Вы тут

Як у Прыдзвінскім краі прыводзяць у парадак мясцовыя дарогі?


 Гэта высвятляў наш карэспандэнт.


У 2,7 раза менш... за экватар

Віцебская вобласць, між іншым, на другім месцы ў краіне пасля Мінскай па працягласці такіх дарог. Яна — лідар па колькасці населеных пунктаў (каля 6 тысяч). І дарога да кожнага, незалежна ад колькасці насельніцтва, павінна быць у добрым стане.

На жаль, у трох райвыканкамах, куды я звярнуўся па каментарый, адмовіліся нешта казаць на гэту тэму. Тым больш паказаць з выездам на месца. Маўляў, чаму менавіта наш раён? Спасылаліся на недахоп фінансавання: «Ну вы ж разумееце...» Паводле іх слоў, былі б грошы, усе дарогі прывялі б у ідэальны стан.

Якія яны — крыніцы грашовых патокаў на пракладку, рамонт дарог, падтрыманне іх у добрым стане?

У Віцебскім аблвыканкаме канстатавалі, што працягласць дарог толькі мясцовага значэння 14 960 кіламетраў. Лідзіруе тут Пастаўскі раён — 998 кіламетраў. У Віцебскім адпаведна — 931, Гарадоцкім — 923, Полацкім — 860, Аршанскім — 768...

Плюс яшчэ 3,5 тысячы кіламетраў — працягласць дарожнага пакрыцця рэспубліканскага значэння, уключаючы і міжнародныя трасы. Іх утрыманне фінансуецца выключна з рэспубліканскага бюджэту. Для параўнання, даўжыня акружнасці экватара трохі больш за 40 тысяч 75 кіламетраў.

Дарожнікі адказваюць і за 858 мастоў, і водапрапускных труб пад імі. Усе трубы, дарэчы, выпрацавалі свой нарматыўны рэсурс...

— Дарог становіцца ўсё больш. Напрыклад, недзе з'явіліся новыя могілкі — неабходна зрабіць пад'езд. У іншым месцы ферму пабудавалі — таксама. Да новабудоўляў — асобных дамоў і цэлых мікрараёнаў — таксама неабходна забяспечыць пад'езды, — расказвае выконваючая абавязкі начальніка аддзела транспарту і камунікацый Віцебскага аблвыканкама Сняжана Цітова.

Асфальт — задавальненне дарагое

Больш за 3 тысячы кіламетраў абласных дарог грунтавыя. Многае робіцца, каб яны заставаліся ў належным стане. Зімой, у прыватнасці, дарогі чысцяць ад снегу, раскідваюць субстанцыі супраць галалёду. У цёплую пару года, калі трэба, прывозяць і рассыпаюць грунт, прафілююць. Нават, калі ў вёсцы жыве адзін чалавек, да яго без праблем павінны даехаць «хуткая», іншыя службы, машына пошты, аўталаўка і гэтак далей...

За мясцовыя дарогі адказвае КУП «Віцебскаблдарбуд». Цікава, што прадпрыемства мае аж 21 асфальтабетонны завод. Прадукцыю рэалізуюць іншым арганізацыям, якія адказваюць за рамонт дарог, сельскагаспадарчым прадпрыемствам, грамадзянам...

Будаўніцтва аднаго кіламетра дарогі да дэнамінацыі абыходзілася прыкладна ў 2,5 мільярда рублёў. Сёння да 50% сродкаў, якія выдзяляюцца на дарогі, накіроўваюць на ўтрыманне. Фінансаванне адбываецца з абласнога бюджэту і рэспубліканскага (субвенцыі, якія перадаюцца з дарожнага фонду). Канкрэтна грошы расходуюць на ямачны рамонт, прафіляванне, афарбоўку палос і дарожных знакаў, уборку, падкоску абочын.

— Гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў для падтрымання дарог у здавальняючым стане. У населеных пунктах яны знаходзяцца на балансе арганізацый ЖКГ. Адпаведна адтуль і ідзе фінансаванне, — тлумачыць нюансы Сняжана Цітова.

Толькі летась на Віцебшчыне адрамантавалі каля 136,1 кіламетра дарог. На 128,9 тысячы «квадратаў» зрабілі ямачны рамонт...

«Ало, адрамантуйце!»

Напэўна, яшчэ параўнальна мала суграмадзян ведаюць пра існаванне «гарачых ліній» дарожнікаў. Колькі разоў аўтар гэтых радкоў чуў скаргі па тэме на «прамыя лініі» аблвыканкама, райвыканкамаў і Віцебскага гарвыканкама. А можна ж было не «абліваць брудам» дарожнікаў, а ўзяць і патэлефанаваць у «дыспетчарскую». Агульны рэспубліканскі нумар тэлефона 125. Усе званкі бяруцца на заметку. Пры наяўнасці сродкаў стараюцца адрамантаваць праблемны ўчастак. Доўга не зацягваючы, убіраюць снег, падсыпаюць...

Каб працягнуць «жыццё дарог», зімой і летам уводзіцца так званае «абмежаванне на вось» транспарту. Удзельнікі руху кампенсуюць фінансава права праезду велікагрузных «колаў».

У аблвыканкаме фіксуюць усе сігналы насельніцтва наконт утрымання і пракладкі дарог — яны ўлічваюцца пры фарміраванні адпаведнай праграмы на наступны год. Звароты знаходзяцца на кантролі і часта задавальняюцца. Але, зразумела, пры наяўнасці фінансавых сродкаў. Прыярытэт — дарогам да школ, да аграгарадкоў.

Ці зацікавяць інвестараў мясцовыя дарогі? Наўрад ці. Па-першае, сёння абазначаны толькі дзве крыніцы фінансавання: рэспубліканская і абласная. Па-другое, ну нявыгадна будзе ўкладваць грошы ў дарогу, па якой праходзіць параўнальна невялікі паток аўто.

Як агучыў Прэзідэнт для прывядзення ў парадак мясцовых дарог, магчыма, будуць прыцягваць крэдыты. Ужо ёсць прыклад, калі мясцовая ўлада выкарыстоўвае пазабюджэтныя сродкі. У Полацку пры падтрымцы ЕС упершыню ў вобласці размецілі паласу для веласіпедыстаў.

У аддзеле па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Віцебскага аблвыканкама канстатуюць, што колькасць «дарожных зваротаў» змяншаецца. Летась іх было 104, а ў пазамінулым годзе — 125.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Зялёнае святло

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.