Усяго нічога засталося да лагічнага завяршэння сёлетняга рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу, які ўжо не першы год праводзіць БРСМ. Напярэдадні фіналу «Чырвонка. Чырвоная змена» працягвае знаёміць чытачоў з самымі крэатыўнымі праектамі маладых дапытлівых розумаў — пераможцаў абласных і мінскага гарадскога этапаў гэтага адмысловага творчага спаборніцтва.
Галоўныя эканамісты аддзела статыстыкі, інвестыцый і будаўніцтва галоўнага статыстычнага ўпраўлення горада Мінска Юлія Бутэвіч і Аляксей Сцецкі прапануюць свой праект — L-картку. Гэта анлайн-платформа для ўпраўлення дысконтнымі, бонуснымі і клубнымі карткамі ў смартфонах спажыўцоў.
— Рынак іх карыстальнікаў імкліва расце: на сёння ў краіне больш за пяць мільёнаў жыхароў маюць смартфоны. Перспектыва развіцця гандлёвай сеткі і ўкаранення сучасных тэхналогій відавочная, — лічаць распрацоўшчыкі. — Зараз у Беларусі падобнага сэрвісу няма. Ён дазволіць спажыўцам пазбавіцца ад шматлікіх пластыкавых картак. Апроч таго, анлайн-платформа будзе інфармаваць аб акцыях, зніжках, спецыяльных праграмах і адкрыцці новых пунктаў продажу. А бізнесу сэрвіс забяспечыць эфектыўны канал камунікацыі са сваімі кліентамі: прапановы будуць паступаць патэнцыйным пакупнікам, а таксама спажыўцам, што знаходзяцца непадалёку ад канкрэтнага гандлёвага цэнтра.
Праграмнае забеспячэнне на падставе камп'ютарных тэхналогій 3D «Мой бяспечны дом» (аўтары распрацоўкі — Вольга Багамаз і Алена Пятрыка з Універсітэта грамадзянскай абароны МНС) прызначана для навучання насельніцтва правілам пажарнай бяспекі ў быце праз мадэляванне аварыйных сітуацый у жылым доме. Для карыстальніка ствараецца максімальна поўная ілюзія знаходжання ў жылым аб'екце тыпу «катэдж» ці «кватэра» з магчымасцю прагляду яго бягучага становішча ў памяшканнях. Канчатковая мэта прадукту — стварыць умовы для засваення і замацавання ведаў аб правілах бяспекі, выпрацаваць навыкі ідэнтыфікацыі іх парушэнняў.
Студэнт першага курса факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Глеб Машканаў узяўся за распрацоўку канцэпцыі сістэмы маніторынгу і рэагавання на ўцечкі бытавых газаў у шматкватэрных жылых дамах. Яна, падключаная ў кожнай кватэры, будзе днём і ўначы ў аўтаматычным рэжыме рэагаваць на самыя нязначныя ўцечкі бытавога газу і аўтаматычна выклікаць брыгаду аварыйнай службы і самастойна адключаць пад'езд дома ад газазабеспячэння да яе прыезду.
Аспірант Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Кузьміч прапанаваў да ўдзелу ў конкурсе зараднае ўстройства для гаджэтаў на аснове сонечных панеляў. Праект маладога чалавека базіруецца на стварэнні грамадскіх зарадных станцый, вырабленых з выкарыстаннем вядомых партатыўных зарадных устройстваў, якія плануецца ўстанаўліваць на вуліцах Брэста ў спецыяльна адведзеных месцах. Падчас зарадкі на станцыях можна будзе скарыстацца бясплатнай паслугай Wі-Fі. На думку аўтара, асноўнай перавагай праекта з'яўляецца зручная сістэма зарадкі мабільных устройстваў.
Нізкавольтны гукавы індыкатар «Антысон» для павышэння бяспечнасці кіравання аўтамабілем у начны час прадставіць у фінале навучэнец другога курса Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мікалай Лукашэвіч. Гэта ўстройства перашкаджае засыпанню кіроўцаў падчас руху. Індыкатар разам з элементам сілкавання выкананы на аднабаковай пячатнай плаце ў выглядзе скабы, што дазваляе, уключыўшы мікрапераключальнік, замацаваць яго за вухам. Пры глыбокім нахіле галавы падчас засыпання кантакты датчыка нахілу замкнуцца і ўключаць індыкатар — гучны сігнал імгненна разбудзіць кіроўцу. Для кожнага канкрэтнага выпадку можна падабраць найлепшае спалучэнне параметраў контуру: для атрымання максімальнай гучнасці пры мінімальным спажыванні току.
Наступны аўтар выносіць на суд журы праект «Забаўляльна-экалагічны аграпарк «Кукурузны лабірынт» «Кукурузаляндыя». Што гэта такое, спытаеце вы?
— Кукурузныя лабірынты — від сямейных забаў, якія існуюць у свеце ўжо не адно дзесяцігоддзе. Да Беларусі ідэя пакуль яшчэ не дайшла, аднак суседнія дзяржавы ўжо могуць пахваліцца ўласнымі кукурузнымі аграпаркамі і квэстамі ў кукурузе, — тлумачыць аўтар праекта Марына Бандык, першы сакратар Горацкага райкама БРСМ.
Аграпарк можа быць размешчаны на тэрыторыі раёна. Агульная яго плошча — 1,8 гектара. Ён разлічаны ў першую чаргу на дзяцей і моладзь і будзе ўключаць у сябе шэраг прапаноў забаў. Тэрыторыя дзеліцца на зоны: кукурузны лабірынт (для моладзі і дарослых), лабірынт з вяровак, цюкоў саломы, ёсць зона для пікнікоў, атракцыёны, арт-агарод і батут. Падсілкавацца можна на фудкорце, а адпачыць — у лаўнж-зоне ў гамаках. Па задумцы, на тэрыторыі аграпарка рэгулярна будуць праходзіць розныя майстар-класы, фестывалі, а ў кукурузным лабірынце — квэсты для дзяцей і дарослых.
Навучэнцы другога курса Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Максім Мінкін, Лізавета Давыдзенка і Мікіта Кайдо разам з навуковым кіраўніком Анжэлай Юнцэвіч распрацавалі мабільную праграму «Кішэнны фармацэўт», якая можа працаваць як у анлайн-, так і афлайн-рэжыме. Карыстальнік мае магчымасць весці ўлік сваіх лекавых сродкаў, запісваючы іх у «Аптэчку», ставіць напамінанне аб часе прыёму прэпаратаў і ў экстранных выпадках выклікаць хуткую дапамогу праз кнопку хуткага выкліку. Аўтары кажуць аб адсутнасці ў нас нечага падобнага.
...Чый праект з больш як сотні прадстаўленых у фінале прызнае найлепшымі журы? Хутка даведаемся!
Сяргей РАСОЛЬКА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.