Вы тут

Свята на памежжы адкрые сезон вандровак па Аўгустоўскім канале


Мерапрыемствы пройдуць па абодва бакі — у Беларусі і Польшчы. Арганізатары праграмы назвалі яе вялікім трансгранічным пікніком, які пачнецца 29 красавіка і працягнецца да 1 мая. З першага дня свята пашырацца магчымасці і для турыстаў. Мяжу можна будзе перасякаць не толькі па вадзе, але і сухапутным шляхам — пешшу альбо на веласіпедзе.


 otdyhaem.by

Разбудзіць канал

Апошні красавіцкі ўік-энд дасць старт новаму турыстычнаму сезону. Месцам збору, як заўсёды, будзе тэрыторыя шлюза Дамброўка, аднаго з чатырох, размешчаных на беларускай частцы канала. Каб канал прачнуўся, тут будзе шумна і весела. Свята ўжо стала традыцыйным, з конкурсамі, забавамі, канцэртам. У праграме нямала розных кулінарных шоу: паяданне дранікаў, арыгінальны рэцэпт «бабінай кашы», дэгустацыя шляхецкай і сялянскай кухні. У госці да беларусаў запрошаны і польскія суседзі.

Дарэчы, яны таксама ў гэты дзень ладзяць сваё свята на канале, якое пройдзе каля памежнага шлюза Кужынец. Таму масавыя сустрэчы ўпершыню адбудуцца як па адзін, так і па другі бок. Плануецца правесці шэраг сумесных спартыўных і культурных конкурсаў, сяброўскіх сустрэч. Трансгранічны пікнік зможа наведаць любы ахвотны. Святочнай праграмай, якая будзе доўжыцца тры дні, з беларускага боку займаецца Гродзенскі райвыканкам. У аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі расказалі, што ў гэты дзень будуць катаць на брычцы, а яшчэ павядуць па экскурсійным маршруце з наведваннем дотаў і музея гісторыі Аўгустоўскага канала. Музей, створаны ў былым доміку наглядчыка канала, пачаў працаваць у мінулым годзе, а сёлета папоўніцца новымі экспанатамі.

Бонус для турыста

Арганізатары адзначылі, што ў такім фармаце адкрыццё сезона праходзіць упершыню, бо для наведвання беларускай часткі канала замежным турыстам не патрэбны візы. Бязвізавая прастора займае зону парку «Аўгустоўскі канал» і частку Гродзенскага раёна згодна з указам №318 ад 26 кастрычніка 2016 года.

Дарэчы, трапіць на канал можна праз чатыры пункты пропуску, з якіх два — водныя і працуюць сезонна.

А сёлета замежныя турысты атрымаюць яшчэ адзін важкі бонус. Падчас свята на канале будзе адкрыты веласіпедны рух праз мяжу. Дагэтуль сезонны пункт пропуску «Лясная» (Беларусь) — «Рудаўка» (Польшча) быў толькі водным. Але цяпер уздоўж канала актыўна развіваецца веларух, з'явіліся маршруты, пракладзены веладарожкі, у тым ліку і па праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва.

На адкрыцці турыстычнага сезона плануецца даць старт і новым веласіпедным маршрутам, агульная працягласць якіх складае амаль 50 кіламетраў. На дыстанцыі будуць стаяць указальнікі, знакі і карты-схемы маршрутаў. Аматары актыўнага адпачынку змогуць праехаць на веласіпедзе па абодвух баках унікальнага гідратэхнічнага збудавання XІX стагоддзя, убачыць славутыя мясціны і аб'екты вакол яго.

Перасячы мяжу ў сезонным пункце пропуску змогуць таксама і пешыя турысты.

Карабель плыве

Турысты-воднікі пачынаюць новы сезон міжнародным спартыўным фестывалем «Нёманская вясна». На яго збіраюцца прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны. Сёлета фестываль прайшоў на пачатку красавіка, а вось з 1 мая пачынае дзейнічаць сезонны пункт пропуску, праз які з Польшчы сюды плывуць турысты-байдарачнікі. Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама прагназуюць павелічэнне колькасці арганізаваных груп, асабліва з улікам бязвізавага рэжыму. Каб вандроўнікам было зручней, зімой падрыхтавалі неабходную інфраструктуру — на шлюзах пабудаваны прычалы, зроблены навесы, абсталяваны паходныя лазні, вогнішчы.

Сёлета на канале адбудуцца такія святы, як «Аўгустоўскі канал збірае сяброў» (27 мая), турыстычны злёт моладзі (18 ліпеня), веламарафон «Суседзі» (15 ліпеня), «Бітва дыджэяў» (15 ліпеня), фестываль шансона (29 ліпеня), «Свята мора», «Заплыў на чым папала» (12 жніўня), «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» (26 жніўня), фестываль «Скарбы Гродзеншчыны» (9 верасня), водны марафон (22 верасня).

На гэтым тыдні на канале пачалася навігацыя. У свой першы рэйс пасля зімы адправіўся цеплаход «Нёман». Яго маршрут пачынаецца ў Гродне і завяршаецца на шлюзе Дамброўка, дзе адбываецца шлюзаванне. У дыстанцыі задзейнічаны рака Нёман і Аўгустоўскі канал. Як паведамілі на прадпрыемстве «Гроднамеліявадгас», першай групай сталі літоўскія турысты. І гэта не выпадкова, бо каля 65% бязвізавых гасцей — гэта менавіта грамадзяне Літвы. Яны ўсё часцей наведваюць рэгіён і Аўгустоўскі канал.

Што датычыцца водных прагулак, асобнага графіка не прадугледжана. Цеплаход будзе выходзіць у рэйс па заяўках. Некалькі гадзін у летнія месяцы будзе выдзяляцца ў парадку жывой чаргі. У «Гроднамеліявадгасе» запэўнілі, што плата застанецца на ўзроўні мінулага года і складзе за рэйс 280 рублёў за гадзіну. Гэты кошт размяркоўваецца на кожнага ўдзельніка паездкі. Для «дзікіх» турыстаў цана складае
8 рублёў на чалавека. У дзень цеплаход можа зрабіць да 9—10 рэйсаў. Пакуль гэта адзінае пасажырскае судна на канале. Для турыстаў ёсць магчымасць узяць напракат лодку ці катамаран.

Уладзімір КРАЎЦОЎ, старшыня Гродзенскага аблвыканкама:

— Чым бліжэй лета, тым больш гасцей прыязджае да нас з-за мяжы па бязвізавай схеме. Толькі за выхадныя бывае да 700 чалавек. Таму ў канцы года будзем звяртацца да кіраўніка дзяржавы з прапановай прадоўжыць дзеянне ўказа №318, якім устаноўлены бязвізавы парадак уезду на тэрыторыю Беларусі з турыстычнымі мэтамі на тэрмін да пяці сутак у спецыяльным турысцка-рэкрэацыйным парку «Аўгустоўскі канал» і прылеглых тэрыторыях. Для пашырэння турыстычных магчымасцяў хочам задзейнічаць чыгуначны і паветраны транспарт.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пікнік па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.