У гэтыя выхадныя пройдзе ўжо традыцыйны, 8-ы Фэст экскурсаводаў, дзе кожны ахвотны можа абсалютна бясплатна наведаць экскурсію па сваім родным горадзе ці нават мястэчку, вёсцы. Але работа Фэсту пачынаецца значна раней — ужо сёння некаторыя цікавыя вандроўкі чакаюць жыхароў сталіцы.
Поўны спіс экскурсій — месцы правядзення і час пачатку — можна адшукаць на сайце fest-guіdes.by. Там жа будзе праходзіць абавязковая электронная рэгістрацыя на выбраную экскурсію. Дарэчы, для тых, хто не мае ўласнага камп'ютара ці не надта добра валодае ім, створана тэлефонная лінія: (8017) 395 83 79 і (8044) 724 20 50. Патэлефанаваўшы на адзін з гэтых нумароў у сераду, чацвер ці пятніцу з 10 да 16 гадзін, можна запісацца на экскурсію.
— Не толькі выхадныя будуць напоўнены цікавай экскурсійнай праграмай. Фэст выходзіць за межы двух дзён, — адзначае каардынатар Фэсту экскурсаводаў Валянціна Кароткіна. — Гэта дазволіць і ў іншыя дні, у тым ліку тым, хто ў выхадныя пакіне родны горад, патрапіць на экскурсіі і даведацца нешта цікавае. Сёлета мы вызначылі ключавыя кірункі работы Фэсту. Па-першае, гэта павінна быць аўтарская экскурсія — распрацаваная, можа быць, не для гэтага мерапрыемства, але з нейкай адметнай ідэяй, думкай (дарэчы, у Фэсце ўдзельнічаюць не толькі экскурсаводы — на ім можна пачуць і гісторыкаў, археолагаў, музейшчыкаў). Па-другое, экскурсанты змогуць скласці свой маршрут. Бо хочацца, каб людзі болей цікавіліся сваёй малой радзімай. Мэта Фэсту — зацікавіць мінакоў тымі мясцінамі, якімі яны ходзяць штодня. Мы апублікуем поўны спіс усіх экскурсій. Па Мінску іх будзе болей за 80.
Сёлета да свята ўпершыню далучацца дзеці — школьнікі правядуць уласную праграму па праспекце Незалежнасці ў сталіцы. Будуць праводзіцца і экскурсіі на замежных мовах, напрыклад на англійскай. Заяўлена экскурсія і для людзей у вазках — яны таксама змогуць палюбавацца праспектам Незалежнасці і даведацца шмат цікавінак пра яго.
Ідэйны стваральнік Фэсту экскурсаводаў, арганізатар, які сёлета курыруе экскурсіі ў рэгіёнах, Павел КАРАЛЁЎ расказаў:
— Ёсць «голад» на гэты фестываль. Памятаю першую экскурсію, калі мы толькі прыдумалі яго ў 2009 годзе, не ведалі, колькі прыйдзе чалавек ці прыйдзе ўвогуле? Аднак на месцы нас чакала ўжо 70 чалавек! Для першага разу правядзення гэта было надзвычай натхняльна. З тых часоў цікавасць да Фэсту не страчваецца. Беларусы надзвычай хочуць бачыць свае помнікі. Мы, на жаль, мала ведаем мінулае, і гэта трэба выпраўляць. Тое, што беларусы ў гэтым зацікаўлены, надзвычай радуе. У рэгіёнах сёлета пройдзе 70 экскурсій. Мы нікога асабліва не заахвочваем: але людзі рэгіструюцца самі, каб штосьці правесці. У гэтым сэнсе абсалютны рэкардсмен — Віцебск — там пройдзе ажно 18 экскурсій па музеях, арт-галерэях, іншых месцах. У абласных гарадах — па 3—6 экскурсій. Таксама экскурсіі пройдуць у Оршы, Маладзечне, Пінску, Полацку, Лідзе, Дзяржынску і іншых. Для нас важна, каб не толькі гарады змаглі паказаць сваё майстэрства, але і мястэчкі і вёсачкі — у некаторых з іх таксама пройдуць эксклюзіўныя экскурсіі.
Сярод невялікіх населеных пунктаў, жыхары якіх вырашылі далучыцца да Фэсту, варта адзначыць вёску Юравічы Калінкавіцкага раёна — там ёсць унікальны храмавы комплекс. Вёска Мількаўшчына на Гродзеншчыне з'яўляецца месцам нараджэння Элізы Ажэшкі. З вёскі Старыя Васілішкі на Гродзеншчыне паходзіць Чэслаў Немен. Такім чынам, экскурсійная палітра надзвычай багатая.
Як адзначыла начальнік аддзела Нацыянальнага агенцтва па турызме Ірына Варановіч, 11 мая пройдзе майстар-клас для экскурсаводаў і круглы стол на адпаведную тэму. А 12 мая будзе зладжана адмысловая экскурсія, таксама менавіта для экскурсаводаў, дзе яны пачуюць шмат карыснага для сябе. Усе зацікаўленыя могуць знайсці кантакты для запісу на сайце гэтай установы.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.