Вы тут

Прэмія на Дзень Парыжскай камуны


Калі даводзіцца чытаць матэрыялы праверкі аб злоўжываннях асобных кіраўнікоў, міжволі ўспамінаюцца словы старажытнага паэта Феагніда пра тое, што перасыць нараджае нахабнасць, калі чалавеку дрэннаму выпадае на долю шчасце і калі чалавек гэты не валодае цвярозым розумам. Так можна сказаць пра людзей, якія страцілі ўсе маральныя бар'еры, згубілі сумленне і сорам, і толькі бралі і бралі, і ўсё ім было мала.


Спецыялісты Пінскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці праверылі фінансава-гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства «УКС горада Пінска» і, што называецца, за галаву ўзяліся. На шляху да абагачэння тут не зважалі ні на законы, ні на нормы паводзін. Гэта ў Пінску, дзе вельмі цяжка з работай, дзе многія і многія людзі гатовыя працаваць за 200 рублёў у месяц, і градус грамадскай напружанасці даволі высокі, незаконныя выплаты заработнай платы ў калектыве склалі 95 707 рублёў, а асабіста кіраўніку — 33 651.

Сістэма была распрацаваная аля Астап Бэндэр. Грошы рабіліся з паветра. Так, у адпаведнасці з кантрактам, дырэктару штомесяц выплачвалася прэмія за выкананне заданняў па ўводзе жылых дамоў у нарматыўныя тэрміны будаўніцтва ў памеры 40 працэнтаў акладу. Пасля здачы дома ў эксплуатацыю дырэктар зноў атрымліваў прэмію паводле загаду, які сам і аддаваў. У канцы квартала яшчэ раз налічвалася прэмія за ўвод жылля. Такім чынам, за выкананне тэрміну будаўніцтва аднаго і таго ж дома кіраўнік атрымліваў прэмію тройчы. Вось дзе, у тым ліку, хаваецца кошт квадратных метраў для навасёла.

Ды прэмія вытворчая — гэта адно, дырэктар не саромеўся выпісваць сабе і матэрыяльную дапамогу. Яна склала за год 3897 рублёў. А яшчэ бывалі прэміі на святы. Не забываўся пра сябе кіраўнік на Новы год, Дзень абаронцаў Айчыны, а таксама ў дні Незалежнасці і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ну, у Дзень будаўніка — гэта святое. І калі прадпрымальны дырэктар не выпісаў сабе значную суму на Дзень Парыжскай камуны, то толькі таму, што не знаў, калі адзначаецца гэты дзень. Менавіта такое складваецца ўражанне. У дзень Перамогі ён сябе заахвоціць не саромеўся, хоць гэта можна расцаніць як асаблівы цынізм. Ды што там! За ўсе гэтыя дні ён атрымаў 8000 рублёў. Цяпер мала які пінчук атрымлівае столькі зарплаты за год, ды і ў сталіцы далёка не кожны працаўнік.

Ну, апетыт, як вядома, прыходзіць падчас яды. І пінскаму кіраўніку з такімі даходамі ўсё роўна катастрафічна не хапала. На спажывецкія патрэбы «беднаму» дырэктару сваё ж прадпрыемства выдала беспрацэнтную пазыку ў памеры 68 000 рублёў. І ўжо зусім выглядае дробяззю, што за гэту аперацыю само прадпрыемства заплаціла падаходны падатак (8,15 тыс. руб.), а таксама кампенсавала паслугі банка (1,35 тыс. руб.). Неяк няёмка ўжо і гаварыць, што на службовы аўтамабіль дырэктара за раз спісвалі 665 літраў паліва, калі бак можа ўмясціць толькі 70. А ручку, каб падпісваць загады — ну не абы-якой жа гэта рабіць — набылі за 370 рублёў. Сціплы такі Раrkеr, — ну і што, што ніводная настаўніца, хоць сабе з 40-гадовым стажам, пенсію такую не атрымае? Людзям падабаецца жыць прыгожа. І хто ім можа забараніць?

А вось цікава, ці маглі забараніць ці неяк папярэдзіць беззаконне — вышэйстаячая арганізацыя КУП «Брэсцкае абласное УКС» ды іншыя структуры, якія ажыццяўляюць нагляд за будаўнічымі арганізацыямі? Можа, яны пра гэта скажуць на судзе альбо растлумачаць грамадскасці?

Суд жа мусіць быць. Бо, як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Аляксандр СКАВЫШ, пасля праверкі Пінская міжраённая пракуратура завяла крымінальную справу ў дачыненні да былога дырэктара за крадзеж у асабліва буйных памерах шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.