюцца высокатэхналагічныя метады дапамогі. Летась была праведзена рэканструкцыя памяшканняў пад устаноўку ангіёграфа і камп'ютарнага тамографа. На гэты год запланавана стварэнне на базе міжраённага афтальмалагічнага аддзялення гарадской бальніцы міжраённага цэнтра мікрахірургіі вока. Будзем працягваць работу па адкрыцці траўматалагічнага пункта для жыхароў Наваполацка і Полацка, міжраённага цэнтра рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі. У дзіцячай паліклініцы будзе працягвацца работа па стварэнні цэнтра алергалогіі.

У горадзе працуюць 12 школ, дзве гімназіі і агульнаадукацыйны ліцэй, а летась уведзены ў эксплуатацыю вучэбны комплекс «Яслі—садок—пачатковая школа», на базе якога адкрыты філіял гімназіі №1. Праектуем новыя ўстановы адукацыі ў густанаселеных раёнах новай забудовы. У СШ №8 працягваецца апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі. А пры падтрымцы Еўрапейскага саюза стартаваў новы праект «Наваполацк — ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада», у межах якога на базе школы павінны з'явіцца ўнікальная спартыўная пляцоўка і ліфт для навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.