Вы тут

Што можа ўлада?


Цяпер, калі прайшло даволі гадоў, страсці даўно ўлягліся, а дзве ўдзельніцы гісторыі знаходзяцца на заслужаным адпачынку, можна і прыгадаць тое, што мне было расказана пад грыфам «не для друку». Дык вось, у адным сельскім Савеце працавала старшыня, якая прыйшла туды з пасады дырэктара школы. Марыю Іванаўну, назавём яе так, вёска добра ведала і паважала. І яна ведала ўсіх, што і нядзіўна, большая частка маладога пакалення хадзіла ў свой час у яе вучнях. Сама ж старшыня ў раёне была чалавекам адметным, вылучалася энергічнасцю, уменнем знаходзіць кантакт з людзьмі. На тэрыторыі яе сельсавета рэалізоўваліся добрыя ініцыятывы, знаходзілі ўвасабленне значныя праекты. Гэта яна ці то жартам, ці то ўсур'ёз гаварыла калегам, якія прыходзілі з пасад старшынь калгасаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў: «Гэтыя мужыкі прывыклі кіраваць з грашыма, а ты паспрабуй без грошай пакіруй!» Яе потым доўга цытавалі. А сама яна кіравала. І ў яе атрымлівалася...


Менавіта да гэтай старшыні сельвыканкама аднойчы прыбегла былая вучаніца ўся ў слязах: «Дапамажыце, Марыя Іванаўна! Муж сышоў з сям'і». — «Што ж я магу?» — нават разгубілася старшыня.

— Але ж вы ўлада! — ажно рыдала маладая маці.

Потым крыху супакоіўшыся, маладзенькая жанчына расказала сваю кароткую сямейную гісторыю. Сябравалі з будучым мужам са школы, пажаніліся не адразу. Што называецца, каханне, праверанае гадамі. І ўсё ў іх было добра. Бацькі дапамаглі набыць дом, жыллё добраўпарадкаванае, усё ў доме ёсць. Нарадзіўся сынок. А тут мужу падвярнулася работа ў райцэнтры з большай зарплатай. Ездзіць не так і далёка, графік прымальны, два выхадныя. Год праездзіў, а потым... сустрэў нейкую жанчыну і застаўся ў яе жыць.

Спадзявалася, можа, адумаецца, вернецца. Нават суседзям хлусіла пра камандзіроўкі нейкія. Лічыла, што ніхто не ведае. Аднойчы без нічога ніякага папрасіла суседа лесвіцу паставіць, каб на гарышча залезці. Тут жа прыляцела суседка і давай сварыцца: «Свой сышоў, дык ты чужых зазываеш» і далей, не падбіраючы слоў ды выразаў. Ледзь не звалілася з той лесвіцы: аказваецца, усе ўсё ведаюць. Кінула работу ды пабегла да старшыні. «Хіба так можна рабіць, хіба гэта правільна?» — зноў скрозь слёзы не то пытала, не то сцвярджала маладая жанчына.

Думала, разважала Марыя Іванаўна, як падступіцца да гэтай справы і ці варта падступацца наогул, але вырашыла ўсё-такі з маладым чалавекам пагаварыць. Запрасіла, гаварыла амаль як настаўніца з вучнем, старалася растлумачыць, якую адказнасць бярэ на сябе чалавек, калі стварае сям'ю, заводзіць дзяцей. Ён і паводзіў сябе як вучань, не пярэчыў, але і нічога не абяцаў. Выглядаў разгубленым, заклапочаным, прыгнечаным. З тым і пайшоў.Тады старшыня сельсавета папрасіла старшыню райсавета пагутарыць з той, гарадской, жанчынай.

Як потым расказвала аўтару гэтых радкоў кіраўнік раённай прадстаўнічай улады, яна таксама ніколі раней не займалася такой далікатнай справай. І прызналася, што пабойвалася наткнуцца на рашучы адпор накшталт «хоць ты і ўлада, але не сунь носа ў асабістае жыццё людзей» або яшчэ горш — на элементарную грубасць. Толькі адбылося зусім інакш. Жанчына прыйшла ў прызначаны тэрмін. Уважліва выслухала, што ёй казалі. І раптам разгаварылася. Сказала, што асабістае жыццё ў яе не складвалася, а тут на работу да іх прыйшоў ён, і неяк адразу ўзнікла ўзаемная сімпатыя. Не таіла, што хацела ўладкаваць сваё жыццё. Потым сказала, што яна ўсё разумее, і калі ён вырашыць вярнуцца ў сям'ю, яна пярэчыць не будзе.

На той час, калі мы гутарылі з Марыяй Іванаўнай, у маладой сям'і ўсё наладзілася. У іх ужо расло двое дзетак. А старшыня сельсавета нават трошкі ганарылася, што стала для іх у нейкі момант амаль хроснай маці.

Цяпер старшыні і сельскага, і раённага Саветаў на пенсіі. Думаю, што маці таго вясковага сямейства не раз успамінала з удзячнасцю мудрых і чулых жанчын. Я пра тое, што ў жыцці ніколі няма гатовага рэцэпта на вырашэнне любой праблемы. Здавалася б, якое права мае нехта старонні, хай сабе і надзелены пэўнай уладай, умешвацца ў асабістае жыццё? І думаю, што многія з маладых цяперашніх калег маіх гераінь нават не разглядалі б для сябе такую магчымасць. Навошта лішнія клопаты, тым больш не вельмі прыемныя? За гэта ж ніхто не спытае, не будзе крытыкаваць вышэйстаячае начальства. Але часам патрэбна бывае інтуіцыя, а не інструкцыя, дзе праявіць чалавечую ўвагу, нават спагаду, каб падказаць, падштурхнуць альбо выправіць памылку. І, як бачым, спрацоўвае. Хай сабе ў адным выпадку са ста.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».