Вы тут

Што варта ўбачыць на «Паўночным ззянні»


Так збегліся абставіны — толькі скончыўся міжнародны кінафестываль кароткаметражнага кіно Cіnema Perpetuum Mobіle, як ужо на носе новая нагода пайсці па эксклюзіўны для беларускага вялікага экрана кантэнт. У Мінску і Віцебску, 19 і 20 красавіка адпаведна, распачнецца трэці кінафестываль «Паўночнае ззянне» са слоганам «Сусвет унутры». Сёлета ва ўдвая пашыраную праграму ўвайшло кіно не толькі Паўночных, але і Балтыйскіх краін, апроч гэтага сярод ігравых будуць паказаны дзве дакументальныя стужкі, па традыцыі пройдуць некалькі вольных для наведвання майстар-класаў. Заснавальніца і праграмная дырэктарка фестывалю Воля Чайкоўская выбрала некалькі фільмаў з праграмы для спісу must-see — вось уласна тое, што лепш не прапускаць на «Паўночным ззянні».


«Маленькія крылы» Сэльмы Вілхунэн

Фінская стужка стане фільмам адкрыцця «Паўночнага ззяння». І нездарма, бо Фінляндыя сёлета адзначае стагоддзе незалежнасці. У «Маленькіх крылах» здымаецца актрыса, спявачка і ўвогуле фінская суперзорка Паўла Весала. У фінаў — нягледзячы на тое, што іх толькі каля пяці мільёнаў, — адбываецца шмат цікавага, напрыклад, тры самыя буйныя скандынаўскія open aіr фестывалі сканцэнтраваныя менавіта ў Фінляндыі, і Паўла Весала тут пастаянны госць. «Маленькія крылы» — гэта кранальная гісторыя пра, скажам так, непаспяховую маці: яна развялася, не можа здаць на правы, у яе праблемы са сном, яна знаходзіцца ў дэпрэсіі, бо не можа прыняць сябе такой, якая ёсць. 12-гадовая дачка на фоне маці выглядае больш дарослай, таму «Маленькія крылы» становяцца фільмам пра сталенне дзвюх жанчын, нягледзячы на тое, што адна з іх — ужо быццам дарослая. Для мяне пасыл карціны ў тым, што бацькі таксама могуць вучыцца ў дзяцей, а не толькі наадварот, як замацавана ў нашай постсавецкай свядомасці.


«Світанак» Лайлы Пакалніня

Лайла Пакалніня — адзін з самых знакавых рэжысёраў-дакументалістаў балтыйскага рэгіёна і ўвогуле свету. Яна працуе з самымі таленавітымі аператарамі, яе стужкі заўсёды супервыкшталцоныя, кадры абавязкова, што называецца, выбудаваныя. «Світанак» — ігравая карціна Лайлы, чорна-белая, пяшчотная, вельмі па-эстэцку знятая, драма, поўны іроніі, смешных і трагічных момантаў фільм. Стужка заснаваная на гісторыі пра Паўліка Марозава, якая нам усім добра вядомая, бо «тыповыя» для камуністычнага савецкага мінулага драмы перажывалі многія сем'і. Лайла Пакалніня спрабуе даследаваць унутраны свет чырвонага чалавека — хлопчыка, які здрадзіў свайму бацьку і палічыў, што ідэя і ідэалогія стаяць перадусім.


«Каменнае сэрца» Гудмундура Арнара Гудмундсана

Гэта дэбют ісландца Гудмундура Арнара Гудмундсана, за які аўтар атрымаў прыз Варшаўскага кінафестывалю як найлепшы рэжысёр. Тут я гэтую карціну прыкмеціла. Фільм стваралі вельмі доўга, ён распрацоўваўся ў кінашколах і на адмысловых варкшопах падчас міжнародных кінафестываляў. У выніку атрымалася вельмі прыгожая, далікатная драма пра падлеткаў для дарослых. Пра сяброўства двух хлопчыкаў — дзе адзін праяўляе пачуцці ў дачыненні да дзяўчат, а другі пачынае нешта адчуваць да свайго сябра. І тут праяўляюцца пэўныя канфрантацыі, дзіцячыя страхі, непрыняцце сябе і сваёй ідэнтычнасці. І, вядома, варта ўвагі тое, як фільм зняты... Ісландскія краявіды — гэта вельмі прыгожа. Я заўсёды дзіўлюся, наколькі ісландцы — таленавіты народ, як шмат сярод іх мастакоў, што выдатна працуюць з візуальнай прыгажосцю.


