Вы тут

Прэзідэнт здзейсніў рабочую паездку ў Гомельскую вобласць


Прэзідэнт пра пасяўную, мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі, бізнес і падзеі ў свеце

Падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на дзве тэмы. Першая — традыцыйная для вясновай пары — пасяўная кампанія. Другая — стан і перспектывы развіцця дрэваапрацоўчай галіны, у мадэрнізацыю якой дзяржава ўкладвае істотныя сродкі.


Аляксандр Лукашэнка, знаёмячыся з ходам вясновых палявых работ у саўгасе «Выток» Рэчыцкага раёна, цікавіўся, ці дастаткова сховішчаў для насення, якія ёсць праблемы па пасяўной, ці хапае мінеральных угнаенняў, паліва. Кіраўнік дзяржавы асабліва закрануў тэму эканомнага і беражлівага стаўлення да рэсурсаў. «Давядзіце да ўсіх: эканомія павінна быць вельмі жорсткай, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — Навядзіце парадак са спажываннем паліва». Што да мінеральных угнаенняў, то павінна быць тэхналагічная дысцыпліна іх выкарыстання. Каб каштоўныя дабаўкі не гінулі дарма, іх неабходна выкарыстоўваць строга па правілах — у патрэбны час.

Для знаёмства з ходам мадэрнізацыі ў сферы дрэваапрацоўкі Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства «Рэчыцадрэў», дзе пакуль адпаведны працэс не завяршыўся.

«У свой час мной было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, — нагадаў Прэзідэнт. — Гэта пацягнула за сабой і мадэрнізацыю мэблевых прадпрыемстваў». Аляксандр Лукашэнка прывёў словы віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, які займаўся ва ўрадзе мадэрнізацыяй: калі б тады не было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі нашых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, яны сёння не існавалі б — ні адно прадпрыемства. Яны б памерлі на рынку, ніхто б не набываў прадукцыю.

«Дзякуй богу, што ў свой час схамянуліся, прынялі рашэнне па мадэрнізацыі, сыходзячы з таго, што ў нашай краіне ёсць сыравіна», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падчас наведвання «Рэчыцадрэва» падкрэсліў чарговы раз: забяспечыць людзям сярэднюю зарплату па краіне ў 1000 рублёў — стратэгічная задача для ўлады.

«Я настойваю на гэтым не таму, што нейкі страх перад людзьмі, што недзе ў вас тут у Рэчыцы 15 чалавек выйшлі на плошчу, — сказаў Прэзідэнт. — Не ў гэтым справа. 1000 рублёў — гэта той мінімум, які мы павінны дапамагчы людзям зарабіць. А далей — варушыцеся самі ў сваіх калектывах. Мы будзем, натуральна, падштурхоўваць — і кіраўнікоў, і ўрад. Але гэты бар'ер, які ў нас некалі быў, трэба аднавіць — 500 з лішнім долараў мы ўжо мелі зарплату».

Кіраўнік краіны звярнуў увагу, што ў Рэчыцы невялікая колькасць непрацаўладкаваных людзей, але тым не менш і для іх важна знайсці і прапанаваць работу.

«Арганізуйцеся, у вас нядрэнны калектыў. Час няпросты, але мы ўжо бачым святло ў канцы тунеля, асабліва ў вас, на вашым прадпрыемстве», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да супрацоўнікаў «Рэчыцадрэва».

*  *  *

Супрацоўнікі прадпрыемства мелі магчымасць спытаць у кіраўніка дзяржавы пра тое, што іх хвалюе. Як заўсёды, Прэзідэнт даў вычарпальныя адказы.

Пра развіццё і добраўпарадкаванне гарадоў

Азнаёміўшыся з Рэчыцкім раёнам з верталёта, а таксама праехаўшы па горадзе, Прэзідэнт застаўся задаволены ўбачаным, паколькі ўсюды адчуваўся гаспадарлівы падыход. «У Рэчыцы парадак, малайцы», — пахваліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён пажартаваў, што трэба праехаць па ўсіх райцэнтрах, тады хутчэй усюды навядуць парадак.

Закрануўшы тэму добраўпарадкавання і асабістай адказнасці кожнага за тое, што адбываецца ў яго родным населеным пункце, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што кожны па магчымасці можа ўнесці ўклад у тое, каб яго малая радзіма была дагледжанай і прыгожай.

