Вы тут

Дыялогі дабрыні і міласэрнасці


Першы маладзёжны міжканфесійны фестываль-выстаўка «Велікодны куліч» сабраў валанцёраў БРСМ «Добрае Сэрца» з усіх рэгіёнаў краіны.

Конкурс на найлепшую велікодную кампазіцыю і пісанку, індывідуальныя майстар-класы па іх вырабе, прэзентацыя творчых фотаработ, малюнкаў дзяцей і моладзі, а таксама дэгустацыя кулічоў — велікодны тыдзень у Храме-помніку ў гонар Усіх Святых набыў асаблівую святочнасць.


Аб тым, што Хрыстос Уваскрос, выпадковаму спадарожніку цяпер будуць нагадваць і восем упрыгожаных святочнымі пісанкамі «велікодных дрэў», высаджаных каля храма. Гэтым самым падлеткі, а таксама прадстаўнікі духавенства і дэпутацкага корпуса далучыліся да кансалідацыі намаганняў па захаванні сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцяў, папулярызацыі традыцый хрысціянскай міласэрнасці і дабрачыннасці, духоўна-маральнай асветы.

— У свае маладыя гады, калі мне давялося несці паслушэнства ў Іерусаліме, мы таксама саджалі дрэвы, — згадаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. — Здаецца, нічога незвычайнага, але гэта мае надзвычай важнае і палітычнае, і педагагічнае ўздзеянне на душу кожнага чалавека, прывязвае, аб'ядноўвае людзей. Сёння, калі ўсё часцей падымаюцца пытанні аб экалогіі, я заўсёды кажу: прыязджайце ў Беларусь і паглядзіце, як трэба любіць Радзіму, сваю зямлю.

Епіскап Мінска-Магілёўскай архіепархіі Юрый КАСАБУЦКІ лічыць вельмі важным, калі сучасная моладзь далучаецца да агульнай спадчыны. «Спадчына, якую мы атрымалі ад нашых продкаў, — гэта той скарб, які нам трэба захаваць і пераказаць іншым пакаленням, — перакананы епіскап. — Калі наша моладзь удзельнічае ў такіх велікодных мерапрыемствах, цікавіцца і сваімі рукамі спрабуе нешта зрабіць, гэта сапраўды добрая справа».

Па словах члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Андрэя БЕЛЯКОВА, фестываль-выстаўка «Велікодны куліч» праводзіцца ўжо пяты раз, але ўпершыню — на міжканфесійным узроўні. «Тысячы зерняў, якія мы калісьці закладвалі ў зямлю, праводзячы першы фестываль, сёння ўжо прынеслі плён, — адзначыў першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. — Мноства падлеткаў па ўсёй краіне добраўпарадкоўваюць помнікі і храмы, аднаўляюць духоўную спадчыну. Сёння мы аб'ядноўваемся, каб ствараць, развіваць, будаваць нашу Беларусь».

Адным з ключавых мерапрыемстваў фестывалю-выстаўкі стаў міжканфесійны «Адкрыты дыялог». Прадстаўнікі духавенства, а таксама дэпутацкага корпуса ў фармаце чаявання адказалі на пытанні, якія хвалююць сучасную моладзь.

— Наша краіна ніколі не была монаканфесійнай, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК, адзначыўшы, што мы прысутнічаем пры адраджэнні надзвычай даўняй беларускай традыцыі, калі ў XVІ стагоддзі за адным сталом на Вялікдзень побач сядзелі праваслаўныя, каталікі і нават пратэстанты. — Перад выклікамі бязбожнага глабальнага свету захаванне традыцый, фундаментальных паняццяў дабра і зла, разуменне маральнага выбару, таго, што ў чалавека акрамя правоў ёсць яшчэ і абавязкі, і тое, што без любові і міласэрнасці няма чалавека, — вось пра што мы павінны памятаць заўсёды.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?