Вы тут

Усе людзі — браты Карамазавы


Дзеля вобразнасці пра ХІІ Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт» можна было б сказаць, што гэтым разам у Магілёве гледачы хіба што чорта ў ступе не пабачылі. Але праграма была настолькі разнастайнай, што пабачылі і чорта. Праўда, не ў ступе — з тыбецкай чашай-ступкай у руках. Некаторыя ж не толькі пабачылі, але і на каленях патрымалі...


Вызначальнай рысай сёлетняга «М.@rt.кантакту» стаў панарамны погляд на тэатральныя школы постсавецкай прасторы і магчымасць паназіраць за іх падабенствам і адрозненнямі. У праграму былі ўключаны дыпломныя работы выпускнікоў рэжысёрскага курса Рымаса Тумінаса (Тэатральны інстытут імя Б. Шчукіна), спектакль акцёрскага курса Льва Эрэнбурга (Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў), спектакль вільнюскага тэатра-студыі «Thеаоmаі», створанага акцёрамі-аднакурснікамі Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра разам са сваім кіраўніком курса Сільвай Крывіцкіене ў 2012 годзе. Матэрыялам для прафесійнага сталення была абраная выключна класіка, аднак розных кірункаў: Дастаеўскі, Сартр, Іанэска.

Два вечары запар гледачы форуму правялі з «Братамі Карамазавымі» Фёдара Дастаеўскага. У першы сваю сцэнічную версію слыннага рамана прадстаўляў тэатр-студыя «Thеаоmаі». Студыйцы пачалі «размінаць» матэрыял яшчэ падчас вучобы ў акадэміі, дзе Дастаеўскі быў абавязковым заданнем. З цягам часу Сільва Крывіцкіене ператварыла набор сцэн у паўнавартасны спектакль. Стылістычна яго вызначаюць сінтэз ідэй sіtе-sресіfіс і беднага тэатра.

Sіtе-sресіfіс — гэта тэатр спецыяльна падабраных месцаў, спектакль, які ідзе ў нетэатральнай прасторы.

«Thеаоmаі» ігралі «Братоў Карамазавых» у турмах, цэрквах, манастырах. Кожная з лакацый была для акцёраў выхадам з зоны камфорту. Актрысы прызнаваліся, што адным з самых няпростых месцаў для іх стала турма, бо частку дзеяння яны знаходзяцца ў шэрагах гледачоў і сярод зняволеных пачувалі сябе небяспечна. Паулюс Маркевічус, выканаўца ролі Чорта, адзначыў, што самым праблемным для яго стаў манастыр: як можна іграць нячыстую сілу ў намоленых сценах? Супакоіцца, па ўласным прызнанні, акцёр змог толькі ў перадапошняй сцэне, дзе Чорт з'яўляецца Івану. Паводле мізансцэны Чорт на хвіліну сядае на калені да некага з гледачоў і абдымае яго. Маркевічус сеў на калені да манаха і зразумеў: дзве сілы, якія змагаюцца, — часткі цэлага.

У Магілёве спектакль ігралі ў Музеі этнаграфіі. Прасторай для дзеяння стала адна з адпаведных часу залаў, па баках каторай літарай «п» размясціліся тры шэрагі гледачоў.

Ідэя выкарыстання гатовай сцэнічнай прасторы падтрымлівае галоўны пастулат беднага тэатра: надзвычайную эканомію сцэнічных сродкаў. У «Братах Карамазавых» няма дэкарацый апроч аўры месца дый аднаго-двух выпадковых прадметаў з абстаноўкі. Музычнае суправаджэнне — гук з трох тыбецкіх чаш у розных канцах залы: манатонны ці рытмічны, нібыта званы. Акцёры выходзяць да гледача ў элегантных касцюмах выключна чорнага колеру. І ўсё, што ім застаецца, — інтэнсіўнасць ігры і паглыбленыя адносіны паміж акцёрам і гледачом. Гледачы пачуваюць сябе ўключанымі ў дзеянне. Падзелу паміж залай і сцэнай не існуе. За тваёй спінай можа плакаць Дзмітрый, седзячы побач з табой, — шаптаць Грушанька, скокаючы перад табой, — выцягваць душу Чорт.