Адказваючы на пытанні працаўнікоў калектыву, кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў перамены, што адбыліся тут, і выказаў упэўненасць у добрых перспектывах развіцця прадпрыемства.

Пра развіццё бізнесу

«Мы ствараем умовы для людзей. Гэта дало вельмі моцны штуршок не толькі ў раённых цэнтрах, нават у аграгарадках і пасёлках. Зараз самім людзям трэба варушыцца. У найбліжэйшы час мы прымем рэвалюцыйныя рашэнні па прадпрымальніцтве, па бізнесе. Ты прыйшоў, заяву пакінуў, што хочаш займацца гэтай справай, у падатковай інспекцыі зарэгістраваўся — і пайшоў працаваць. Пажарнікі, санстанцыя — усё будзе скарочана да мінімуму. Рашэнне прынята, у найбліжэйшы час нарматыўна-прававы акт ляжа на стол да Прэзідэнта, і мы цалкам разняволім гэтую ініцыятыву».

Галоўнае — гэта жыццё і бяспека людзей. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: кіраўнікам будуць дадзены ўсе неабходныя правы і паўнамоцтвы, у той жа час і поўную адказнасць будуць несці менавіта яны.

Пра падзеі ў Сірыі

Цікавіліся прадстаўнікі калектыву «Рэчыцадрэў» і нядаўнімі сусветнымі падзеямі, бамбардзіроўкай Сірыі, параўноўваючы знешнепалітычную сітуацыю з халоднай вайной.

«Калі я пра гэта даведаўся і пачуў, я проста вельмі шкадаваў, вельмі. Я больш глыбока гляджу на гэтыя праблемы. Але вырашаць унутрыпалітычныя пытанні за кошт знешняй такой агрэсіўнай палітыкі — гэта не той шлях. Сёння ўжо нават Амерыка ў адзіночку, і нават са сваімі найбліжэйшымі натаўскімі саюзнікамі свет не можа перавярнуць або кіраваць нават усім светам. Трэба абмяжоўваць свае апетыты і займацца тым, дзе твае інтарэсы. А яны — у Паўночнай Амерыцы перш за ўсё», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

На погляд беларускага лідара, Трампа падвяла эліта ЗША. «У іх не такая прэзідэнцкая ўлада, як, дапусцім, у Беларусі. Склалася сітуацыя, што яму трэба даказваць, што ён нешта можа, што можа кіраваць краінай. А там не даюць. Некаторыя прэзідэнты, каб вырашыць унутрыпалітычныя пытанні, спадабацца людзям, ціснуць на кнопкі».

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што перш чым рабіць такія сур'ёзныя дзеянні, неабходна грунтоўна разабрацца ў сітуацыі. У прыклад Прэзідэнт прывёў знешнюю палітыку Кітая. Гэта магутная дзяржава, якая мае сучаснае ўзбраенне, не ўвязваецца ў міжнародныя канфлікты, — краіна працуе над развіццём сваёй эканомікі і сёння з'яўляецца сусветным лідарам па многіх пазіцыях.

Што датычыцца процістаяння Расіі і Амерыкі, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэтыя дзве ядзерныя імперыі не дойдуць да адкрытага сутыкнення. «Я так думаю, ідзе інфармацыйная вайна. Адзін аднаго пужае, і нас імкнуцца запужаць. Ні Расія, ні Амерыка на «чырвоную кнопку» не націснуць, бо гэта будзе знішчэнне Амерыкі і Расіі, — столькі назапашана ядзернай зброі. А дзе гарантыя, што ў гэтую бойню не ўвяжуцца Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Ізраіль, Пакістан, у якіх ёсць ядзерная зброя? Не думаю, што ўжо дойдзе да таго, што нехта возьмецца за ядзерную кнопку, але свет падышоў да вельмі небяспечнай рысы. Ніколі яшчэ гэтага не было»...

Пра адмену віз

Было пытанне і пра тое, ці разлічвае Беларусь на аналагічныя крокі з боку іншых краін на пяцідзённы бязвізавы рэжым. Прэзідэнт паведаміў, што гэта задача МЗС — пастаянна весці адпаведныя перамовы. У той жа час, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што больш зацікаўлены ў тым, каб замежнікі прыязджалі да нас, прывозілі свае грошы, знаёміліся з Беларуссю.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Час рупіцца і працаваць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.