Вы тут

«Якасць жыцця людзей — прыярытэт №1»


Большасць беларусаў разумее, для чаго нам патрэбныя раённыя выканаўчыя камітэты, але праца мясцовых Саветаў дэпутатаў для выбаршчыкаў часам застаецца загадкай. Газета «Мясцовае самакіраванне» вырашыла запоўніць гэты прабел. Над чым сёння працуе Савет дэпутатаў у раёне, і як народныя выбраннікі дапамагаюць людзям — аб гэтым наш карэспандэнт пагутарыў са старшынёй Дзяржынскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам САРАКАЧОМ.


 

— Давайце адразу «з месца ў кар'ер»: якія праблемы сёння існуюць у Дзяржынскім раёне?

— Праблемы ў жыцці ёсць заўсёды, але ўсе яны вырашаюцца. Пасля зімы, як заўсёды, самая галоўная праблема — гэта дарогі. Была марозная зіма, месцамі асфальт стаў разбурацца. Яшчэ ёсць некаторыя пытанні па ЖКГ. Але мы заўсёды дзелімся інфармацыяй у раённай газеце пра тое, што і дзе будзе адрамантавана. І людзі бачаць: ідзе рэальная работа. Магу сказаць, што і Дзяржынск, і раён у цэлым сапраўды папрыгажэлі за апошнія гады. Мы прыводзім да ладу дарогі, жыллёвы фонд, усталёўваем двухсхільныя дахі. Увогуле, спраўляемся з праблемнымі момантамі па графіку.

— Якія задачы стаяць перад Дзяржынскім раённым Саветам дэпутатаў на найбліжэйшы час?

— Мы сумесна з рознымі органамі вельмі добра супрацоўнічаем па Дэкрэце №3. Дапусцім, з сельсаветамі мы вывяраем спісы тых, хто павінен выплаціць падатак. Сустракаемся з людзьмі, якія сапраўды хочуць працаваць, але не могуць уладкавацца, — стварылі спецыяльную камісію. Разам з цэнтрам занятасці знаходзім вакансіі, якія могуць зацікавіць беспрацоўных. Цяпер гэта адна з галоўных задач. Яшчэ адна задача —
навядзенне парадку на зямлі. Вядзецца вельмі сур'ёзная работа з кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, прамысловасці, грамадзянамі, сельсаветамі па гэтай частцы. На самай справе, нічога незвычайнага, проста робім так, каб людзям было камфортна жыць.

— Як прадстаўнік народных інтарэсаў, вы часта кантактуеце са звычайнымі людзьмі?

— Часта, вельмі часта. Нават не буду казаць аб «прамых лініях» — гэта ж увесь час на слыху. Таксама кожны панядзелак у мяне прыёмны дзень. Я праводжу выязны прыём па
сельскіх Саветах. І перад тым як паехаць, абавязкова праязджаю па вёсках, па вуліцах, гляджу на рэальны стан населенага пункта. Таму прамы кантакт з людзьмі пастаянны. Акрамя таго, грамадзяне тэлефануюць, любы чалавек можа звярнуцца. Бо жыццё людзей для нас — гэта прыярытэт №1. Калі праблем і скаргаў няшмат, гэта сведчыць аб тым, што мясцовая ўлада вырашае пытанні. Прывяду статыстыку: зараз на прамую лінію тэлефануе 2—3 чалавекі, часам наогул не тэлефануе ніхто. А калі мы пачыналі, то было па 8—10 зваротаў. Лічбы красамоўныя.

— Дэпутат у Дзяржынскім раёне — які ён?

— Ведаеце, класічнае і адзінае азначэнне падабраць складана, бо ўсе людзі розныя. Вядома, дэпутату неабходна мець дзелавое здаровае стаўленне і мысленне. Калі чалавек ідзе ў дэпутаты, то ён павінен разумець, што гэта няпростая праца. Трэба ведаць сваю справу, быць прыстойным. І, вядома, спагадлівым.

— Выбаршчыкі ў вашым раёне ведаюць, што прапануюць дэпутаты ў сваіх праграмах?

— Безумоўна, бо заўсёды праходзіць перадвыбарная кампанія. Людзі звяртаюць увагу на тое, што жадаюць зрабіць будучыя дэпутаты на тэрыторыі раёна. Усё напісана даступна — і выбаршчыкі гэта бачаць. Тут вельмі дапамагае наглядная агітацыя: фатаграфія дэпутата, біяграфія, можна наўпрост спытаць пра тыя ці іншыя пункты перадвыбарнай праграмы.

— Вы пазначылі праблемы раёна. А з якімі пытаннямі прыходзяць людзі?

— Кожны чалавек прыходзіць з пэўнай праблемай, і, вядома ж, спадзяецца, што мае рацыю і сапраўды можа разлічваць на дапамогу. А пытанні самыя розныя: рамонт дарог і вулічнага асвятлення, агароджванне могілак, спілоўванне дрэў, вызначэнне межаў зямельных участкаў, арганізацыя пляцовак для выпасу жывёлы... Па меры магчымасцяў пытанні вырашаюцца. Але ёсць моманты, калі мы адмаўляем, і гэтае рашэнне мае рацыянальную падставу.

— Што важней: інтарэсы людзей ці інтарэсы ўлады?

— Інтарэсы людзей і інтарэсы ўлады, тых жа дэпутатаў — гэта блізкія паняцці, таму што дэпутаты выходзяць з народу. Мы шчыльна кантактуем са сваімі грамадзянамі. Толькі сумесна выканаўчая ўлада і дэпутацкі корпус могуць знайсці пункты судакранання, якія ў выніку прыносяць карысць нашым грамадзянам. Мы выдатна разумеем, што калі ў нас у раёне зладжана працуюць усе структуры і прадпрыемствы, то людзі будуць спакойныя і задаволеныя. І мне здаецца, што жыхары раёна адчуваюць, што мы стараемся, наводзім парадак.

— Бліжэйшым часам у Дзяржынскім раёне плануецца правядзенне выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Удзельнікі мерапрыемства «праінспектуюць» уцягванне ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай маёмасці. Што будзеце паказваць?

— Мы плануем паказаць аб'екты, якія раней не выкарыстоўваліся, а потым былі прададзеныя прыватным арганізацыям. Напрыклад, у нас ёсць прадпрыемства па выпуску лакафарбавых вырабаў — у свой час набылі будынак, зрабілі рамонт і цяпер спакойна працуюць. Больш за тое, раён атрымаў новыя працоўныя месцы, грамадзянам плацяць зарплаты, у іх ёсць поўны сацыяльны пакет. Ёсць прадпрыемства, якое займаецца выпускам сельскагаспадарчай прадукцыі. Новыя ўладальнікі ўсё аднавілі, мадэрнізавалі. Будынкі засталіся, але вонкавы выгляд стаў значна лепшы... Усяго будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, па раёне не вельмі шмат: мы ж знаходзімся каля сталіцы, таму фірмам выгадна размяшчаць вытворчасць недалёка ад Мінска. Так што я лічу — паступова такая маёмасць будзе распрададзена.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».