Вы тут

Жыльцы могуць пазбавіцца капрамонту з-за суседкі


Шэсць чалавек звярнуліся да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры падчас выязнога прыёму грамадзян у Любані. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна ўважліва выслухаў кожнага з наведвальнікаў. Разам з тым некаторыя пытанні аказаліся не настолькі значнымі, каб ісці з імі да губернатара.


Міхаіл Купрыянавіч з вёскі Белы Слуп паскардзіўся на недасканалую, з яго пункту гледжання, сістэму медыцынскага абслугоўвання ў вёсцы Обчын. Пацыентаў адсюль накіроўваюць у амбулаторыю аграгарадка Рэчань. А ўжо затым трэба ехаць на кансультацыю да вузкіх спецыялістаў у Любань. Хоць раней выпісвалі накіраванне непасрэдна ў раённую бальніцу. Гэта стварае для старых людзей шмат клопатаў і нязручнасцяў. Між іншым пенсіянер паскардзіўся і на недахоп машын хуткай дапамогі.

Сямён Шапіра растлумачыў заяўніку, што пытанне па закрыцці амбулаторыі ў Рэчані вывучалася спецыялістамі, але з такім рашэннем не згодныя мясцовыя жыхары. Акрамя таго, як адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Казецкі, у раёне недастаткова брыгад «хуткай»: толькі тры на 32 тыс. насельніцтва. У перспектыве аўтапарк медабслугоўвання для насельніцтва будзе пашырацца.

Акрамя таго, мужчына папрасіў кіраўніка цэнтральнага рэгіёна пасадзейнічаць у асфальтаванні ўчастка дарогі ад Обчына да Шыпілавіч. Сямён Шапіра канстатаваў, што такой магчымасці няма. Тым больш гравійка цалкам адпавядае патрабаванням руху і бяспекі. Губернатар яшчэ раз нагадаў: у кожным раёне створана камісія з кампетэнтных спецыялістаў, якія вырашаюць, што перш за ўсё трэба рамантаваць. А спісы чарговасці надрукаваны ў раённых газетах. Сямён Шапіра адзначыў, што ў Мінскай вобласці шмат дарог, якія знаходзяцца ў значна горшым стане і патрабуюць неадкладнага ўпарадкавання. Напрыклад, найбольш такіх у буйных населеных пунктах Мінскага раёна. У прыватнасці, у Калодзішчах, дзе пражываюць 16 тыс. чалавек.

Міхаіл Міхайлавіч з вёскі Палічын хоча выкупіць дом, які належыць адкрытаму акцыянернаму таварыству «Любанскі райаграсэрвіс». Ды паводле палажэння, што зацверджана сельгаспрадпрыемствам, у спіс тых, хто мае на гэта права, не ўключаны работнікі сацыяльнай сферы. А Міхаіл Міхайлавіч з жонкай працуюць у школе. «Рашэнне павінна прымацца на ўзроўні мясцовых улад, — выказаў меркаванне Сямён Шапіра. — Калі дазвол на гэта дадуць старшыня райвыканкама і кіраўнік сельгаспрадпрыемства, то вы можаце купіць дом. Прычым, палажэнне арганізацыі аб выдзяленні і продажы жылля трэба прывесці ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам».

Кіраўнік фермерскай гаспадаркі Зарбалі Алахвердыеў у вялікай крыўдзе на Слуцкі мясакамбінат, які не разлічыўся з ім за здадзеную свініну. А доўг немалы — 160 млн недэнамінаваных рублёў. Сямён Шапіра звязаўся з дырэктарам прадпрыемства, каб высветліць падрабязнасці. Сітуацыя аказалася неадназначнай. Да ўмоў утрымання жывёлы фермеру прад'яўляла прэтэнзіі санітарная служба, ды і якасць мясной прадукцыі, па словах дырэктара камбіната, была не самая лепшая. Тым не менш Сямён Шапіра даручыў кіраўніку разлічыцца з пастаўшчыкамі ў парадку чарговасці.

Пытанні, з якімі звярнулася Людміла Мікалаеўна з Любані, мякка кажучы, выклікаюць непаразуменне. Шматкватэрны дом па вуліцы Кірава, дзе яна пражывае, уключаны ў план капітальнага рамонту. Але яго не могуць пачаць... па прычыне нязгоды самой заяўніцы. Справа ў тым, што ў кватэрах неабходна расшырыць кухні на 10 сантыметраў за кошт жылых пакояў. Для таго, каб паставіць сюды пліту, іншае абсталяванне, пракласці камунікацыі для санвузла. Як высветлілася, іншыя жыльцы не супраць перапланіроўкі. Але без згоды ўсіх наймальнікаў жылля работы не могуць пачацца. Сямён Шапіра растлумачыў, што пазіцыя аднаго чалавека можа стаць падставай да выключэння дома з графіка капітальнага рамонту.

На ўсе пытанні мясцовых жыхароў, а гэта падтапленне вуліц і прыватных падворкаў, паляпшэнне жыллёвых умоў, пасля адпаведнага вывучэння будуць дадзены пісьмовыя адказы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Упартасць — не самы лепшы дарадчык

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».