Вы тут

У суботніку прымуць удзел каля 340 тысяч жыхароў Гродзеншчыны


Плануецца, што сёлета ў рэспубліканскім суботніку, які адбудзецца 22 красавіка, прымуць удзел каля 340 тысяч жыхароў Гродзенскай вобласці, што на 20 тысяч больш, чым летась.


«Мы спадзяёмся пашырыць кола ўдзельнікаў рэспубліканскага суботніка, — паведаміў «Звяздзе» начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. — Акрамя рэкламы на транспарце, паўсюдна вывешаны лістоўкі, інфармуем праз СМІ. Лічу, што неабыякавыя жыхары горада і вобласці ў гэты дзень прыбяруць у сваіх дварах, на дзіцячых пляцоўках, у парках...»

Мясцовыя ўлады вызначылі кола работ у кожным раёне вобласці. Так, у Зэльвенскім, Дзятлаўскім і Гродзенскім раёнах асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца памятным месцам. У Ваўкавыскім, Карэліцкім, Слонімскім — працоўны дэсант высадзіцца на тэрыторыі дзіцячых летнікаў. Жыхары Навагрудчыны на суботнік збяруцца ў заказніку «Свіцязянскі».

Вялікі аб'ём работ чакае жыхароў абласнога цэнтра. Гродзенцы навядуць парадак вакол рэчкі Ласасянкі ў мікрараёне Фолюш, высадзяць дрэвы ў мікрараёне Дзвятоўка, правядуць генеральную прыборку ў гарадскіх парках і лясных масівах. Таксама ў гэты дзень пачнецца дэмантаж некаторых будынкаў скуранога завода, які знаходзіцца ў цэнтры горада.

Прагназуецца, што падчас рэспубліканскага суботніка ў вобласці будзе зароблена 680 тысяч рублёў. Палова сродкаў застанецца ў рэгіёне і будзе накіравана на рэканструкцыю і рэстаўрацыю гісторыка-культурнай спадчыны. Акрамя гэтага, частка заробленых на суботніку грошай будзе скарыстана на тэхнічную базу для развіцця творчасці дзяцей і моладзі, падрыхтоўкі да новага сезона дзіцячых летнікаў, а таксама для развіцця інавацыйнай інфраструктуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Летась асноўны акцэнт быў зроблены на добраўпарадкаванні Аўгустоўскага канала і іншых турыстычных аб'ектаў. Падчас суботніка было зароблена 600 тысяч рублёў, з якіх 300 тысяч засталіся ў рэгіёне. Палова гэтай сумы была накіравана на будаўніцтва мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні. Астатнія пайшлі на добраўпарадкаванне дзіцячых летнікаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Добрая традыцыя добрых спраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».