Вы тут

Што цікавіць інвестараў на поўначы краіны


Закуска са штаба

У былым ваенным гарадку Баравуха ў прыгарадзе Наваполацка інвестары з Санкт-Пецярбурга запусцілі вытворчасць снэкаў (лёгкая закуска) са... смажанага гароху. Аналагічнага прадукту амаль няма на рынку Еўрапейскага саюза. Калі не лічыць вулічных прадаўцоў. Канкурэнты ёсць хіба ў Турцыі, але яны далёка...

У год тут могуць вырабляць каля 1,2 тысячы тон смачнага «дэсерту». Арыгінальная тэхналогія заснаваная на старадаўніх традыцыях: гарох вымочваюць, потым смажаць (так рабілі нашы продкі), «заліваюць» алеем і дабаўкамі. Пры гэтым, як той казаў, ніякай хіміі.

«Перакус» карыстаецца добрым попытам у аматараў піва. Але смажаны гарох любяць і дзеці.

Вытворчасць адкрылі на базе былога вайсковага штаба і спартыўнай залы, працаўладкавалі каля 50 чалавек. Інвестыцыі склалі каля 2 мільёнаў еўра. Разлічаная акупнасць — 2,5 года. Полацкі рэгіён быў абраны з-за блізкасці да ЕС і патэнцыялу рынку Еўразійскага эканамічнага саюза. Плюс — прывабныя ўмовы для арганізацыі вытворчасці. Дадатковыя немалаважныя фактары: наяўнасць сыравіны, кваліфікаваныя кадры, перспектыва супрацоўніцтва з Полацкім дзяржаўным універсітэтам...

На «Новым Шаўковым шляху»

Першы ў краіне мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс з'явіцца недалёка ад яшчэ аднаго буйнога горада — Оршы. Гарадскі пасёлак Балбасава — таксама былы ваенны гарадок. Там жывуць каля 3,5 тысячы чалавек.

Першую чаргу будаўніцтва «лагістычнага гарадка» запланавалі завяршыць летам наступнага года. Канчатковая рэалізацыя праекта павінна быць завершана да канца 2023 года.

Як адзначае намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, аб'ект можа стаць важнай часткай «Новага Шаўковага шляху». Таму, не дзіўна, што і кітайскія інвестары праяўляюць да яго вялікі інтарэс. У прыватнасці, тут пабывалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая і генеральны прадстаўнік Сhіnа Mеrсhаnts Grоuр (адна з буйных карпарацый у сферы лагістыкі). Вялікі інтарэс праяўляюць і бізнесмены, буйныя карпарацыі з краін Еўрапейскага саюза.

Інфраструктура для лагістыкі размесціцца на скрыжаванні магістраляў паміж ЕС і ЕАЭС, на перасячэнні транс'еўрапейскіх транспартных калідораў. На некалькіх сотнях гектараў з'явяцца вытворчасць на экспарт, склады, «інтэлектуальны» тэрмінал для кантэйнераў. Да паслуг кліентаў — дзелавы цэнтр, гатэль, аўтастаянка. Мытнікі, дастаўшчыкі грузаў, страхоўшчыкі, банкі і іншыя ўдзельнікі знешняга гандлю на месцы прапануюць свае паслугі. Другое дыханне атрымае аэрадром.

Дарэчы, у Балбасаве знаходзіцца Аршанскі авіярамонтны завод, дзе рамантуюць і мадэрнізуюць верталёты. Прадпрыемства вырабляе камплектуючыя, запасныя часткі, агрэгаты і прыборы да авіяцыйнай тэхнікі, трэнажоры, імітатары да самалётаў, верталётаў і іншых лятальных апаратаў, сродкі наземнага забеспячэння палётаў. Гэты кірунак таксама прывабны для інвестараў.

«Высокія тэхналогіі» — глыбінцы

Днямі ў Віцебску пры падтрымцы аблвыканкама ўпершыню адбыўся форум «Інфармацыйныя тэхналогіі на службе ў бізнесу». У ім удзельнічалі прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій, кампаній SQUАLІО (ліцэнзаванне праграмнага забеспячэння і прадастаўлення ІТ-паслуг), Mісrоsоft...

Абмяркоўваўся новы падыход да ацэнкі эфектыўнасці ўкладанняў у ІТ, які дазваляе эканоміць выдаткі і паменшыць канчатковую цану на тавары і паслугі на 25—30%. Ішла размова пра тое, як забяспечыць вяртанне інвестыцый ад укаранення інфармацыйных тэхналогій. Адбыліся прэзентацыі перадавых рашэнняў, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў розных сферах і краінах. Віцебскім бізнесменам прапанавалі новы варыянт супрацоўніцтва: трэба сфарміраваць задачу, а айцішнікі абяруць рашэнні з максімальным эканамічным эфектам. І гэта — ключавы падыход у рабоце з заказчыкамі.

На форуме можна было наладзіць бізнес-кантакты з афіцыйнымі прадстаўніцтвамі вядучых сусветных вытворцаў праграмнага забеспячэння. Размова ішла пра асноўныя трэнды ў эканоміцы і індустрыі высокіх тэхналогій.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ад гароху да ІТ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.