Вы тут

Уначы пачне падмарожваць да мінус 8—11 градусаў


Увогуле, сапраўды халодным у нас будзе ўвесь гэты тыдзень і часткова наступны. А цёплае надвор'е прыйдзе ў Беларусь у апошнія дні красавіка, паведамляе начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


Ён адзначыў, што ў найбліжэйшую дэкаду сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 3—7 градусаў ніжэйшая за норму. Большую палову тыдня ў краіне будзе гаспадарыць зона павышанага атмасфернага ціску, якая сфарміравана ў халоднай паветранай масе.

Чакаюцца замаразкі. У чацвер на працягу сутак ападкаў таксама не будзе. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да мінус 9 градусаў, а па поўначы ў асобных раёнах чакаецца нават да 11 марозу. Удзень сонечна і 3—8 цяпла, па захадзе краіны — да плюс 10 градусаў. У пятніцу раніцай да паўночна-заходніх раёнаў краіны падыдзе атмасферны фронт, які прынясе кароткачасовыя ападкі, у асноўным у выглядзе дажджу.

Уначы і раніцай магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—8 марозу, а па ўсходзе пры праясненнях — да мінус 10 градусаў. Удзень стане толькі крышку цяплей, чакаецца ад плюс 4 да плюс 10 градусаў, а па поўдні — да 12 цяпла.

Згодна з папярэднімі прагнозамі айчынных спецыялістаў, у выхадныя да нас завітаюць атмасферныя франты ад цыклона з «прапіскаю» над Скандынавіяй. Чакаецца пахмурнае з ападкамі надвор'е. Паводле прагнозаў, уначы ў суботу замаразкаў на будзе ўвогуле, але ўдзень стане зусім некамфортна. Дзмітрый Рабаў паведамляе, што ў суботу на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Уначы і раніцай прагназуецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, удзень будуць звычайныя 4—11 цяпла. Не палепшыцца надвор'е і ў нядзелю.

Дзмітрый Рабаў адзначыў, што па доўгатэрміновых прагнозах сіноптыкаў больш цёплае надвор'е трэба чакаць толькі ў апошняй пяцідзёнцы красавіка.

Ападкі і холад стрымліваюць сяўбу яравых

Спецыялісты адзначаюць, што гэтымі днямі пагоршылася аграметэаралагічная абстаноўка ў краіне. Так, мінулыя дажджы павысілі колькасць вільгаці ў верхніх пластах глебы. У некаторых раёнах Гродзенскай вобласці і па звестках многіх метэастанцый Магілёўскай вобласці верхні 10-сантыметровы пласт глебы атрымаў статус моцнага пераўвільгатнення. Больш за ўсё плошчаў з такімі глебамі па-ранейшаму застаецца ў Віцебскай вобласці, што стрымлівае сяўбу яравых культур. Больш таго, у сувязі з паніжэннем тэмпературнага рэжыму ўскладняюцца аграметэаралагічныя ўмовы для прарастання збожжа і з'яўлення ўсходаў яравых культур, замаруджваецца развіццё азімых культур, пладовых дрэў і кустоў, адрастанне траў.

На Віцебшчыне — да 10 сантыметраў снегу

Раніца 17 красавіка стала самай снежнай на гэту дату вясны за ўсю гісторыю назіранняў у Віцебскай вобласці, паведамілі ў абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага прыроднага асяроддзя.

Напрыклад, у Віцебску вышыня снежнага покрыва склала 9 сантыметраў. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны ў 1983 годзе, тады ў абласным цэнтры было 7 см снегу. Сіноптыкі адзначаюць, што ў панядзелак у Віцебску можа быць пабіты і тэмпературны рэкорд. На працягу дня чакаецца толькі ад 1 да 3 градусаў цяпла. А як самы халодны дзень 17 красавіка ўвайшоў у гісторыю ў 1979 годзе з тэмпературай плюс 3,4 градуса. Самая халодная ноч адзначана ў Віцебску ў 1983 годзе, калі падмарожвала да мінус 5,3 градуса. А на гэтым тыдні сіноптыкі абяцалі нам нават і да мінус 11 градусаў...

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Сур'ёзная хваля холаду

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.