Вы тут

У Ліцэі Белдзяржуніверсітэта распачаўся прыём дакументаў


У Ліцэі Белдзяржуніверсітэта распачаўся прыём дакументаў. Яны будуць прымацца да 6 мая ўключна.


Новаўвядзеннем сёлетняй прыёмнай кампаніі стане прыём дакументаў у анлайн-рэжыме праз «асабісты кабінет абітурыента». З дапамогай гэтага электроннага рэсурсу старшакласнікі змогуць зарэгістравацца для ўдзелу ва ўступных выпрабаваннях, азнаёміцца з раскладам экзаменаў, а таксама даведацца пра іх вынікі. Ну а для абітурыентаў з аддаленых рэгіёнаў краіны гэта яшчэ і цудоўная магчымасць падаць дакументы, не выходзячы з дома.

Залічэнне ў 10-я класы ліцэя будзе ажыццяўляцца па выніках двух пісьмовых уступных іспытаў, якія пройдуць 14 і 21 мая. Рэзервовы дзень — 27 мая.

Усяго ў 2017/2018 навучальным годзе ў ліцэі плануецца сфарміраваць 12 класаў па 22 чалавекі: па два — матэматычныя, фізічныя, біялагічныя, філалагічныя, гісторыка-грамадазнаўчыя і па адным — хімічным і інфарматыка-матэматычным.

Без уступных іспытаў у Ліцэй БДУ залічваюцца пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (уладальнікі дыпломаў І, ІІ або ІІІ ступені) па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, гісторыі, грамадазнаўстве, рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры і англійскай мове.

У папярэдні год агульны конкурс у Ліцэй БДУ склаў 7 чалавек на месца. Самы высокі конкурс (11,8 чалавека на месца) утварыўся на рускім філалагічным кірунку. А найбольшая колькасць заяў ад абітурыентаў паступіла на хіміка-біялагічны профіль — 363. На адно месца тут было зарэгістравана 9,4 прэтэндэнта.

Прахадны бал на філалагічны кірунак (руская—англійская мова) склаў 123, на хіміка-матэматычны і фізічны — 132, хіміка-біялагічны — 131, філалагічны (беларуская мова) — 125, прыкладную інфарматыку — 130, матэматычны — 119, гісторыка-грамадазнаўчы — 114. Стаць ліцэістамі пажадалі 32 пераможцы рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.

Між іншым, да канца красавіка на серверы дыстанцыйнага навучання для абітурыентаў Ліцэя БДУ httр://www.lісеum.bsu.bу/аbіturіеntu/rереtіtsіоnnіе-vstuріtеlnіе-іsріtаnіуа.html арганізаваны бясплатныя рэпетыцыйныя экзамены.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Асабісты кабінет — для будучых ліцэістаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.