Днямі ў вёсцы Копішча Мінскага раёна адкрыўся новы дзіцячы сад. Гэта яшчэ адзін прыклад плённага дзяржаўнага і прыватнага партнёрства. Установа пабудавана за кошт таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сі-трэйдынг». На дадзены момант кампанія з'яўляецца забудоўшчыкам жылога комплексу «Уручскі». Інвестар затраціў на ўзвядзенне сада 7,1 млн рублёў, яшчэ 66 тыс. рублёў — на набыццё гульнявога абсталявання.
Сад разлічаны на 12 груп, у тым ліку і лагапедычных. Наведваць іх будуць 230 дзяцей. Тут створаны добрыя ўмовы для таго, каб малыя развіваліся як фізічна, так і духоўна, спасцігалі новыя веды. Да іх паслуг басейн, аснашчаны ўсім неабходным блок харчавання, трэнажорная, фізкультурная і музыкальная залы, рэсурсныя цэнтры ў кожнай узроставай групе, метадычны кабінет. Прадугледжаны асобныя кабінеты для педагогаў: дэфектолага, псіхолага.
Гэтага дзіцячага сада з нецярпеннем чакалі бацькі маленькіх дзяцей вёскі Копішча. Справа ў тым, што ў вёсцы, якая практычна злілася са сталіцай, вядзецца актыўнае будаўніцтва жылля, пражывае шмат маладых сем'яў.
Наяўнасць неабходнай інфраструктуры дазволіла мінімізаваць затраты. Гэта не першы прыклад супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага інвестара ў сталічнай вобласці. Літаральна месяц таму новая дашкольная ўстанова прыняла малых у вёсцы Прылукі Мінскага раёна.
За апошнія два гады Мінскі раён прырос на 3,5 тыс. дзяцей да 6 гадоў і працягвае гэту дынаміку.
У цэнтральным рэгіёне вядзецца будаўніцтва яшчэ дзвюх дашкольных дзіцячых устаноў — кожная на 230 малых наведвальнікаў — у горадзе Жодзіне і Стаўбцоўскім раёне.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота БЕЛТА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.