Вы тут

Cіnema Perpetuum Mobіle назваў найлепшы беларускі фільм


Гэтым разам фестываль кароткаметражнага кіно Cіnema Perpetuum Mobіle правёў свае паказы ў культурным цэнтры «Корпус», дзякуючы чаму яшчэ шчыльней наблізіўся да азначэння «альтэрнатыўнай» кінатусоўкі.


Мой знаёмы быў здзіўлены, калі пачуў, што на закрыццё кінафестывалю я іду ў бар (а не ў палац ці кінатэатр). Ён быў бы яшчэ больш здзіўлены, калі б ведаў, як гэты фестываль шосты год існуе без шчодрых спонсараў, акумулюе несціханы энтузіязм кінааматараў і нягледзячы на складанасці прапануе прывабныя праграмы кароткаметражнага кіно. Асобнае месца на Cіnema Perpetuum Mobіle занялі беларускія фільмы, уключаныя ў конкурс «Іронія і праўда» і спецыяльную праграму «новага аўдыявізуальнага» кіно Belaruskі No Wave. Я была запрошана ўвайсці ў склад журы, таму мела дачыненне да вырашэння, якую беларускую карціну назваць найлепшай, — і сёлета не змагла сабе дазволіць быць проста гледачом. Нават узяла з сабой блакноцік.

У конкурс беларускага кіно «Іронія і праўда» і Belaruskі No Wave — праграмы больш эксперыментальнага кіно — увайшло адпаведна шэсць і адзінаццаць ігравых і дакументальных работ. Фармат фестывалю карэлюе з сучаснай беларускай сітуацыяй, бо ў час, калі прафесійнага «вялікага» кіно амаль няма і толькі нячастыя адзіночкі (бо індустрыя не сфарміраваная) трапляюць у фестывальны рух, трэба даць асобную пляцоўку для эксперыментальных работ, за якімі калі не выкананне, то — ідэя. У такіх умовах яно важыць больш і атрымлівае нават нейкі заваблівы арэол. Не заўсёды гэта назавеш прэтэнзіяй на мастацтва кіно, сур'ёзным стаўленнем да спроб аўдыявізуальнага выказвання, важкім словам у сучасным кінакантэксце — часам толькі забавай і гульнёй. Але гэтыя крокі сёння могуць вызваць усмешку, а заўтра прывесці да значных вынікаў. Хто ведае?

Аўтары прадстаўленых у беларускіх праграмах работ эксперыментуюць без бюджэтаў, штату супрацоўнікаў, вялікіх надзей. І мастацтва тут яшчэ трэба пашукаць, магчыма, яго і не знойдзеш. Але, як кажуць, нешта ў гэтым ёсць, і перш за ўсё — зрэз хваляванняў і жаданне эксперыментаваць (ствараць). У беларускім конкурсе самая сур'ёзная тэма і самае ўважлівае да мовы кіно стаўленне праявілася ў рабоце «Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма» фатографа Аляксандра Васюковіча, якая, уласна, і была названая «Найлепшым беларускім фільмам». Вядома ж, не таму, што тут ідзе гаворка пра дамашні гвалт над жанчынамі, а таму, што ў кароткай карціне — менавіта карціне — збегліся дарослае ўзважанае выказванне, выбудаванасць, прадуманасць, нейкі спадзеў на гледача. Выбар журы быў амаль што відавочным, праграму можна нават назваць «Фільм «Кожная трэцяя» і кантэкст, у якім ён выглядае выйгрышна».

Прыз «За арыгінальнасць ідэі» атрымала карціна Стаса Турко «Ума-Муму» пра дарэмныя спробы галоўнага героя падчас тусоўкі знайсці прытулак, каб выкурыць апошнюю цыгарэту. Хуліганская работа з атмасферай, з мантажом, увогуле з канцэпцыяй і яе ўвасабленнем — назва прыза адлюстроўвае галоўнае, чым адметны фільм «Ума-Муму».

Цікавая акалічнасць. На паказах беларускіх фільмаў прысутнічаў прадстаўнік фестывалю ўсходнееўрапейскага кіно ў Котбусе Марсэль Майга (на наступным форуме плануецца паказаць спецыяльную праграму беларускіх фільмаў), які быў таксама ў адным са складаў журы. Яго асабліва здзівіла тое, што значную частку абмеркавання фільмаў з аўтарамі занялі разважанні пра тое, што і дзе ў гэтых работах беларускае. І пытанне, чаму апошнім часам мы так маніякальна імкнёмся вызначыць беларускасць у фільмах нашых аўтараў, сапраўды цікавае і шматзначнае толькі яго з'яўленне.

Сярод беларускіх фільмаў на Cіnema Perpetuum Mobіle паказвалася тры работы фатографаў — «Востраў малака» Сяргея Гудзіліна, «Абед» Максіма Сарычава і ўжо згаданая «Кожная трэцяя». Цікавай аказалася серыя з сырога, але зразумелага і смешнага сіткома «Усе свае». Сырасць увогуле стала якасцю амаль кожнага беларускага фільма, які мы ўбачылі на фестывалі, але з ёй суседнічае нястрымнае жаданне спрабаваць, даследаваць, ствараць нават з адсутнасцю спрыяльных умоў ці нейкіх здольнасцяў.

У падтрымцы гэтага жадання, здаецца, заключаецца фармат міжнароднага фестывалю ў дачыненні да свайго кіно, чаму ён і адбірае з усіх спроб найбольш удалыя і найбольш шматзначныя. Шмат у чым тут праяўляецца беларускае асяроддзе і беларускі парадак дня, у дзвюх карцінах, што атрымалі прызы, — дакладна. Мы ўсё яшчэ шукаем у нацыянальным кіно беларускасць і лічым яе выключна станоўчай якасцю.

Вынікі галасавання журы:

  • найлепшы беларускі фільм — «Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма» Аляксандра Васюковіча;
  • спецыяльная згадка журы беларускага конкурсу «За арыгінальнасць ідэі» — «Ума-Муму» Стаса Турко;
  • найлепшы ігравы фільм — «За сценамі» Х'яна Лоры (Бельгія);
  • найлепшы дакументальны фільм — «Шэсць паверхаў» Аляксандра Наўроцкага (Украіна);
  • найлепшы эксперыментальны фільм — «Вынесены на бераг на досвітку» Бласа Пайры (Іспанія);
  • найлепшы анімацыйны фільм — «Чылі» Марціны Мікушовай (Славакія);
  • найлепшы дзіцячы фільм па выніках галасавання гледачоў — «Даша і людаед» Наталлі Сурыновіч (Расія).

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пра сур'ёзнае маленькімі формамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».