Вы тут

Навошта педагогу навыкі артыста?


Пакідаючы сцены дзіцячага садка ва ўзросце шасці гадоў, Яўгенія Барабаншчыкава наўрад ці магла ўявіць, што вернецца сюды... у 21. Дзяўчына вучылася на настаўніка фізічнай культуры ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, па размеркаванні адправілася ў родныя Смалявічы. Патрэбная вакансія знайшлася ў яслях-садзе №3. Ужо больш як паўгода суразмоўніца працуе тут кіраўніком фізічнага выхавання. Пра асаблівасці працы з самымі маленькімі дзецьмі яна расказала нашым карэспандэнтам.


— Шчыра кажучы, амаль не памятаю, якой сама была ў дзіцячым садку, — смяецца Яўгенія. — Цікавасць да фізкультуры і спорту ў мяне з'явілася ўжо ў школе, нават хадзіла на дадатковыя заняткі. Займалася пераважна лёгкай атлетыкай, таксама ўдзельнічала ў спаборніцтвах. БДПУ выбрала таму, што там на спецыяльнасці «менеджмент у спорце і турызме» вучыўся мой старэйшы брат. Яму ўсё падабалася, таму я пайшла па яго слядах — на «фізкультурна-аздараўленчую і турысцка-рэкрэацыйную дзейнасць».

Дзяўчына сцвярджае, што вучыцца было цікава, хоць на першым курсе, як і кожны студэнт, яна сутыкалася з цяжкасцямі. Асабліва па профільных дысцыплінах, такіх як «лячэбная фізкультура». Але ўсё з лішкам кампенсавалася на практычных занятках. Будучыя настаўнікі вывучалі, у тым ліку і на практыцы, усе самыя папулярныя гульнявыя віды спорту і адзінаборствы. Акрамя таго, можна было выбраць для вывучэння іншыя кірункі, такія як лёгкая атлетыка, фітнес, аэробіка. Асобна вылучаліся спецыяльныя прадметы па педагогіцы, дзе студэнтаў вучылі тонкасцям працы з падрастаючым пакаленнем. Па словах дзяўчыны, на настаўнікаў фізкультуры ў БДПУ вучацца пераважна хлопцы...

— Пасля чатырох гадоў навучання занялася пошукам месца для размеркавання, — успамінае Яўгенія. — Прыйшла ў аддзел адукацыі, а там прапанавалі работу ў садку. Я спачатку спужалася: як гэта, працаваць з зусім маленькімі дзеткамі? Цяпер магу з упэўненасцю сказаць, што гэта асаблівая праца. Тут і час занятку зусім невялікі, і падыход да дашкольнікаў патрэбны адмысловы. Я, безумоўна, чытала тэарэтычныя дапаможнікі, шукала інфармацыю, але найбольш сваімі практычнымі парадамі мне дапамагла Ала Канстанцінаўна Марусіч, якая працуе тут даўно. Што датычыцца аднагрупнікаў, то яны ў асноўным размеркаваліся настаўнікамі ў школы ці трэнерамі ў спартыўныя вучылішчы.

Працоўны дзень кіраўніка фізвыхавання пачынаецца рана — ужо ў 7.30 трэба праводзіць зарадку ў шасці замацаваных за ёй групах. Пасля пачынаюцца заняткі: спачатку ў малодшых дзяцей, потым у старэйшых. Яны прыкметна адрозніваюцца ад заняткаў у школе. Па-першае, усё робіцца пад музыку, якую спецыяльна падбіраюць выхавацелі. Па-другое, сур'ёзную нагрузку маленькім дзецям даваць нельга — усё грунтуецца на падтрыманні фізічнай формы. Акрамя гэтага, вялікі акцэнт робіцца на гульні. Пасля абеду пачынаюцца гурткі: рытмапластыка, элементы сучаснага танцу. У канцы дня — «папяровая праца», якой, па прызнанні Яўгеніі, нямала: план-канспекты на кожны занятак, планаванне актыўнага адпачынку, дадатковых зарадак... Гэта, па словах маладога спецыяліста, найменш прыемны аспект работы. Дарэчы, часам даводзіцца асвойваць і тое, чаму не вучылі ў ВНУ, напрыклад, акцёрскую справу. На кожным ранішніку выхавацелі атрымліваюць свае ролі, вучаць тэкст. Так, на Новы год Яўгенія была Снягурачкай.

— У кожнай групе больш за дваццаць дзяцей, і трэба ўсіх па імёнах ведаць, — смяецца Яўгенія. — Калі параўноўваць са школьнікамі (а я падчас вучобы практыкавалася ў старэйшых класах), то працаваць прасцей: у маленькіх дзяцей аўтарытэт дарослага бясспрэчны. Мяркую, што ў школе фізкультуру прасцей весці мужчынам, а ў садку — нам.

Маладому выхавацелю ў дзіцячым садку давяраюць, пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што менавіта яе ўсяго праз паўгода працы адправілі на раённае метадычнае аб'яднанне — там Яўгенія прадстаўляла калегам сваю рэалізацыю заняткаў на стэпах (спецыяльных мабільных пляцоўках для фітнесу). Гэта задумка не ўваходзіць у асноўную праграму навучання, а прапаноўваецца як дадатковая паслуга ахвотным бацькам. Працуючы на паўтары стаўкі, дзяўчына зарабляе каля 400 рублёў. Для такога горада, як Смалявічы, гэта неблагія грошы. Адзінае, на што наракае малады спецыяліст, — для адпачынку тут няма вялікіх магчымасцяў. У вольную хвіліну яна звычайна адпраўляецца на стадыён або ў спартзалу.

— У чым плюсы і мінусы маёй работы? — перапытвае дзяўчына. — Самая вялікая перавага — праца з дзецьмі. Яны эмацыянальныя, заўсёды шчырыя. Прыходзіш у панядзелак на работу, бачыш іх усмешкі — і настрой падымаецца. Але гэта можна залічыць і да мінусаў — усё ж такі ад пастаянных стасункаў з дзецьмі хутка стамляешся. Я лічу сваю працу выдатным досведам. Адзінае, калі цяпер пайсці працаваць у школу, давядзецца наноў усё ўспамінаць. Але я сыходзіць не планую, пакуль што мяне ўсё задавальняе.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Мінск — Смалявічы — Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: А на рабоце — дзіцячы садок, або Навошта педагогу навыкі артыста?

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.