Вы тут

Супрацоўніцтва з Кітаем грунтуецца на самым лепшым. І новым


Дэлегацыя КНР, на чале з адной з ключавых палітычных фігур гэтай дзяржавы — старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам — наведала нашу краіну. Пра важнасць візіту кажа ўжо тое, што ў аэрапорце гасцей віталі абодва спікеры беларускага парламента. А ўчора з прадстаўнікамі Паднябеснай сустрэўся і кіраўнік дзяржавы.


— У год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі мы дасягнулі высокай інтэнсіўнасці ўзаемных візітаў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Сапраўды, літаральна на мінулым тыдні ў Палацы Незалежнасці прайшлі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з шэрагам грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў КНР: Генеральным пракурорам, міністрам грамадскай бяспекі, сакратаром Камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань.

— Перадайце ад мяне падзяку майму сябру Сі Цзіньпіну за запрашэнне на міжнародны форум «Адзін пояс, адзін шлях», — папрасіў Прэзідэнт. — Упэўнены, ён стане знакавай падзеяй не толькі для Кітая, але і для ўсёй планеты. Беларусь таксама зацікаўлена ў працягу сустрэч на вышэйшым узроўні ў рамках міжнародных фарматаў, такіх як Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Актыўныя кантакты чарговы раз падкрэсліваюць асаблівы ўзровень адносін паміж нашымі краінамі: давяральнага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У маі, дарэчы, плануецца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пекін. Акрамя ўдзелу ў названым міжнародным форуме, запланавана двухбаковая сустрэча са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Кітайская дэлегацыя падчас знаходжання ў нашай краіне правяла шэраг афіцыйных сустрэч.

— Думаю, вы заўважылі, што прыярытэтная ўвага падчас перагавораў удзяляецца пытанням эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не дзіўна. Мы чакаем, што высокі ўзровень нашых палітычных адносін падцягне за сабой і эканоміку, перш за ўсё Беларусі — да тых тэмпаў і тых вышынь, якіх дасягнулі вы.

Перагаворы праходзілі ў шчырай, добразычлівай атмасферы. І гэта натуральна, бо ў адносінах дзвюх краін няма праблем. Затое ёсць годныя, высокія мэты, выкананне якіх прынясе карысць і беларускаму, і кітайскаму народу.

Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць некалькі пытанняў двухбаковых адносін:

— Па-першае, далейшае развіццё Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і, галоўнае, — прыцягненне інвестараў. Мы ствараем магутную інфраструктуру і даём сур'ёзныя прэферэнцыі. Важна, каб усё гэта дало вынік у выглядзе прыходу высокіх тэхналогій, стварэння экспартаарыентаваных вытворчасцяў з гарантаваным рынкам збыту. Хачу звярнуць вашу ўвагу на адну істотную рэч. Падчас наведвання «Вялікага каменя» Старшыня КНР назваў гэта месца жамчужынай Шаўковага шляху. Мы не можам разам з вамі ствараць там прадпрыемствы і эканоміку мінулага. Туды трэба прыцягнуць для работы самыя перадавыя сусветнага ўзроўню кампаніі з эканомікай заўтрашняга дня. У адваротным выпадку прадпрыемствы не змогуць канкурыраваць на еўрапейскіх рынках ды і на рынках постсавецкай прасторы. Мы пра гэта дамаўляліся першапачаткова, і з таварышам Сі Цзіньпінам прытрымліваемся дагэтуль такой палітыкі і практыкі. Таму, пры абмеркаванні гэтых пытанняў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у палітбюро, ва ўрадзе, у Парламенце Кітая я вас прасіў бы мець перш за ўсё на ўвазе тое, што ў «Вялікім камені» павінны быць выключна высокатэхналагічныя прадпрыемствы.

