Вы тут

Падтрымаць гаспадарскі азарт


Яўген Гермаш — чалавек ініцыятыўны. У яго шэраг ідэй, якія ён хацеў бы ўкараніць у жыццё. Большасць з іх датычацца земляробства, а дакладней — вытворчасці агародніны, з даходаў ад якой і жыве сям'я. Пра такіх людзей кажуць, што яны піянеры, гэта значыць першыя спрабуюць нешта новае. Многія іх ідэі з'яўляюцца прыкладам для іншых, даюць старт новым адкрыццям і інавацыям, што накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця.


Яўген разам з жонкай Алай займаюцца вырошчваннем разнастайных культур, але перавагу аддаюць агуркам і капусце. У большай ступені менавіта для агуркоў ён паставіў сёлета металакаркасную цяпліцу на пяць сотак. Будаўніцтва цяпліцы — гэта рэалізацыя сумеснай ініцыятывы Яўгена і яшчэ некалькіх уладальнікаў прысядзібных гаспадарак, якая падтрымана Цэнтрам сельскага развіцця з дапамогай сродкаў праекта «Сетка агароднікаў Століншчыны (ЕхNеt)».

— Некалі бачыў такія цяпліцы ў Мелітопальскім раёне Запарожскай вобласці Украіны, — расказвае Яўген Гермаш. — Для такой канструкцыі, як у мяне, лепш выкарыстоўваць плёнку шырынёй 16 метраў, каб не клеіць. Сёлета гэтую плёнку заказвалі з Польшчы праз Цэнтр сельскага развіцця. Як яна сябе пакажа, ці прастаіць як мінімум тры сезоны, — паглядзім. Але менавіта на гэта спадзяванні.

Вышыня цяпліцы 4,5 метра, шырыня — 10 метраў. Вялікія памеры адразу ставяць перад пытаннем: як яе накрыць? Ды і сама металічная канструкцыя, па якой, здаецца, складана хадзіць, таксама прымушае задумацца... Мае апасенні аказаліся дарэмнымі. Крыць цяпліцу не так і складана. Мы прывыклі, што драўляныя канструкцыі парнікоў ніжэйшыя. Але ж на іх цяжэй нацягваць плёнку, — яна чапляецца за драўніну, яе трэба прыбіваць. А тут, дзякуючы авальнай форме канструкцыі, плёнка сама ахінае парнік. Патрэбен толькі спрытны чалавек, які залезе на канёк і будзе яе цягнуць.

Металакаркасная цяпліца — першая такая ў вёсцы. Але гэта далёка не адзіны эксперымент, рэалізаваны Яўгенам Гермашам. У 2011 годзе ён таксама першы ў сваёй вёсцы пачаў «грэць зямлю» — правёў вадзяное ацяпленне пад глебай. Яму вельмі спадабалася, нягледзячы на тое, што ў драўлянай цяпліцы штогод даводзіцца на зіму яго даставаць, а на вясну класці назад, каб не папсаваліся трубы. Яўген увогуле спрабуе ўдасканаліць сістэму ацяплення, таму што падаграванне паветра ў парніках з дапамогай «печак-буржуек» затратнае па расходзе дроў, а таксама патрабуе вельмі шмат часу на догляд ноччу. У адным з парнікоў летась ён зманціраваў сістэму вадзянога ацяплення, а ў гэтым годзе эксперымент прадоўжаны, у сістэму дабаўляюцца цеплавентылятары. Ідэю Яўген «падгледзеў» у Століне ў чалавека, які прымяняе такое абсталяванне для абагрэву вытворчага памяшкання.

У цяпліцы Яўгена стаіць вялізны кацёл, ад якога гарачая вада паступае па ўсіх трубах ацяплення. Ён мае дзве помпы. Звечара гаспадар падаграе грунт, а потым выключае падглебавае ацяпленне. Дзякуючы цёплай зямлі агурок добра развіваецца і менш хварэе.

Яшчэ на сваім участку Яўген Гермаш эксперыментаваў з вырошчваннем капусты брокалі ў другім севазвароце. (Гэты эксперымент таксама падтрыманы са сродкаў праекта.) Высяваў насенне ў канцы ліпеня безрасадным спосабам, і вынікам застаўся вельмі задаволены. Летась у яго пад гэты новы від капусты было адведзена 2,5 соткі. Вырошчваць спадабалася. Апрацоўка, паліў і праполка — без цяжкасцяў. Толькі трэба сачыць, каб своечасова зразаць галоўкі, якія ў гэтай расліны вельмі хутка зацвітаюць. Гаспадар рэалізоўваў брокалі самастойна. У асноўным вывозіў на восеньскія кірмашы.

Сёння збоку ад металакаркаснай цяпліцы стаіць новы магутны кацёл на 120—130 КВт. Ацяпленне плануецца весці пад зямлёю і па перыметры. Пад глебай ужо ляжаць пластыкавыя трубы.

Яўген з азартам расказвае пра выкарыстанне для накрыцця цяпліц двайной плёнкі, паміж слаямі якой запампоўваецца цёплае паветра. Тэхналогіі, якія дазваляюць эканоміць цяпло, ён таксама бачыў ва Украіне.

...У час майго наведвання сядзібы Гермашаў там кіпела работа. Яўген займаўся мантажом ацяплення. Большую частку работы па ўстаноўцы металакаркаснай цяпліцы рабіў самастойна. Як практычна і ўсю работу ў цяпліцах і ў полі. Сям'я Гермашаў імкнецца заўсёды абыходзіцца сваімі сіламі.

Таццяна СЕГЕН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.