Вы тут

У чым яно, шчасце?


На вочы патрапіла даследаванне вучоных па адным філасофскім пытанні, можна сказаць, самым галоўным для нас. («Ты можаш бясконца радавацца лету, толькі які ў гэтым толк, калі ў цябе работа».) Незалежныя даследчыкі арганізацый ААН апублікавалі абноўлены рэйтынг самых шчаслівых краін свету. У дакладзе змяшчаюцца звесткі аб 156 краінах. У якасці паказчыкаў спецыялісты ў розных сферах выкарыстоўваюць даныя аб узроўні дабрабыту, працягласці жыцця, сацыяльнай абароненасці і іншыя характарыстыкі. («Здымаў з карткі зарплату. Банкамат выдаў нейкія дзіўныя гукі. Думаю, рагатаў».)


Беларусь заняла ў гэтым рэйтынгу 67-е месца. Не самы горшы вынік. («Шукаеш шчасця, а набываеш вопыт. Часам думаеш — вось яно, шчасце! А не, зноў вопыт».) Даследчыкі, безумоўна, людзі разумныя, зноў жа — навуковыя методыкі... Але ж і чалавек, як вядома, істота недасканалая. («Бывае, збіраеш, збіраеш на «Ламбарджыні» і айфон, а потым — бац! Не стрымалася і купіла бяляш на прыпынку!») І шчасце — яно ў кожнага сваё, часам незалежнае ад знешніх фактараў. («Я спецыяльна нарадзіўся летам, каб на дзень нараджэння ў мяне замест торта быў шашлык».)

Чыталі навіну пра тое, як расіянка Любоў Талкаліна, былая жонка Ягора Канчалоўскага, на адпачынку ў індыйскім Гаа знялася на пляжы аголенай? Цела 39-гадовай актрысы прыкрывае толькі невялікі кавалак тканіны кшталту шаліка ці парэа. «Венера сарамлівая» — так назвала той здымак Талкаліна. І тут, як яно часта бывае, панеслася на прасторах інтэрнэту... («Усе замерлі ў чаканні той самай смелай бабы, што першая выйдзе на вуліцу без калготак і павядзе за сабой астатніх».) А што ўласна адбылося? Ніхто, мабыць, асабліва не звярнуў увагі на словы самой актрысы: «...Не ведаю на свеце ні аднаго іншага месца, дзе хацелася б так. Проста дзеля прыгажосці ў прыгажосці. Хто бываў у гэтых мясцінах, той ведае і зразумее...» Ну, шчаслівы быў чалавек у нейкі момант свайго жыцця: ад заняткаў ёгай, краявідаў, прыгожага ўласнага цела, ад таго, што нарэшце публічна заявіла аб расставанні з мужам! Дык чаму б не? («Калі ў жанчыны іскрынкі ў вачах, значыць, яе тараканы ў галаве нешта адзначаюць...»)

А гісторыя з гумарыстам Яфімам Шыфрыным, які выклаў у сеціве здымак падчас баўлення часу ў ложку з незнаёмкай? Сам артыст суправадзіў фота доўгім пастом на тэму ўзросту і страсці. Паводле яго слоў, ён знаходзіцца ў самым росквіце сіл. («Як казаў мой дзед: я — твой дзед!») Усе ведаюць пра захапленне Шыфрына фізічнымі практыкаваннямі і яго выдатную форму. Малайчына, што тут скажаш! Адзінае, што ў гісторыі з гэтым фота назіраўся невялікі перабор з самалюбаваннем. («У спартзале: «— Прабачце, а вам яшчэ доўга перад люстэркам фатаграфавацца? — Яшчэ адзін падыход. — Тады я пачакаю».)

Не сакрэт, што для некага шчасце — гэта грошы. Каб выйграць, ды шмат!

Знаёмыя на поўным сур'ёзе пры дапамозе латарэі спрабавалі абзавесціся кватэрай. Марна, фартуна не кожнаму ўсміхаецца. (Памятаеце, з фільма «Масква слязам не верыць»: «— Вось я, напрыклад, заўсёды латарэйныя білеты набываю. — Выйграла? — А як жа! Два разы па рублю!») Ды і нават вялікія грошы далёка не кожнаму могуць дапамагчы. Чыталі, як жыхарка Шатландыі, што выйграла ў 17 гадоў у латарэю мільён фунтаў стэрлінгаў, абвінаваціла праз чатыры гады яе арганізатараў? Заявіла, што грошы сапсавалі ёй жыццё, маўляў, не трэба было атрымліваць іх да паўналецця. Шатландка сказала, што за час багацця ёй вельмі надакучыла адзенне ад вядомых брэндаў і адпачынак на дарагіх курортах... Як гаварыў пра іншага персанажа кот Матроскін: «Сродкі ў нас ёсць. У нас розуму не хапае».

А многія атрымліваюць задавальненне, калі грошы трацяць. («— Люся, як ты магла зрасходаваць за адзін раз усю зарплату? — Пайшлі, пакажу!») Як адна кітаянка, якая наняла 900 таксі на дзве гадзіны, каб зрабіць прапанову любаму. Аўтамабілі ёй спатрэбіліся з-за ўстаноўленых на дахах легкавушак электронных табло. На іх па просьбе дзяўчыны ўвесь заказаны час высвечвалася фраза: «Я хачу выйсці за цябе замуж, ты адважышся жаніцца на мне?» За паслугу кітаянка заплаціла каля 1,5 тысячы долараў, але, паводле яе слоў, аб патрачаных грошах ніколькі не шкадуе: любы прыняў яе прапанову! («У 7 гадоў я думала, што дарослая... У 14 думала, што я страшная... У 19 усё-такі вырашыла, што прыгожая... У 25 думала, што дурніца... А цяпер я разумею, што я дарослая, страшэнна прыгожая і далёка не дурніца...») У мяне адносна гэтай гісторыі толькі адно пытанне: чаму хлопец аж дзве гадзіны той надпіс чытаў? Усё ж зразумела было адразу — трэба браць! Ну сапраўды ж, не ў грошах шчасце, так? («Калі я бачу дзяўчыну ў ірваных джынсах — разумею, добрая гаспадыня, прыстойная жанчына, умее на сабе эканоміць. Такая футра гадоў 15 будзе насіць».)

Ісландскія СМІ паведамілі, што ў краіне зафіксаваны ўсплёск нараджальнасці праз дзевяць месяцаў пасля Еўра-2016. Ісландыя тады атрымала перамогу над зборнай Англіі, што стала найвышэйшым дасягненнем у гісторыі мясцовага футбола. Радасць і шчасце з гэтай нагоды ахапілі жыхароў вострава...

...Як гаварыла Варона ў мульціку пра дамавічка Кузю: «Шчасце — гэта калі ў цябе ўсе дома». Лепш, мабыць, і не скажаш. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Шчасце — у нас.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.