Для беднага тэатра вызначальнай з'яўляецца моц тэксту. Аднак магілёўскі паказ стаўся асаблівым. Спектакль ігралі па-літоўску без перакладу, і шмат якія сэнсавыя акцэнты засталіся па-за ўвагай гледачоў.

Зала сачыла за агульным ходам дзеяння з праграмкамі-сінопсісамі ў руках. У той жа час знікненне з тэксту семантычных падрабязнасцяў выявіла яго сакральнасць, рытуальнасць.

Літоўскія Карамазавы разважалі пра Бога, пра бяссмерце чалавечай душы. А ў наступны вечар на Форуме ігралі «Братоў Карамазавых» тэатра-студыі «Невялікі драматычны тэатр» з Санкт-Пецярбурга, дзе займеў прапіску спектакль акцёрскага курса Льва Эрэнбурга. Рэжысёр расставіў у інсцэніроўцы рамана зусім іншыя акцэнты: спакуса і страта сябе.

Нягледзячы на сюжэтастваральную хрысціянскую ідэю, з якой найперш асацыюецца раман Дастаеўскага, спектакль Эрэнбурга — гэта антычная трагедыя лёсу, які чалавек змяніць не ў стане. Больш за ўсіх перамяніць долю імкнецца Алёша (Міхаіл Тараканаў). Аднак адзінае, што ў яго атрымліваецца, аказацца бліжэй за ўсіх да неба ў фінале. Чатыры браты ў адных падгузках (яны толькі дзеці) і бацька, збіўшыся ў гурт, са спадзевам глядзяць наверх. Але нябёсы занадта высока і для мёртвых, і для жывых.

Разам з фатальнасцю лёсу «Браты Карамазавы» даследуюць утрапёнасць рускай душы. Эцюд-рэфрэн упісваецца ў пластычны малюнак ролі ці не кожнага персанажа. Вось, даючы выхад пачуццям, герой ірве напалам рэч, што пад рукамі (насоўку, пачак паперы). Вось, каб не закрычаць ад гора і болю, закусвае зубамі стужку, шалік, а потым пускаецца ў скокі...

Часам Эрэнбург літаральны і адназначны. Напрыклад, у сцэне, дзе Смердзякоў (Дзмітрый Частноў) аблівае сябе памыямі. Часам шматзначны і метафарычны. Напрыклад, у асваенні сцэнаграфіі Паліны Мішчанкі. Дзеянне спектакля разгортваецца на драўляным памосце са слупом у сярэдзіне. Гэта і ганебны слуп, і стоўп, з якога спрабуюць дастаць да нябёсаў, і фалічны сімвал — цэнтр той прорвы граху, куды падаюць Карамазавы.

Пецярбургскія «Браты Карамазавы» — спектакль-спружына. Першае, адносна рэалістычнае дзеянне сціскае яе, дае адчуць гледачу напругу. Другое, наадварот, расціскае, катапульціруе залу ў адвольнае іранічна-карыкатурнае рэжысёрскае апавяданне, кульмінацыяй якога становіцца сцэна пакарання смерцю. Кат і ахвяры весела танцуюць, а потым па чарзе, нібыта ў дзіцячай гульні, займаюць вольнае, падобнае да электрычнага, крэсла...

Спектаклі Сільвы Крывіцкіене і Льва Эрэнбурга ўтварылі ў праграме форуму своеасаблівы палярны дыптых. Вызначальным для кожнага з рэжысёраў стаў вектар руху. У выпадку Крывіцкіене — да тэксту. Заўважаецца і падкрэслена апавядальная манера выканаўцаў. Фактычна тэкст рамана становіцца яшчэ адной дзейнай асобай. Крывіцкіене ідзе за Дастаеўскім. Эрэнбург, наадварот, рухаецца ад яго, сыходзіць, абвяргае, спрачаецца, іранізуе. І кожны з дваіх вядзе па сваім шляху вучняў.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Юліі ПЕПЛЕР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».