Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Небяспечная нумізматыка

...Прыехаў я аднойчы ў сталіцу — сесію здаваць, пасяліўся ў знаёмай бабулькі. І вось сядзім мы неяк, гарбату з пячэннем п'ём... Захацелася пра нешта паразмаўляць. Мне найбліжэй была тэма нумізматыкі.

Бабульку яна не дужа цікавіла, але ж варта было назваць кошты на асобныя з манет (у залежнасці ад года выпуску), як вочы яе загарэліся, а шчокі яўна паружавелі. Не даслухаўшы сказ, гаспадынька падалася ў спальню, нечым пашамацела і вярнулася ў пакой са старым, папяровым пакетам. «Дзесяць па пяць кап.», — прачытаў я на ім.

— Гэта мой муж-нябожчык прынёс, калі ў банку працаваў, — прамовіла жанчына.

Пачырванеўшы яшчэ больш, яна стала адкрываць пакунак з надзеяй, відаць, на хуткі прыбытак. Аднак чым бліжэй былі тыя манеты, тым больш... ненатуральнай чырвань — у яе на твары, на руках, цыраце.

— Апчхі! — гучна выдала бабуля.

Перад ёй ляжалі не манеты, а нейкія жэтончыкі-галышы ў банкаўскай нязмыўнай фарбе. Фарба была і на ёй самой. Спрацавала, трэба разумець, так званая банкаўская пастка — супраць злачынцаў.

Спрабуючы «зняць» яе (змыць пад кранам), бабулька запэцкала мыйку, нейкі посуд, любімы ручнік...

Мне ўсяго было шкада, а найболей — бабулю. Так што тэму нумізматыкі мы з ёй больш не падымалі.

А фарба, між іншым, з рук і твару сышла. Тыдні праз два.

Максім Шастакоў, г. Гомель


Нічога святога. Толькі... бізнес?

Гэту гісторыю гадоў з восем таму расказваў мой сват. Бажыўся, што праўда.

Хлопец адзін (назавём яго Мар'янам) пасля службы ў Пскоўскай дэсантнай дывізіі задумаўся, куды б уладкавацца на працу. Складанасць была ў тым, што сціплыя заробкі ў вёсцы яго, вядома ж, не цікавілі, а па вялікія ў вялікі горад не пускалі бацькі: ім самім ужо цяжка было правіць гаспадарку. Таму хлопец падаўся ў свой райцэнтр, уладкаваўся там у міліцыю і, як здавалася, не прагадаў, бо, прыстаўлены дзяжурыць у банку, ён прыгледзеў там прыгожанькую касірку ды ў хуткім часе прыбіўся да яе ў прымы, у вялікі прыватны дом з ладным кавалкам зямлі.

І «ў шакаладзе» жыў бы, калі б жонка яго не лічыла на працы грошы — досыць вялікія і, на жаль, не свае, калі б не даводзіла мужу (асабліва як дзеці пайшлі), што яго больш талковыя калегі ўжо на машыны сабе зарабілі, а ён, як той дурань, на акладзе голым сядзіць...

Марыку і самому гэта не падабалася, але што ты будзеш рабіць?

«План дзеянняў» выспеў выпадкова. Цешча неяк прабалбаталася, што да іх у бальніцу (яна там кастэлянкай працавала) паступіла дачка галоўнага міліцэйскага начальніка. І ледзьве жывая, бедная, бо, дурніца, дагаладалася да таго, што зараз ледзь не праз трубачку будуць карміць.

«А ёй жа можна дапамагчы, — скеміў тады Марык. — І тым самым дагадзіць — і начальству, і сабе». На матацыкле ён крутнуўся да бацькі на пасеку і прывёз адтуль найлепшага мёду.

Не ўяўляў, як яго аддаць...

І сапраўды — цяжкавата прыйшлося, бо падпалкоўнік у бок сяржанта з нейкім клункам і глядзець не хацеў.

