Вы тут

Чуткі, здагадкі і праўда пра абавязковы адпачынак для таты


У нашай краіне разглядаецца пытанне аб увядзенні абавязковага сацыяльнага водпуску для бацькі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Гэтая навіна ўжо паспела абрасці рознымі чуткамі, здагадкамі, думкамі і каментарыямі. Давайце ўсё ж такі разбяромся, што гэта такое і навошта патрэбна падобнае новаўвядзенне.


Ды­рэк­тар ад­ной са ста­ліч­ных ка­вяр­няў Кі­рыл Буд­коў­скі  з да­чуш­кай (зды­мак з вы­ста­вы «Мі­сія та­ты», якую ла­дзіў Фонд ААН у га­лі­не на­ро­да­на­сель­ніц­тва ў Бе­ла­ру­сі).

Адпачынак абавязковы для наймальніка, а не для бацькі

— Гэта не дэкрэтны водпуск, — адразу ўдакладняе загадчык цэнтра сацыяльна-дэмаграфічных даследаванняў Навукова-даследчага інстытута працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Красоўская. — Дэкрэтны водпуск — гэта водпуск па цяжарнасці і родах, і ў яго можа сысці толькі мама. Але ва ўсім свеце ёсць яшчэ водпуск па доглядзе за дзіцем. У нас ён складае тры гады, і сыходзяць у яго таксама ў пераважнай большасці мамы.

Цяпер, па словах Наталлі Красоўскай, прапрацоўваецца пытанне аб тым, каб тата таксама мог пайсці ў кароткатэрміновы водпуск для аказання дапамогі па доглядзе за дзіцем. Гэта асабліва важна ў першыя, самыя цяжкія дні, калі мама і немаўля адаптуюцца да новых рэалій.

У прынцыпе і сёння, згодна з Працоўным кодэксам (арт. 185), бацька мае права на сацыяльны водпуск да 30 сутак па доглядзе за дзіцем. Гэта так званы водпуск па сямейных абставінах. Аднак яго прадастаўленне або непрадастаўленне поўнасцю залежыць ад жадання работадаўца.

— Бацькаўскі водпуск азначае, што тата будзе мець права ўзяць яго адразу пасля нараджэння малечы ці ў любы іншы зручны час, на працягу якога яго жонка знаходзіцца ў дэкрэце (такім чынам, гэта не значыць, што мама павінна будзе выйсці на работу, яны будуць даглядаць малое разам), — тлумачыць Наталля Красоўская.

Пры гэтым эксперт акцэнтуе ўвагу на тым, што слова «абавязковы» тут адносіцца не да бацькі, які будзе вырашаць сам, патрэбны яму такі водпуск ці не, а да работадаўца. Гэта значыць, калі мужчына вырашыў сысці ў водпуск у сувязі з нараджэннем дзіцяці, работадавец не будзе мець права адмовіць яму.

Паводле слоў спецыяліста НДІ працы, зараз створана міжведамасная рабочая група, у якую, акрамя заканадаўцаў, увайшлі навуковыя супрацоўнікі, прадстаўнікі аб'яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў, міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя і інш.

На сёння бацькаўскі водпуск уведзены больш чым у 25 краінах свету. Ён прадастаўляецца практычна адразу пасля нараджэння дзіцяці, а яго працягласць вар'іруе ад 1 дня да 13 тыдняў. Часцей за ўсё такі водпуск даецца на два тыдні. Дзесьці яго цалкам аплачвае наймальнік альбо наймальнік напалову з прафсаюзамі, ёсць і неаплатныя варыянты. Найбольш прагрэсіўнае заканадаўства ў гэтай сферы, па словах экспертаў, — у скандынаўскіх краінах.

Мужчына, у якога ёсць дзеці, больш клапоціцца пра сваё здароўе

Намеснік прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі Алена Касько, кажучы аб неабходнасці бацькаўскага водпуску, звяртае ўвагу на працягласць жыцця мужчын і жанчын у Беларусі. Жанчыны ў нас жывуць больш за мужчын у сярэднім на 11 гадоў, тым часам як у іншых краінах такога вялікага разрыву не назіраецца. Пры гэтым прычына меншай працягласці жыцця мужчын у немалой ступені звязана з высокім ужываннем алкаголю і тытуню, але не толькі. Яны ў 3,5 раза больш паміраюць ад знешніх прычын: гэта няшчасныя выпадкі, прафесійны траўматызм, атручванні, забойствы, самагубствы. Пры гэтым навукова даказана, што мужчыны, якія праводзяць больш часу са сваімі дзецьмі, схільныя да менш рызыкоўных паводзін і лепш клапоцяцца пра сваё здароўе.