«Вялікі камень» — галоўны праект у двухбаковым беларуска-кітайскім супрацоўніцтве. Гэта замысел не толькі гандлёва-эканамічны, інвестыцыйны, а, як пагадзіліся абодва бакі, — стратэгічны палітычны праект. У многім гэта — першы крок да будучых, яшчэ больш маштабных задач. Што да інвестыцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін, то за мінулы год да нас паступіла валавых інвестыцый з Паднябеснай на суму каля 250 мільёнаў долараў.

Па-другое, Прэзідэнт прызнаўся, што яго вельмі турбуе незбалансаванасць двухбаковага гандлю Беларусі і Кітая.

За 2016 год тавараабарот Беларусі і мацерыковага Кітая склаў 2,58 млрд долараў, з іх аб'ём беларускага экспарту — каля 470 мільёнаў долараў, імпарту — 2,11 мільярда. Сальда склалася адмоўнае — у памеры 1,65 млрд долараў.

Трэці кірунак, які прапанаваў абмеркаваць Аляксандр Лукашэнка, — актывізацыя супрацоўніцтва ў фінансавай сферы.

— Беларусь зацікаўлена ў прыцягненні прамых замежных кітайскіх кампаній у банкаўскі сектар. Ёсць папярэднія дамоўленасці па выхадзе Chіna CІTІC Bank на беларускі рынак. Зараз патрэбен дазвол кампетэнтных органаў Кітая. Акрамя таго, мы зацікаўлены размясціць беларускія аблігацыі на вашым фінансавым рынку. Неабходны адпаведныя даручэнні для аператыўнага праходжання працэдур у Народным банку Кітая.

Гэта толькі некаторыя кірункі для развіцця двухбаковых адносін:

— Я прасіў нашых кіраўнікоў парламента, каб яны вам у рабочым парадку назвалі яшчэ два-тры пытанні, у якіх мы крайне зацікаўленыя, якія маюць для нас прынцыповае значэнне. І, з другога боку, яны будуць іміджавымі праектамі для Кітайскай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Еўропы. Калі вы палічыце неабходным нас у гэтым плане падтрымаць, беларускі народ ніколі гэтага не забудзе і будзе вам вельмі ўдзячны.

Сярод іншых напрамкаў для ўзаемадзеяння беларускі лідар назваў супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы.

— Вы самі ўпэўніліся ў прыгажосці Беларусі, — адзначыў ён. — Мы вельмі спадзяемся, што грамадзяне вялікага Кітая знойдуць тут магчымасць адпачыць.

Чжан Дэцзян падзякаваў беларускаму боку за магчымасць наведаць нашу краіну. Па яго словах, Кітай задаволены развіццём двухбаковых адносін з Беларуссю. Пры гэтым дзяржавы падтрымліваюць інтэнсіўныя кантакты на розных узроўнях: ад міжрэгіянальнага да сустрэч на вышэйшым узроўні.

Пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы для кітайскай дэлегацыі была арганізавана экскурсія па персанальнай выстаўцы пейзажыста Валерыя Шкарубы, якая адкрылася ў Палацы Незалежнасці ў канцы сакавіка.

У тэму

Эканамічная скіраванасць

Са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам сустрэўся і прэм'ер-міністр нашай краіны Андрэй КАБЯКОЎ. Ён нагадаў, што падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай у 2016 годзе падпісана сумесная дэкларацыя аб усталяванні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

«Цяпер важна падцягнуць і эканамічныя адносіны да такога высокага ўзроўню супрацоўніцтва, таму прапануем абмеркаваць пытанні эканамічнай накіраванасці, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Для нас гэта асабліва важна напярэдадні візіту ў Кітай Прэзідэнта Беларусі ў маі 2017 года».

Гаворачы пра гэта, прэм'ер-міністр дадаў: «Мы разлічваем, што ў ходзе візіту прасунецца шэраг практычных напрамкаў нашага супрацоўніцтва з Кітаем. Таму разлічваем падчас вашага знаходжання ў Беларусі ў максімальнай ступені падрыхтавацца да гэтага візіту».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Высокатэхналагічныя прадпрыемствы ў аснове

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?