Але ж Марык не маўчаў: казаў, што гэты мёд — дапаможа, што дачка паправіцца. І палкоўнік, як ні касавурыўся, а слоік узяў: чаго не зробіш для свайго дзіцяці.

Што там дапамагло, невядома, але дачка яго акрыяла, нават — як цешча данесла — паправілася на шэсць кілаграмаў! А Марык пасля гэтага стаў працаваць у ДАІ, інспектарам. Цяпер на службовай машыне і вольнай птушкай ён гойсаў па райцэнтры і штрафаваў усіх і за ўсё...

З часам, праўда, паспакайнеў — на нейкія правіны стаў вочы заплюшчваць (не за так, вядома ж). І раздабрэў — «вырас» і ўшыркі, і ў бакі... Калегі сталі зваць яго «пузам», аўтамабілісты — «трыбухом», а цешча — выключна — «Адамавіч», бо здабытчык жа: унукаў за грошы вучыць, жыллё ім у Мінску прыдбаў...

Адно толькі азмрочвала жыццё Мар'яна: мянялася начальства, па-новаму «мяло» і яго, здавалася, вось-вось можа «вымесці». На валаску трымаўся — клопатам патрэбных людзей. А заадно — «шлях да адступлення» рыхтаваў: з бацькавай сялібы аграсядзібу рабіў, і днём і ноччу думаў, чым бы турыстаў туды завабіць. Цішынёй, рыбалкай ды грыбамі? Мала... Усё часцей і часцей ён успамінаў, як салдатам ездзіў у Міхайлаўскае на магілу Пушкіна, якія натоўпы людзей там пракручваліся, колькі грошай, відаць, пакідалі...

Нешта падобнае, па чутках, магло б атрымацца і тут. Быў адзін знакаміты зямляк. І казалі, што прасіўся, каб пахавалі яго на радзіме, на праваслаўных могілках.

Трэба сказаць, што яны, каталіцкія і праваслаўныя, месціліся паміж дзвюма вялікімі вёскамі і ад часоў перабудовы разрасліся так, што «разрыву» паміж імі амаль не засталося. А таму ў Мар'янаву галаву прыйшла «геніяльная» бізнес-ідэя: пахаваць славутага земляка сярод католікаў, бліжэй да ўласнага хутара. «Нябожчыку ж усё роўна, — разважаў ён, — а для мяне яго магіла будзе, што клубніца на торце!»

Зямляк той старым быў і, на жаль, адзінокім, так што смерці яго Мар'ян прычакаў. Потым падмітусіўся, каб менавіта яму даверылі сустрэць жалобны картэж і з мігалкай правесці да патрэбнай свежай магілы.

(Трэба сказаць, што было іх дзве: адну — на праваслаўнай частцы могілак — па камандзе старшыні сельсавета выкапалі мясцовыя далакопы, другую — бліжэй да Мар'янавай сядзібы — цішком «зварганілі» два байкеры, якіх даўно ўжо трэба было пазбавіць правоў.)

Менавіта да гэтай, апошняй магілы, ледзьве жывы ад страху, і «вёў» Мар'ян нетаропкую жалобную працэсію...

Першым непарадак заўважыў старшыня сельсавета: ускочыў у свой «жыгулёк» і памчаў выпраўляць сітуацыю. Мар'ян «уключыў» быў дурня: то казаў, што выконваў загад, то — што выпадкова зблытаў...

Факт, што ўрэшце пахаванне адбылося, — і належным чынам, і ў належным месцы.

Пра тое, дзе яно магло адбыцца, умомант дазналася раённае начальства. І заступацца за Мар'яна ніхто не захацеў.

Такім вось чынам скончылася яго кар'ера, а потым і жыццё, бо ўладкаваўшы аграсядзібу, дарваўся ён да дармавой гарэлкі...

Бог і сапраўды, відаць, не цяля — бачыць круцяля.