Алена Касько адзначае, што клопату пра дзяцей, звязанага з тым, каб накарміць іх, апрануць, забяспечыць неабходным, — мала. Даследаванні паказваюць, што інтэлектуальны і эмацыянальны кантакт з малечай — выхаванне і гульні — вельмі важны, а ў Беларусі ён знаходзіцца на даволі нізкім узроўні, бо ў дарослых не хапае на гэта альбо часу, альбо жадання. Між тым сацыяльныя даследаванні даказваюць, што дзеці, якія праводзяць час з абаімі бацькамі, лепш вучацца, яны эмацыянальна больш стабільныя і наогул больш паспяховыя ў жыцці.

— Вельмі важна прыцягваць бацькоў да выбудоўвання адносін з дзецьмі з самага ранняга ўзросту, а не па прынцыпе «падрасце, вазьму з сабой у гараж ці на рыбалку», якім традыцыйна кіруюцца многія, — згодны з экспертам сямейны псіхолаг, каардынатар праекта «Тата-школа» ў Беларусі Раман Кручкоў.

Тата-групы ў Мінску збіраюцца з 2009 года. За гэты час праз іх прайшло каля 500—600 бацькаў і нават дзядуляў, якія хочуць стаць бліжэйшымі да сваіх унукаў, прызнаючы, што ў свой час не змаглі гэта зрабіць са сваімі дзецьмі і цяпер хочуць выправіць памылкі.

Дарэчы, адзін малады тата, які прайшоў такую тата-школу, на пытанне аб тым, што яму далі цесныя зносіны з маленькім сынам, адказаў проста: «Дзеці хутка пазбаўляюць ад эгаізму». І гэта яшчэ адзін бонус бацькаўскага водпуску, які да таго ж умацоўвае сямейныя сувязі.

У тэму

У Швецыі на час такога сацыяльнага водпуску за мужчынам захоўваецца 90% ад заработнай платы, у Італіі і Нарвегіі ён не аплачваецца. У Бельгіі такі водпуск аплачвае наймальнік: першыя тры дні захоўваецца 100% заробку, астатнія 82 дні дзейнічаюць пэўныя абмежаванні.

У Эстоніі і Венгрыі за бацькам таксама захоўваецца 100% заробку, водпуск аплачваецца дзяржавай. Польшча дае аплатныя два тыдні. У Славеніі першыя 15 дзён захоўваецца 90% заробку, але не больш, чым дзве сярэднія зарплаты, астатнія 75 дзён не аплачваюцца.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by


Па апошніх звестках, таты атрымаюць магчымасць «сядзець з малымі» не менш за 20 дзён. Наколькі беларускае грамадства падрыхтавана да такога новаўвядзення? Карэспандэнт «Звязды» выслухала рознабаковыя меркаванні.

Міхаіл Крыватулаў, бацька чацвярых дзяцей: «Шчыра кажучы, сам сядзеў з дачкой сем гадоў таму. У адпачынак прыйшлося пайсці па жыццёвых абставінах. З жонкай мы разышліся, а дзве дачкі засталіся пры мне. Спачатку было складана, але потым звыкся. Як цяпер памятаю — баяўся спаць уначы. Я вельмі моцна засынаю, дык хваляваўся, каб з дзіцем што-небудзь не здарылася. Праз некаторы час ажаніўся другі раз. Сёння я самы шчаслівы на свеце бацька чацвярых дзяцей. З малымі сядзіць жонка, а я зарабляю грошы... Сем'і розныя бываюць як па даходах, так і ў маральным плане. Таму ўсё вырашаць трэба ў сям'і».

