Вы тут

Дзяржаўныя прэміі атрымалі 10 прадпрыемстваў


Учора ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу на саісканне Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці 2016 года. У мерапрыемстве прыняў удзел прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ.


— Камісія па прысуджэнні Прэміі Урада за дасягненні ў галіне якасці прыняла рашэнне аб прысваенні звання лаўрэата 2016 года дзесяці арганізацыям рэспублікі, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Пацвердзілі званне лаўрэата 16 арганізацый, адна стала дыпламантам конкурсу, тры ўдастоены спецыяльных узнагарод.

Уладальнікамі прэміі сталі: «Аўгуст-Бел», «Бабуліна крынка», «Брэсцкі мясакамбінат», «Завод горнага воску», «Лунінецкі малочны завод», «Маладзечанскі малочны камбінат», «Навагрудскі завод газавай апаратуры», «Полацк-Шкловалакно», «Конус» і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.

— Ацэнка на адпаведнасць крытэрыям Прэміі Урада — гэта ацэнка таго, наколькі прадпрыемства гатова працаваць у заўтрашнім дні, — падкрэсліў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар НАЗАРАНКА. — І наколькі прадпрыемства ўжо сёння дасягнула пэўных вынікаў. Для дасягнення гэтай тысячы балаў — максімальна магчымай ацэнкі — трэба шмат чаго зрабіць. Як правіла, большасць нашых арганізацый, нават лаўрэаты конкурсу, працуюць на планцы 700—750 балаў.

На яго думку, гэта сведчыць аб тым, што ў кожнага прадпрыемства ёсць аспекты, у якіх неабходна ўдасканальвацца.

У 2016 годзе конкурс быў праведзены 18-ы раз. За мінулы час яго лаўрэатамі сталі 213 найлепшых арганізацый. Званне лаўрэата Прэміі забяспечвае прадпрыемству рэпутацыю надзейнага вытворцы прадукцыі, спрыяе пашырэнню рынкаў збыту і адкрывае новыя дзелавыя магчымасці.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?