А. Васілевіч, г. Мінск


Галоўнае — добра схаваць

Дзіцячыя гады — хай паўгалодныя, але ўспамінаюцца цёпла. Мабыць, таму, што там была мама (яшчэ жывая!), там быў тата, які ведаў проста безліч розных гісторый, і, калі пачынаў расказваць, мужыкі аж заходзіліся ад рогату...

Я, малая, часам не разумела: а з чаго яны так смяюцца?

Зараз жа адну з гісторый паспрабую расказаць сама.

Значыць, некалі на Гарадзеншчыне, адкуль я родам, людзі гналі добры самагон — не нейкую там сівуху, а хлебны, чысты — ну што сляза! (Многім жанкам ён слязьмі і выліваўся, але ж гісторыя пакуль не пра іх.)

...Тая сямейка на ўскрайку лесу жыла, на хутары. Зямлі пры ім не так шмат было, але ж і яе без коніка, без дапамогі людзей не дужа абробіш.

Вось і вырашыў Ясь выгнаць самагонкі. Падумаў, што ёй і наймітаў прасцей зацікавіць, і гасцей пачаставаць — балазе сынок нарадзіўся, хутка хрэсьбіны можна спраўляць...

Заквасілі яны з жонкай брагу, пачакалі, пакуль выхадзіцца, а далей. Ясь з запечка выкаціў цэбар, прыладзіў да яго змеявік-халадзільнік. Толькі-толькі разагрэў, дачакаўся першачку, як суседка ў хату:

— Яська, ратуйся! — крычыць з парога. — У Панаса ўчастковы з упраўляючым... Кажуць, трэсці будуць — гарэлку шукаць.

Гаспадар ад гэтых слоў аж спалатнеў. Тут жа кінуўся разбіраць прылады... А вось куды іх схаваць? Гэта ж не іголка...

Каго іншага ў падобнай сітуацыі, можа, і «заклініла б». Яся ж — наадварот. Ён, бедны, хударлявы быў і высокі як жэрдзь, то змеявік (трубку такую, змяёй сагнутую) прыладзіў на сябе — наверх нацягнуў шаравары, на плечы ўскінуў шырокую світку — парадак. У калыску, што вісела пад столлю, схаваў пяршак. Горш за ўсё было з брагай, бо цэбар жа пад печ не падсунеш...

Ідэю жонка падала: наверх ускінула накрыўку і села, схаваўшы ўсё пад сваёй спадніцай.

(Пад той, што носяць цяперашнія жанкі, мусіць, нічога не схаваў бы? А тады і сукні, і андаракі аж да пятак былі, шырокія...)

Старэйшы сынок іх таксама без справы не сядзеў: вокны-дзверы парасчыняў, каб пах гарэлкі выветрыць.

А тут, глядзіш, і «госьці» ўжо.

Участковы (яго ж не падманеш) адразу да Яся: маўляў, сам пакажаш, дзе што стаіць, ці будзем вобыск рабіць?

— А што вам, паночкі, паказваць? — «не разумее» гаспадар.

— Ды тое, чым займаўся... Пах за вярсту чуваць... Так што не адбрэшашся... А не сам, дык сынок твой раскажа. Ён жа хлусіць не будзе? Малы яшчэ.

І ўжо да дзіцяці:

— Ну, скажы, малец, чым тут татка з мамкай займаліся? Што рабілі? Што дзе схавалі?

Ну малы і выпаліў:

— Тое, у чым зачыналі, — у мамкі пад спадніцай, тое, чым татка рабіў, — у яго ў портках, а тое, што атрымалася, — у калысцы ляжыць. Вунь, дзядзечка, пад столлю...

І такі ён задаволены, што добра адказаў і нават паказаў, што ўчастковы паглядзеў на калыску, для прыліку зазірнуў у каморку, потым плюнуў са злосці, ды пайшоў на двор.

...Байка гэта ці чыстая праўда, ручацца не буду. За што купіла, як той казаў, за тое і прадала.

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.