Ірына Альхоўка, старшыня праўлення МГА «Гендарныя перспектывы», член Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў: «Акрамя ўвядзення абавязковага водпуску для татаў, у рамках новага Нацплана разглядаецца пытанне аб усталяванні святочнага дня — Дня бацькі. Я станоўча стаўлюся да абедзвюх ініцыятыў. Бацькаўскі водпуск — гэта міжнародная перадавая практыка, якая дазваляе павялічыць унёсак мужчын у выхаванне дзяцей. Гэта спрыяе як інтарэсам дзіцяці, так і раўнапраўнаму размеркаванню абавязкаў у сям'і. Жанчыны расходуюць на вядзенне гаспадаркі і выхаванне дзяцей у тры разы больш часу, чым мужчыны. Даследаванні паказваюць, што рост колькасці бацькаў, якія бяруць адпачынак па доглядзе за дзіцем, залежыць ад дзвюх прычын — яго працягласці (не менш за 14 дзён) і памеру аплаты (не менш як 50% ад зарплаты). Я лічу, што калі мужчына будзе ўмець мяняць падгузнік, то гэта ніяк не падарве яго мужнасці. Дзень бацькі — гэта сімвалічнае свята, якое неабходна для павышэння прэстыжу бацькоўства, у першую чаргу сярод саміх татаў і ў грамадстве ў цэлым».

Нэлі Ксяневіч, псіхолаг, аўтар кніг пра мастацтва жыць: «У мяне на гэты конт ёсць цікавая ідэя: калі б у дэкрэт спачатку ішла маці, а потым бацька — гэта наогул ідэальны варыянт. За яго я плаціла б у два разы больш. Тата павінен пакаштаваць мамінага хлеба, каб дзіця да яго прывязалася. Але ж і маці не павінна адвыкаць ад немаўляці. З пункту гледжання псіхалогіі, малому надзвычай неабходная маці ў першыя паўтара года жыцця. Калі цалкам у дэкрэт выходзіць бацька, то мы пазбаўляем дзіця вельмі важнага складніка. Ёсць адваротны бок і ў выпадку, калі маці ўвесь час сядзіць з малым: максімум шлюбных здрадаў прыпадае на час цяжарнасці жонкі і пасляродавы перыяд. Я лічу, што вельмі разумна, каб кожны з партнёраў браў на сябе гэты абавязак па чарзе. Монакультура, калі жанчына — гэта кухня і дзеці, а мужчына — бізнес, засталася ў мінулым. Сёння жанчына актыўная ў соцыуме, а значыць, мужчына павінен дапамагчы ёй дома».

Вераніка Сярдзюк, кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля»: «Не разумею, навошта гэтае новаўвядзенне? У нас жа прадугледжана магчымасць любому родзічу малога аформіць на сябе водпуск па доглядзе і сядзець з дзіцем. Ці будуць гэтыя 20 дзён стымуляваць бацькаўскія пачуцці, ці карысна гэта для малога? Справа ў тым, што, сыходзячы з псіхалогіі ранняга перыяду развіцця дзіцяці, да двух гадоў малому неабходны толькі адзін персанальны дарослы. Пажадана маці, бо ён звыкся з ёю ўжо падчас цяжарнасці. Догляд за немаўлём — гэта цяжкая праца з гледжання заўсёднага напружання ўвагі, а жанчына на фізіялагічным узроўні больш прыстасаваная да гэтага. А вось тата далучаецца да выхавання дзесьці пасля трох гадоў, адкрываючы малому свет соцыуму. Таго часу, што бацька аддае малому пасля работы і на выхадных, дастаткова. Калі сужэнцы думаюць інакш, яны заўсёды могуць памяняцца месцамі ў дэкрэце. А вось абавязваць татаў сядзець з дзецьмі — гэта крыху смешна. Калі даводзіць ідэю гендарнай роўнасці да лагічнага завяршэння, тады неабходна патрабаваць абавязковай службы ў арміі для жанчын, а то нейкая дыскрымінацыя атрымліваецца!»

Даведка «Звязды»

Летась водпускам па доглядзе за дзіцем у Беларусі скарысталіся больш за 302 тысячы чалавек. Сярод іх — 3097 мужчын. Гэта не толькі таты, але і дзядулі. Атрымліваецца, што ў нашай краіне толькі 1% мужчын карыстаецца заканадаўчай магчымасцю водпуску па доглядзе за дзіцем.

Разам з тым дэкрэты для татаў сталі папулярнай альтэрнатывай у розных краінах свету. У Швецыі такой магчымасцю карыстаецца каля 80% бацькаў. У Партугаліі мужчыну пагражае штраф, калі ён не ахвяруе на дзіця пяць дзён дэкрэту. У Японіі таты ідуць на вымушаны водпуск па доглядзе за малым на 40 дзён.

Вераніка Уласевіч

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Фота Аляксандра ЖДАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Вусаты нянь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».