«Мурашнік» Уладзіміра Логінава

Эстонскі фільм пра талінскі гаражны раён Ласнамяэ, які, дарэчы, з'яўляецца раёнам-пабрацімам мінскага Партызанскага раёна. Дагэтуль я нават не ведала, што існуе такое паняцце як раён-пабрацім. Больш таго, Ласнамяэ ў гэтым годзе адзначае юбілей і на «Паўночным ззянні» мы якраз паказваем пра яго фільм. Гэта цікавае, таксама вельмі прыгожа знятае, даследванне, у якім галоўным героем з'яўляецца месца — раён з сотнямі месцаў для машын, дзе кожнае жыве сваім жыццём. Ласнамяэ — гэта рускамоўная частка Таліна, а да рускіх тут, хоць яны і складаюць недзе сорак працэнтаў жыхароў горада, па розных прычынах спецыфічнае стаўленне. «Мурашнік» — падкрэслена мужчынскі фільм. У майго бацькі таксама ёсць гараж, і мы ведаем, што мужчына сыходзіць у гараж, як у нейкае паломніцтва, у свой мікракосм, дзе ён займаецца чым хоча, не мусіць ні з кім раіцца і можа раскрыць свой унутраны свет. Так і ў фільме: некалькі герояў раскрываюць нам свае сусветы праз гаражы.


«Нарвежскі дамок» Яна Вардзёена

На «Паўночным ззянні» фільм прадставіць уласна Ян Вардзёен. Ён не проста рэжысёр-самавучка, ён — адзін з найбуйнейшых бізнесменаў у Осла, рэстаратар, музыка (сам піша музыку да сваіх фільмаў). Вардзёен не мае кінаадукацыі, але яго карціны становяцца самымі касавымі ў нарвежскім пракаце. Поўны іроніі і самаіроніі «Нарвежскі дамок» расказвае пра бежанца, які спрабуе адаптавацца ў Нарвегіі. Рэжысёр выяўляе закрыты, халодны, нядобразычлівы нарвежскі менталітэт, у той час як Скандынавія пазіцыянуе сябе як лаяльны, талерантны і гасцінны край для бежанцаў. З фільмам Вардзёена аказваецца, што да нарвежцаў проста так, без папярэджання, у госці не прыйдзеш, што да іх трэба прыстасоўвацца. Таму галоўны герой спрабуе знайсці шлях, як асімілявацца ў новым для сябе грамадстве. Гэта вельмі смешны, поўны архетыпаў, фільм.


«У крыві» Расмуса Хэйстэрберга

Рэжысёрскі дэбют суаўтара сцэнарыя фільма «Дзяўчына з татуіроўкай дракона», то-бок відавочна Расмус Хэйстэрберг мае ўяўленне пра добрую пабудову карціны, сюжэтную лінію і наратыўную арку. Гэта далікатны фільм — я б сказала нават, хіпстарская гісторыя — пра маладых людзей, якія яшчэ толькі намацваюць сябе ў кар'еры, не маюць сем'яў (імкнуцца да стварэння сям'і альбо не разумеюць, навошта гэта патрэбна), знаходзяцца ў пошуках сваёй самасці, ідэнтычнасці, унутранага спакою і балансу, неабходных для камфортнага існавання. Яшчэ адзін мужчынскі погляд на жыццё — гісторыя чатырох сяброў у выкананні прыгожых акцёраў (практычна выключна дэбютантаў), якая разварочваецца на фоне цудоўнага Капенгагена, і аздобленая цудоўнай музыкай.


«Усім відовішчам відовішча» Бенедыкта Эрлінгсана

Дакументальнае кіно паўночных і балтыйскіх краін увогуле вельмі адметнае. Фільм «Усім відовішчам відовішча» прысвечаны стагоддзю цырка і зманціраваны з архіўных цыркавых запісаў, зробленых з часу яго заснавання. Па сутнасці, гэта нямая стужка, мантажнае кіно, са своеасаблівымі драматургіяй і дынамікай, пабудаванае на цыркавых нумарах, канфліктных момантах, камічных і трагічных сітуацыях. Мы не ведаем, у якіх канкрэтна краінах свету адбываецца дзеянне, — гэта і не важна. Фільм аздоблены музыкай гурта Sіgur Ros, ён дасціпна зманціраваны і ператвараецца ў калейдаскапічнае відовішча.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.