Вы тут

Настаўнікі і вучні сталі медыятарамі


Каб вырашаць школьныя і сямейныя спрэчкі без канфліктаў і вінаватых

Дзіцячая служба медыяцыі — якасна новая школьная паслуга запрацуе восенню ва ўстановах адукацыі сталіцы. 148 удзельнікаў (96 сямі- і васьмікласнікаў і 52 настаўнікі) праекта «Вучымся разумець адзін аднаго» атрымалі ўчора пасведчанні медыятараў пасля трох месяцаў заняткаў з практыкуючымі спецыялістамі «Цэнтра медыяцыі і права». Педагогі і школьнікі, узброеныя методыкамі і тэхнікамі навукі прымірэння, — гэта каманда, якая па-новаму глядзіць на праблемы школьнага і сямейнага жыцця і замест вінаватага шукае магчымасць дамовіцца. Звярнуцца да сертыфікаваных спецыялістаў змогуць таксама і бацькі.


Новыя якасці супраць канфліктаў

Медыяцыя — навука, якая дае дадатковы рэсурс, магчымасці і методыкі для разбору спрэчак. Яна дапамагае канфліктуючым дамаўляцца пры дапамозе падрыхтаваных спецыялістаў. І сфера адукацыі — адзін са шматлікіх магчымых кірункаў яе ўжывання, упэўнены спецыялісты.

— Здараецца, разглядаеш праблему дрэнных паводзінаў дзіцяці ў школе, а прычыну знаходзіш у канфлікце бацькоў, якія развяліся тры гады таму і маюць кепскія адносіны, — расказала Таццяна ЯНУШКЕВІЧ, прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. — Я мару, каб кожны настаўнік, сацыяльны педагог і кіраўнік установы адукацыі валодаў навыкамі медыяцыі — тады ў нас будзе зусім іншы падыход да канфлікталогіі.

На прыкладзе толькі аднаго класа можна акрэсліць некалькі кірункаў, дзе магчымыя праблемы. Гэта супрацьстаянне інтарэсаў дзяцей, настаўнікаў і бацькоў адзін супраць аднаго або паміж сабой. Варыянтаў такіх спалучэнняў, як і прычын для непаразумення, процьма.

— Ад эфектыўнасці ўрэгулявання любой праблемы ў школе ў многім залежыць будучыня ўдзельнікаў канфлікту. Вопытны класны кіраўнік хутка ўбачыць існуючыя ў класе канфлікты, а з улікам тэхналогій медыяцыі яму будзе прасцей і ўрэгуляваць спрэчкі паміж школьнікамі, і лепш дамовіцца з бацькамі, — падтрымала думку Ганна РЫСЕВЕЦ, начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

Атрыманне ўдзельнікамі пасведчанняў — фінал толькі першага этапу праекта, які праходзіць на 10 школьных пляцоўках сталіцы, а таксама ў педагагічным каледжы. Навучэнцы апошняга, дарэчы, змогуць адразу карыстацца атрыманымі падчас вучобы ведамі ў сваёй працы. У кожную з груп уваходзіла 9 дзяцей, 6 настаўнікаў, практыкуючы медыятар і спецыяліст з сацыяльна-педагагічнага цэнтра (СПЦ) кожнага раёна.

— Авалодванне ведамі прадстаўнікоў СПЦ — добрая практыка, бо гэта людзі, якія працуюць з дабрабытам цэлага раёна. Пасля такой адукацыі ім будзе прасцей працаваць з дзецьмі, якіх забралі з сем'яў, і бачыць, як лепш дапамагчы бацькам і малым аднавіць адносіны і выправіць памылкі, што прывялі да такой бяды, — абазначыла Ганна Рысевец.

Акрамя ўкаранення медыяцыйных тэхналогій у працу кожнага настаўніка, праект пераследуе і асветніцкую мэту — расказаць пра магчымасці і само існаванне медыяцыі як мага большай колькасці людзей праз бацькоўскія сходы, лекцыі са студэнтамі ў педагагічным каледжы, інтэрнэт-рэсурсы.

Гэта працуе!

— Заняткі праходзілі ў форме трэнінгаў. Слухачам давалі тэарэтычную інфармацыю, якую яны адпрацоўвалі на практыцы. Кожны з удзельнікаў казаў уступнае слова, пасля чаго ў ролях прайгравалася канфліктная сітуацыя, спецыяльна распрацаваная да заняткаў, — расказала медыятар Ірына АРЛОЎСКАЯ, намеснік дырэктара ВПУ «Цэнтр «Медыяцыя і права». — 12 спецыялістаў нашага цэнтра спецыяльна займаліся разам з настаўнікамі і вучнямі, каб яны адчулі сябе камандай.

Школьнікі, занятыя ў праекце, ужо правялі некалькі медыяцый па сапраўдных канфліктах з удзелам сваіх таварышаў. Дзяўчынка наступіла аднакласніцы на нагу. Яны пасварыліся настолькі моцна, што пачалі распаўсюджваць плёткі адна пра адну. Прагаварыўшы сітуацыю разам з вучнямі-медыятарамі, школьніца змагла ўпэўніць пацярпелую таварышку, што наступіла на нагу не спецыяльна, хоць тая і думала інакш. У выніку дзяўчаты сталі сяброўкамі, хоць да інцыдэнту асаблівых стасункаў не мелі.

Хлопцы намалявалі на дзіцячай пляцоўцы нецэнзурныя словы ў адрас дзяўчат. Тыя ўбачылі гэта і паскардзіліся бацькам. Пачаліся разборы і скаргі. Да спрэчкі далучыліся вучні-медыятары і правялі размову паміж варожымі бакамі з прысутнасцю бацькоў школьнікаў. У выніку хлопцы папрасілі прабачэння за свой учынак і прыбралі свае надпісы.

Каманды, узброеныя ведамі

Да 1 кастрычніка ў школах — удзельніцах праекта плануецца арганізаваць «Школьныя службы медыяцыі». Да гэтага часу настаўнікам трэба падрыхтаваць месцы для іх дыслакацыі, распрацаваць адпаведныя дакументы і распаўсюдзіць інфармацыю пра новыя школьныя магчымасці. Акрамя таго, неабходна распрацаваць механізм, як у службу будуць трапляць звесткі пра існаванне канфлікту і неабходнасць дапамогі. Магчыма, будуць устанаўліваць спецыяльныя скрыні для зваротаў або дэлегаваць паўнамоцтвы накіроўваць спрачальнікаў да медыятараў сацыяльнаму педагогу, класнаму кіраўніку, атрымліваць ананімныя падказкі пра наяўнасць праблемы. Рэалізацыя гэтых задач і стане другім этапам праекта.

— Рэальныя канфлікты спачатку будуць разбірацца дзецьмі і настаўнікамі, якія атрымалі сертыфікаты, з дапамогай практыкуючага медыятара з цэнтра. Школьныя спрэчкі і праблемы бацькоўскага жыцця непарыўна звязаны, і мы будзем ісці праз цяжкасці і набіваць гузакі, калі пачнём разгляд канкрэтных сітуацый, — выказалася Таццяна Янушкевіч. — У выніку працэдуры можна не дасягнуць медыяцыйнага пагаднення. Аднак нават у гэтым выпадку, калі спрэчка перадаецца ў суд, людзі ўсё роўна паводзяць сябе больш адэкватна, разумеюць, чаго хочуць, паляпшаецца стаўленне да ўласных дзяцей, так што плён ад такой працы відавочны.

Непасрэдная работа службы медыяцыі ў школах стане трэцім этапам праекта. У далейшым такі вопыт плануецца распаўсюдзіць на ўвесь горад.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.