Вы тут

Дзе школьніку зарабіць на марожанае?


Атрымаць кішэнныя грошы можна не толькі за добрыя адзнакі. Служба занятасці гатова дапамагчы школьнікам знайсці падпрацоўку і на перыяд летніх канікул, і падчас навучальнага года. На які заробак можа разлічваць падлетак? І колькі гадзін павінен доўжыцца яго працоўны дзень?


Сёлета сталічная служба занятасці плануе ўладкаваць на часовыя работы больш за чатыры тысячы падлеткаў. Намеснік начальніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вікторыя УСОВІЧ расказвае, што навучэнцы могуць заняцца прыбіраннем тэрыторыі, азеляненнем горада, рамонтна-будаўнічымі работамі, афармленнем памяшканняў. Усяго плануецца заключыць дагаворы больш чым са 180 аб'ектамі. Гэта школы, камунальныя прадпрыемствы, цэнтры пазашкольнай работы з моладдзю. Самае папулярнае месца працы ў саміх падлеткаў — заапарк. Там навучэнцам давяраюць даглядаць жывёл і нарыхтоўваць кармы.

Колькі ж можна зарабіць? Аплата вылічаецца ў адпаведнасці з мінімальным заробкам (на сёння гэта 265 рублёў) і залежыць ад колькасці фактычна адпрацаваных гадзін. Так, калі падлетак працаваў па будных днях па дзве гадзіны, то за месяц ён атрымае крыху больш за 66 рублёў. Гэта што датычыцца работ, арганізацыя якіх фінансуецца з бюджэту ў рамках праграмы часовай занятасці (напрыклад, добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі). Калі ж уладкавацца на вакансію, якую аплачвае наймальнік (мыйшчыкам посуду, укладчыкам, камплектоўшчыкам), можна зарабіць і ўдвая больш.

Па законе непаўналетніх хлапцоў і дзяўчат нельга прыцягваць да цяжкіх і начных работ, працы ў шкодных умовах. У вучэбны час школьнікі ад 14 да 16 гадоў могуць працаваць у будны дзень максімум 2 гадзіны 18 хвілін, ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — тры з паловай гадзіны. На летніх канікулах рабочая змена павінна доўжыцца не больш за 4 гадзіны 36 хвілін і 7 гадзін адпаведна.

Знайсці падпрацоўку падлеткі могуць і самастойна — у Агульнарэспубліканскім банку вакансій ці на сайце гарадскога камітэта ў раздзеле з часовымі работамі. Вікторыя Усовіч нагадвае: перш чым шчыраваць, трэба заключыць з наймальнікам працоўны дагавор, каб у выніку не застацца без грошай.

Дарэчы, школьнікам да 16 гадоў для ўладкавання, акрамя стандартных дакументаў (пашпарта, медыцынскай даведкі, даведкі з навучальнай установы) патрэбна яшчэ і пісьмовая згода аднаго з бацькоў.

Адметна, што з кожным годам ахвотных зарабіць у вольны ад урокаў час становіцца больш. Калі ў 2015-м з дапамогай сталічнай службы занятасці часовую падпрацоўку атрымалі 2,6 тысячы падлеткаў, то летась — амаль 4,3 тысячы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пасля ўрокаў — у заапарк

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.