Вы тут

Рамесніцтва як спосаб захавання ідэнтычнасці


Аказваецца, калекцыйныя званочкі можна апрануць у самае рознае беларускае адзенне. Бо калінкавіцкі строй адрозніваецца ад рэчыцкага, а ваўкавыскі ад неглюбскага. Вось і званочкі, якія стварыла пераможца першага адкрытага конкурсу «Гомельскі сувенір» сярод рамеснікаў Вольга Жарнасек, можна пазнаць па пэўных элементах адзення. Яе «Рэчыцкія палешукі» забяспечылі не толькі радасць перамогі, але і вялікі заказ на выкананне аналагічных гліняных лялечак-званочкаў.


Пе­ра­мож­ца кон­кур­су  Воль­га Жар­на­сек.

У лік пераможцаў конкурсу яшчэ ўвайшлі работы з бяросты «Лебядзіная сажалка» Ірыны Кротавай і «Тканы пояс» Мікалая Сушкова. Аддзяленне гандлёва-прамысловай палаты мэтанакіравана закупіць сувенірныя вырабы пераможцаў з наступным уручэннем іх замежным дэлегацыям, якія наведваюць абласны цэнтр.

Беларускасць і нацыянальны каларыт былі галоўнымі ўмовамі конкурсу. Прадстаўленая сувенірная прадукцыя павінна была мець элементы сімволікі, брэндавых знакаў і славутасцяў Гомельскай вобласці.

Не ўсе з майстроў-удзельнікаў зразумелі гэты акцэнт, адзначае прэс-сакратар гомельскага абласнога аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ірына Такоева:

— Конкурс сярод рамеснікаў і майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці не зусім апраўдаў чаканні арганізатараў. Меркавалася, што ахвотных сябе паказаць і на работы іншых паглядзець будзе куды больш. Магчыма, многіх спужала, што мы папрасілі адзін экзэмпляр аўтарскіх работ з мэтай іх экспаніраваць і такім чынам прапагандаваць майстроў. Нам актыўна дапамагалі СМІ ў прасоўванні і рэкламаванні гэтага конкурсу. Але ж большасць рамеснікаў не палічылі неабходным заняцца рэкламаваннем ні сваёй дзейнасці, ні нашага нацыянальнага каларыту. Пры гэтым асноўным прызам стала магчымасць гадавога бясплатнага ўдзелу ва ўсіх выстаўках і кірмашах, якія праводзяцца арганізацыяй, і іншыя шырокія магчымасці прадстаўляць свае вырабы на выстаўках, у тым ліку за мяжой. Дарэчы, такіх мерапрыемстваў сёлета будзе дзесяць. Што датычыцца заказаў на прадукцыю пераможцаў — гэта толькі пачатак. Мы спадзяёмся на доўгае і плённае супрацоўніцтва з аўтарамі.

Гандлёва-прамысловая палата ў апошнія гады планамерна падтрымлівае рамесніцтва ў рэгіёне. Для гэтага праводзяцца семінары, аказваецца дапамога ў наладжванні рэкламнай дзейнасці. Штогод падчас буйнога рэгіянальнага кірмаша-выстаўкі «Вясна ў Гомелі» па ініцыятыве ГПП праводзіцца свята майстроў і рамеснікаў, у якім удзельнічаюць дзве сотні чалавек з усёй Беларусі.

Арганізацыя і надалей плануе падтрымліваць самабытных майстроў, бо развіццё інстытута рамесніцтва — адзін са шляхоў рашэння праблемы занятасці насельніцтва і атрымання людзьмі стабільнага прыбытку. Акрамя таго, вырабы рамеснікаў усё ж могуць стаць спосабам захавання ідэнтычнасці, багатай і разнастайнай гістарычнай спадчыны беларусаў. Калі мы хочам, каб пра нас ведалі ў свеце, неабходна ствараць сувеніры з сапраўдным беларускім тварам, які адпавядае фальклорнай, этнаграфічнай, экалагічнай, падзейнай, турыстычнай тэматыцы кожнага асобнага рэгіёна нашай краіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто не спрабуе — той не выйграе

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.